Вы тут

Канькабежка Марына Зуева: Сіл надаюць успаміны аб перамогах


Марына Зуева сёння з'яўляецца самай паспяховай і перспектыўнай канькабежкай краіны. На рахунку 24-гадовай мінчанкі ўжо мноства рэкордаў Беларусі і бліскучыя выступленні на міжнародных турнірах. На адным з першых стартаў гэтага года — Сусветнай Універсіядзе ў Казахстане, Марына заваявала дзве залатыя ўзнагароды і адразу пасля гэтага адправілася ў Паўднёвую Карэю, дзе менш чым праз год пройдуць зімовыя Алімпійскія гульні. Там, на чэмпіянаце свету на асобных дыстанцыях, беларуска палепшыла свае ўласныя паказчыкі і ўмацавалася ў сусветнай эліце канькабежнага спорту.


У перапынку паміж напружанымі трэніроўкамі Марына дала такое рэдкае для сябе інтэрв'ю, у якім расказала, чаму не вельмі любіць размаўляць з журналістамі, як гэта — увесь час знаходзіцца ў мужчынскім калектыве, і колькі тысяч кіламетраў за год яна праязджае на веласіпедзе.

— Марына, пачнём з нядаўняга паспяховага для цябе старту. На Універсіядзе ў Алматы чакала такога добрага выступлення?

— Я засталася задаволеная сабой і вельмі радавалася вынікам. Найперш таму, што спраўдзілася ўсё тое, што мы задумвалі з трэнерам. Ведала саперніц, іх лепшыя вынікі, таму спакойна змагла размеркаваць свае сілы так, каб быць сярод першых. Мела ўпэўненасць у сабе, але ў той жа час ніякай недаацэнкі саперніц не было.

— Адразу пасля студэнцкага старту адбыўся яшчэ больш сур'ёзны турнір...

— Так, чэмпіянат свету на асобных дыстанцыях у Карэі, гэта своеасаблівая рэпетыцыя перад Алімпійскімі гульнямі 2018 года. Там з-за вельмі сур'ёзнай канкурэнцыі выступаць было значна складаней, чым у Алматы. На дыстанцыі тры і пяць кіламетраў я паказала нядрэнны час, палепшыла свае асабістыя вынікі і паставіла нацыянальныя рэкорды, але эмацыянальна адчувала сябе на гэтым турніры не вельмі добра. Два месяцы наогул не было ніякіх стартаў, а потым адразу некалькі сур'ёзных, прычым з невялікімі перапынкамі. Таму крыху не хапіла адрэналіну: вынік мог бы быць яшчэ лепшы. Звычайна з такім часам нават трапляюць на п'едэстал або як мінімум у ТОП-5, але ў гэты перадалімпійскі сезон усе спартсмены значна падцягнуліся. У першай сусветнай дзясятцы канкурэнцыя велізарнейшая.

— Эмацыянальна табе складана настройвацца на старт?

— Для мяне не мае значэння — гэта буйны міжнародны турнір або чэмпіянат краіны. Больш важна, якія адчуванні ў канкрэтны дзень. Калі выспалася, добра паела, у цэлым добра сябе адчуваю, то звычайна вельмі хачу бегчы. Але калі адчуваю, што са мной нешта не так, адцягваюць нейкія думкі, то адразу ўсё мяняецца.

Падабаецца, калі на стадыёне шмат балельшчыкаў, моцная падтрымка, гэта заводзіць, хочацца бегчы яшчэ хутчэй.

— Кожны спартсмен сутыкаецца як з поспехамі, так і з няўдачамі. Як іх перажываеш?

— Не буду хаваць, цяжка аднаўляюся пасля правальных стартаў. Падае матывацыя, спартыўны дух, але потым успамінаю, што магу многае. Трэнер просіць мяне весці дзённік поспехаў, таму што я звычайна хутка забываю пра свае перамогі, а ўспаміны пра іх дапамагаюць у складаныя хвіліны.

— У дзяцінстве ў цябе былі куміры?

— Не, а вось зараз мне вельмі падабаецца Барт Свінгс. Ён вельмі спартыўна складзены, тэхнічны. А наогул мяне натхняе Дар'я Домрачава, заўсёды за яе моцна перажываю і радуюся. Неяк было нават такое, што трэнер, ведаючы, як я да яе стаўлюся, перад маім адказным стартам раздрукаваў фатаграфіі Дашы і абклеіў імі пакой.
Я разумею, як цяжка яна трэніруецца. Бачна, як яна любіць справу, якой займаецца, і з якім гонарам заўсёды выступае за нашу краіну.

