Вы тут

Войны: класічныя і новыя


Аперацыя Турцыі на тэрыторыі Сірыі «Шчыт Еўфрата», якая працягвалася больш за паўгода, дасягнула галоўнага поспеху — буйны горад Эль-Баб з насельніцтвам у сто тысяч чалавек цалкам вызвалены ад тэрарыстаў. Нагадаю, што аперацыя была ўзгоднена з Расіяй, якая дапамагала падтрымкай з паветра ў наступленні турэцкіх войскаў. Цяпер распачата значная работа па ачыстцы горада і наваколля ад мін. Наступнай мэтай турэцкіх войскаў можа стаць горад Мюнбіч. Пасля гэтага плануецца наступленне на Раку. Турцыя спрабуе стварыць зону бяспекі ўздоўж сваёй мяжы і не дазволіць кансалідавацца сілам сірыйскага курдскага апалчэння, якое сімпатызуе забароненай на турэцкай тэрыторыі Рабочай партыі Курдыстана.


Набірае сілу супрацьстаянне паміж прэзідэнтам ЗША і буйнымі сродкамі масавай інфармацыі, якія, з яго пункту гледжання, неадэкватна выказваюцца ў дачыненні да яго палітыкі. 24 лютага журналістаў тэлеканала CNN, а таксама такіх буйных газет, як The New York Tіmes, Los Angeles Tіmes і Polіtіco не пусцілі на брыфінг, які праводзіўся ў Белым доме. У знак салідарнасці байкатаваў мерапрыемства рэпарцёр інфармагенцтва Assocіated Press. Выказала пратэст асацыяцыя карэспандэнтаў Белага дома. Таксама стала вядома, што Трамп не прыме ўдзел у штогадовай вячэры Асацыяцыі карэспандэнтаў Белага дома (WHCA), якая запланавана на 29 красавіка. Апошні раз кіраўнік дзяржавы не ўдзельнічаў у такім мерапрыемстве ў часы Рональда Рэйгана — тады ён быў паранены і ачуньваў. Да супрацьстаяння з прэзідэнтам ахвотна далучыўся і Галівуд. Іранскі фільм «Развод Надэра і Сімін» атрымаў прэмію «Оскар» у намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове». Разынка ў тым, што рэжысёр фільма Асгар Фархадзі адмовіўся наведваць цырымонію ўручэння прэміі «Оскар» у сувязі з узмацненнем жорсткасці іміграцыйнай палітыкі ў ЗША.


Цалкам магчыма, што многія дастаткова неардынарныя ідэі Дональда Трампа не будуць увасоблены ў жыццё асабліва з-за ўплыву членаў яго сям'і. У прыватнасці, сусветную грамадскасць сур'ёзна хваляваў магчымы выхад ЗША з Парыжскага пагаднення па клімаце. Дональд Трамп неаднаразова заяўляў падчас выбарчай кампаніі, што не верыць ні ў якое пацяпленне і не будзе марнаваць на гэтую лухту грошы ЗША. Асцярогі зразумелыя — пацяпленне ў наяўнасці і можа прынесці свету катастрафічныя наступствы. У Парыжы нарэшце ўдалося ўгаварыць вядучыя краіны свету прызнаць гэты факт і прыняць план барацьбы з небяспечнай кліматычнай з'явай. Выхад ЗША з пагаднення мог бы ўсё разбурыць. Як паведаміла The Wall Street Journal, усё-ткі прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адмовіўся ад ідэі вывесці краіну з Парыжскага пагаднення па клімаце. Паводле звестак газеты, ключавы ўплыў на гэтае рашэнне аказала пазіцыя яго дачкі Іванкі і зяця Джарэда Кушнера.


Дыпламатычны скандал разыграўся ў сувязі з забаронай нядаўна выбранага прэзідэнта Малдовы Ігара Дадона на ўдзел малдаўскіх ваенных у сумесных вучэннях ЗША, Балгарыі, Македоніі, Чарнагорыі, Румыніі, Сербіі, Славеніі і Украіны ў румынскім навучальным цэнтры Смырдан з 20 лютага па 1 сакавіка. У адказ паслы ЗША і Румыніі ў Малдове апублікавалі сумесны зварот, у якім папракнулі прэзідэнта ў недружалюбных паводзінах, а таксама паспагадалі арміі Малдовы, што яна цяпер застанецца непадрыхтаванай. У лісце ў адказ прэзідэнт запатрабаваў ад паслоў спыніць умяшанне ў яго дзейнасць, паколькі Малдова з'яўляецца суверэннай і незалежнай дзяржавай. Ігар Дадон вядомы тым, што ставіць пад сумненне ўдзел краіны ў раней заключаным пагадненні з ЕС аб асацыяцыі і хоча аднавіць сяброўскія адносіны з Расіяй.


Як вядома, пачаўся візіт прэзідэнта Грузіі Гіоргія Маргвелашвілі ў Беларусь. Візіту папярэднічала інтэрв'ю Маргвелашвілі для праграмы «Буйным планам» на тэлеканале «Беларусь 1». Прэзідэнт Грузіі адзначыў, што адносіны паміж нашымі краінамі, якія маюць велізарны патэнцыял, набылі новы імпульс. Асаблівае значэнне для Грузіі мае выкарыстанне беларускага вопыту ў сваёй эканоміцы для аднаўлення сельскай гаспадаркі. Сапраўды, адмоўнае сальда знешняга гандлю па выніках 2016 года ў Грузіі склала 7 мільярдаў 738 мільёнаў долараў, пры тым, што ўвесь аб'ём знешняга гандлю складае ўсяго толькі 11 мільярдаў 966 мільёнаў долараў. І імпарт прадуктаў харчавання ўносіць сур'ёзны негатыў у працэс знешняга гандлю. Таксама Гіоргій Маргвелашвілі адзначыў, што Беларусь і Грузія з'яўляюцца лагістычнымі хабамі паміж Захадам і Усходам, таму ў гэтым кірунку трэба думаць і развіваць магчымасці. І гэтаму не супярэчаць накіраванасць Беларусі на еўразійскую інтэграцыю, а Грузіі — на еўрапейскую.

Сяргей Кізіма, доктар палітычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».