Медыцынскі турызм быў папулярны яшчэ да ўвядзення бязвізавага ўезду для замежнікаў у нашу краіну. Для нас цэннікі на медпаслугі кусаюцца, для замежнікаў яны цалкам прымальныя, таму што ў іх усё, што не ўваходзіць у страхоўку, вельмі дарагое. У Беларусі для замежных грамадзян дзейнічае павышаны тарыф на медпаслугі не толькі ў дзяржаўных установах сістэмы аховы здароўя, але і ў некаторых прыватных.
Прэйскурант за сямю пячаткамі
За рамкамі нашага агляду засталіся платныя аперацыі для замежнікаў у цэнтры трансплантацыі органаў і тканак, лячэнне ў стацыянарах і пластычныя аперацыі. Мы разгледзім тыя медпаслугі, якія можна атрымаць за 5 бязвізавых дзён.
За такімі паслугамі ў Беларусь па традыцыі прыязджаюць былыя суайчыннікі, якія цяпер жывуць за мяжой. Таксама ёсць некалькі фірмаў, якія займаюцца выключна медыцынскім напрамкам турызму. Мы ж разгледзім сітуацыю, калі індывідуальны турыст хацеў бы палячыць зубы, ці зрабіць некаторыя абследаванні.
Пачнём з таго, што на сайтах такіх буйных медцэнтраў як "ЛАДЭ ", "Нардзін" і "Экамедсэрвіс" няма прэйскурантаў з коштамі. Гэта значыць замежніку, роўна як і беларусу, трэба альбо тэлефанаваць, альбо пісаць, каб даведацца кошт паслуг.
У "ЛАДЭ", напрыклад, амаль усе паслугі каштуюць аднолькава для сваіх і гасцей, асобны кошт для замежнікаў ёсць на МРТ і КТ. У "Экамедсэрвісе" таксама сказалі, што цэны залежаць ад зместу паслугі. У стаматалагічным падраздзяленні гэтага медцэнтра два прэйскуранты — для сваіх і замежных грамадзян.
У "Дэнтка" прэйскурант адзіны для ўсіх, а лячэнне аднаго карыёзнага зуба абыдзецца ў 90—135 рублёў.
У МЦ "Нардзін" на ўсе паслугі распрацавана два прэйскуранты. Замежнікі плацяць у беларускіх рублях па курсе Нацбанка. Англамоўная версія сайта з трох МЦ ёсць толькі ў "ЛАДЭ". "Нардзін" прысвяціў замежнікам раздзел "Нерэзідэнтам" на рускай мове з прыкладным указаннем кошту паслуг.
Замежнікі двух гатункаў
Камерцыйныя медцэнтры самі вырашаюць, па якой цане аказваць паслугі, у дзяржаўных жа медустановах практыка фарміравання цэн у залежнасці ад грамадзянства існавала заўсёды. Мы даведаліся, колькі каштуе зрабіць ультрагукавое даследаванне органаў брушной поласці ў сталічных бальніцах. Дарэчы, тры выпадкова выбраныя клінікі маюць англамоўныя версіі сайтаў, таксама на іх ёсць прэйскуранты цэн для рэзідэнтаў і замежнікаў. Найчасцей замежнікі падзяляюцца яшчэ на дзве групы: СНД і далёкае замежжа.
|
Беларусь |
СНД |
Далёкае замежжа |
2-я бальніца |
22,98 BYN |
31,25 BYN |
142.01 BYN |
4-я бальніца |
21.71 BYN |
34.33 BYN |
34.33 BYN |
Лечкамісія |
29.58 BYN |
63.38 BYN |
125.27 BYN |
BYN Іншаземец ты ці беларус, але перш чым ісці па платныя медпаслугі, трэба азнаёміцца з коштамі. Калі гадоў 7 таму мы былі ўпэўненыя, што ў дзяржмедустановах платныя паслугі значна таннейшыя, чым у камерцыйных медцэнтрах, то цяпер гэта не факт. Напрыклад, даследаванне індэкса НОМА-ІR у Мінскім эндакрыналагічным дыспансеры каштуе 28 рублёў, у лабараторыі "Сінэва " — 21 рубель.