Я, дарэчы, таксама хацела б стаяць на п'едэстале і слухаць наш гімн, глядзець, як падымаецца беларускі сцяг. Гэта неверагодны гонар, дзеля якога хочацца выйграць важныя спаборніцтвы.

— Як увогуле ты пачала займацца спортам?

— Каля 101-й школы ў Мінску, дзе я вучылася, была невялікая спартыўная секцыя, летам мы там каталіся на роліках, зімой на школьным стадыёне — на каньках. У якіх толькі спаборніцтвах ні выступалі, але ў мяне не было асаблівага фанатызму да спорту. Дзесьці ў 17 гадоў вынік пачаў знікаць, як звычайна гэта бывае, і я вырашыла кінуць спорт. Скончыла вучылішча алімпійскага рэзерву і пачала сама трэніраваць дзяцей. Гэта быў такі добры час, з задавальненнем успамінаю яго. Пазней пазнаёмілася (на той момант з калегам, а цяпер ужо з маім трэнерам) Сяргеем Мініным. Ён прапанаваў паўдзельнічаць у спаборніцтвах на роліках, я пагадзілася і... выйграла ва ўсіх дзяўчат з яго групы.

— Таму і вырашыла вярнуцца?

— На той момант працавала на дзвюх работах, вучылася ва ўніверсітэце. Таму спачатку дамовіліся хоць бы на адну трэніроўку, потым на дзве і гэтак далей. Сумленна скажу: я часта іх прагульвала. Але ў мяне была матывацыя — я «завязала» з канькамі, калі была кандыдатам у майстры спорту, а вельмі хацела выканаць майстра. Паспрабавала ўдзельнічаць у марафоне, дзе стартавала больш за тысячу спартсменаў, і трапіла адразу ў 10-ку. Усё неяк лёгка і проста атрымлівалася, восенню прыйшла на лёд і так добра прабегла, што ўсяго секунды мне не хапіла да майстра спорту. За год дасягнула мэты, потым трапіла на п'едэстал чэмпіянату краіны, выканала нарматыў для таго, каб мяне ўзялі ў зборную. І так атрымалася, што паціху вярнулася.

— Колькі часу ў цябе займае спорт зараз?

— Падчас сезона ўвесь дзень — дзве трэніроўкі, аднаўленне, працэдуры. Але цяпер мне гэта ў кайф. Вольны час я таксама праводжу актыўна — катаюся на веласіпедзе, роліках, часам праводжу заняткі для дзяцей. На роліках адпачываю, атрымліваю ад гэтага задавальненне. Многія спартсмены з іншых краін, як і я ў міжсезонне, удзельнічаюць у розных сусветных марафонах, гэта добрая практыка. Ну а веласіпед, гэта, наогул, мой транспартны сродак, толькі на ім і езджу па Мінску. Трэнер падлічыў, што з сакавіка па лістапад я праязджаю каля 5—6 тысяч кіламетраў.

— Ведаю, што ў асноўным табе даводзіцца трэніравацца ў мужчынскім калектыве. Гэта складана?

— Мне б хацелася, каб побач былі матываваныя, прафесійныя людзі, а хто гэта будзе — не важна. Няма часу праяўляць свае дзявочыя слабасці, можа быць, гэта і ёсць адбітак працы побач з мужчынамі.

— Сукенкі і абутак на абцасах сабе дазваляеш?

— Рэдка, але магу на стадыён у іх прыйсці. Ды я ўвогуле пра гэта нават не задумваюся. Апранаюся так, як падабаецца, як зручна, але сачу за сваёй знешнасцю, не люблю быць пацанкай. А вось з шопінгам бывае складана: не магу доўга хадзіць па крамах, хоць раней гэты занятак мне вельмі падабаўся. Цяпер думаю — лепш выспацца, адпачыць.

— Я заўважыла, што ў прэсе вельмі мала тваіх інтэрв'ю, з чым гэта звязана?

— Сустрэчы з журналістамі забіраюць шмат часу і сіл. Але мне нават падабаецца, калі задаюць цікавыя пытанні, хоць я і не вельмі люблю расказваць пра сябе. Усё залежыць ад таго, у які перыяд мяне просяць аб сустрэчы. Скажу шчыра: перад спаборніцтвамі я не люблю адцягваць увагу на такія мерапрыемствы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».