Вы тут

Трэба звярнуць увагу на карысныя для краіны дасягненні навукі


На ўсе карысныя для краіны распрацоўкі і дасягненні ў галіне навукі і тэхнікі трэба звярнуць сур'ёзную ўвагу

Учора Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка наведаў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансплантацыі органаў і тканак 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з распрацоўкамі, вылучанымі ў 2016 годзе на саісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі.


«Трэба паглядзець на ўсіх распрацоўшчыкаў, мы павінны на іх звярнуць сур'ёзную ўвагу. Калі мы не змаглі ім прысвоіць лаўрэатаў дзяржаўнай прэміі, адбярыце гэтыя работы (калі відаць, што эфект каласальны і яна заслугоўвае, прынамсі, увагі), падумайце і ўнясіце мне прапановы, што мы будзем рабіць з гэтымі людзьмі і работамі. Так, усе не павінны дзяржпрэміі атрымліваць, таму што гэта ўжо будзе абязлічванне. Але яны заслугоўваюць іншага заахвочвання», — заўважыў кіраўнік дзяржавы, даручыўшы таксама Адміністрацыі Прэзідэнта прааналізаваць, які эканамічны эфект для краіны прынеслі навуковыя работы, што атрымалі дзяржаўныя прэміі ў папярэднія гады.

Аляксандр Лукашэнка падрабязна азнаёміўся з кожнай работай, якая была вылучана ў 2016 годзе на саісканне Дзяржаўнай прэміі ў галіне навукі і тэхнікі, паведамляе БЕЛТА. Гэта былі распрацоўкі і праекты ў сферы трансплантацыі органаў, прамысловасці, машынабудавання, сельскай гаспадаркі, нафтаздабычы, будаўніцтва, тэхналогій і гісторыі.

Многія з іх сталі добрым прыкладам імпартазамяшчэння. Напрыклад, калектыў аўтараў з Нацыянальнай акадэміі навук стварыў банк генетычных рэсурсаў сельскагаспадарчых і лясных раслін для забеспячэння харчовай і біялагічнай бяспекі краіны. Дзякуючы ім цяпер у Беларусі можна будзе вырошчваць гарчыцу, гэта дасць магчымасць прадпрыемствам не імпартаваць яе насенне з-за мяжы для вытворчасці прыправы.

Супрацоўнікі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта распрацавалі эфектыўную металічную структурную канструкцыю, якая выкарыстоўвалася пры будаўніцтве Летняга амфітэатра ў Віцебску, стадыёна «Спартак» у Магілёве, будынка Нацыянальнага алімпійскага камітэта і «Мінск-Арэны», а таксама іншых аб'ектаў. Нядаўна беларускія спецыялісты спраектавалі пакрыццё (дах у выглядзе купала) для будынка Траццякоўскай галерэі.

Прэзідэнт зацікавіўся цыклам навуковых работ «Вытокі беларускай дзяржаўнасці: Полацкая і Віцебская землі ў ІX—XVІІІ стагоддзях». Праведзеныя даследаванні паказалі, што беларуская дзяржаўнасць пачала фарміравацца ў сярэдзіне ІX стагоддзя — са стварэннем Полацкай зямлі. Станаўленне Полацка ў якасці цэнтра гэтага дзяржаўнага ўтварэння ажыццяўлялася на мясцовай племянной аснове, у той час як у Ноўгарадзе і Кіеве для гэтага запрашалі варагаў. Нават пазней Полацкія землі, уваходзячы ў склад Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, развіваліся аўтаномна.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што сёння ідзе праца над новымі падручнікамі і гэтыя моманты станаўлення беларускай дзяржавы ў іх абавязкова трэба адлюстраваць. «Трэба прапісаць і ўкараніць у розумы нашых людзей праўду, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Тут калі і ёсць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы».

Кіраўнік дзяржавы таксама правёў паралель з сучаснасцю. «Мы сапраўды сябе стварылі, і з намі лічыліся тады. Усё гэта сугучна і актуальна цяпер, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Сёння некаторыя пад выглядам «дармаедства», яшчэ чагосьці спрабуюць гэтую лодку разгайдаць і даказаць нам, што гэта не нашы зямлі, а чыесьці. Таму для нас гэта вельмі актуальна. «Дармаеды» павінны ведаць, што іх проста спрабуюць сёння выкарыстоўваць у самых карыслівых мэтах, каб разбурыць тое, што ёсць, знішчыць на корані тое, што мы адрадзілі, каб не даць нам замацавацца».

Падчас наведвання РНПЦ Прэзідэнт азнаёміўся з работай цэнтра, пагутарыў з пацыентамі і даручыў прапрацаваць пытанне аб мэтазгоднасці стварэння ў Беларусі асобнага новага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак (сёння ўстанова функцыянуе на базе 9-й клінічнай бальніцы Мінска). Работа па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій трансплантацыі органаў у дзяцей і дарослых у 2016 годзе вылучана на саісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі.

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Заўважыць і заахвоціць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».