Беларускія пацыенты не рады замежным
Да аказання паслуг замежнікам у дзяржмедустановах людзі ставяцца без асаблівага захаплення. Адны лічаць, што нерэзідэнт займае месца грамадзяніна Беларусі і той атрымлівае лячэнне са спазненнем. Іншыя абураюцца, калі на платным прыёме заўважаюць розніцу ў дачыненні да замежніка і нашага пацыента. Справа у тым, што мы ідзём на платны прыём часцей за ўсё нават не па праславутае "другое меркаванне", а таму, што не можам атрымаць патрэбную кансультацыю або дыягностыку бясплатна. Вось што рабіць, калі ў сталічнай паліклініцы няма вузкага спецыяліста або ёсць доктар — шматдзетная маці, якая хранічна знаходзіцца на бальнічных па доглядзе дзяцей?
Або вось калі ў паліклініцы УГД пяці органаў робяць за пяць хвілін, хоць па пратаколе на яго даецца не менш за 20 хвілін? Калі ведаеш, што той жа апарат УГД часта псуецца? І вось калі ў такой сітуацыі персанал пачне аказваць асаблівыя знакі ўвагі замежнаму пацыенту, можа ўспыхнуць скандал.
Пра фінансавы прыбытак і маральныя страты
Нагадаем, што ў санаторыях захоўваецца розніца ў цэнах для беларусаў і замежнікаў. Мы даведаліся, колькі каштуюць суткі знаходжання 1 чалавека ў двухмесным аднапакаёвым стандартным нумары ў трох беларускіх здраўніцах:
Санаторый |
Беларусь |
Расія |
Іншыя краіны |
Заўвага |
“Альфа-радон” |
160 BYN |
5013 RUB 163.09 BYN |
81 еўра 160.99 BYN |
01.05-30.09 |
“Залатыя пяскі” |
40.84 BYN |
1795 RUB 58.19 BYN |
29 еўра 57.64 BYN |
01.06-31.08 |
“Сосны” (Мядзельскі р-н) |
63.21 BYN |
2780 RUB 90.12 BYN |
40 еўра 79.50 BYN |
01.04-26.05 |
Можна зрабіць выснову, што хоць "Альфа-радон" і мае тры прэйскуранты, але кошт аднолькавы, невялікая розніца атрымліваецца з-за вагання курса валют. Бадай, гэта адзінае выключэнне з практыкі, якая склалася. У іншых здраўніцах, як відаць з табліцы, кошты для замежнікаў павышаныя.
Розніца ў цэнах на пуцёўкі ў беларускія санаторыі, па-першае, усіх здзіўляе, таму што ў іншых краінах так не прынята. Па-другое, некаторых гасцей павышаны цэннік натхняе на грэблівае стаўленне да тутэйшых. Па-трэцяе, сярод персаналу сустракаюцца асобы, паслужлівасць якіх ў адносінах да іншаземцаў мяжуе з самазневажаннем. Усё гэта стварае не самую прыемную атмасферу для рэзідэнтаў.
Між тым многія суайчыннікі ў курортных зонах таксама хутка сарыентаваліся і ўсталявалі павышаныя тарыфы на свае паўлегальныя паслугі для замежнікаў, матывуючы тым, што "ў гэтых гасцей грошай як гразі". Так што, можа, з эканамічнага боку павышаныя тарыфы на нейкім этапе і прыносяць павышаны прыбытак, але з пункту гледжання прывабнасці краіны для турыстаў, псіхалагічнага дыскамфорту як для замежнікаў, так і для беларусаў, адпачывальнікаў і санаторыяў, — адны страты.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.
Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».