Вы тут

Просты хлопец Ілля Фаляжынскі


Просты хлопец Ілля Фаляжынскі

Гэты музыка мог быць вашым суседам ці сябрам — такім сваім ён здаецца ў кожнай песні. Тым не менш, ён самастойна запісаў дэбютны альбом «Схавацца ў туман» і зрабіў свой галоўны «недахоп» — няўпэўненасць — пазнавальнай фішкай.

 

Пра пачатак

Яшчэ ў cтарэйшых класах школы я даведаўся, што ў цэнтры мастацкай творчасці насупраць майго дома ёсць заняткі па гітары. Я ў той час нічым не займаўся і вырашыў паспрабаваць: а, можа, гэта маё? Спачатку вучыўся граць па нотах, вывучаў выключна інструментальныя кампазіцыі. Потым карыстаўся акордамі. На першым курсе ўніверсітэта ў мяне з’явіўся новы настаўнік, з якім мы пайшлі іншым шляхам. Спачатку ён дапамагаў мне выконваць каверы на розныя кампазіцыі, потым я напісаў сваю першую песню, прысвечаную дзяўчыне, у якую закахаўся. Пачалі з’яўляцца яшчэ творы, а праз некаторы час узнікла думка: чаму б не стварыць свой альбом? Матэрыял паступова набраўся, і восенню ў мінулым годзе я прэзентаваў свой дыск.

 

Пра альбом

Запісваў на прафесійнай студыі. Паступова: з’яўлялася крыху грошай — бег на студыю і пісаў песню. Часам даводзілася запісваць выключна гітару для некалькіх песень, часам — наадварот, спыняўся на вакале. Гэта было даволі цяжка ў грашовым плане, таму што я быў студэнтам і не меў працы. У сувязі з гэтым былі абмежаванні па часе: калі я быў не задаволены вынікам, усё адно даводзілася спыняцца на тым, што ёсць, бо калі зноў прыходзіць перарабляць, працэс зацягнецца надоўга. Але я буду працаваць далей, і з другім альбомам, спадзяюся, будзе лепш.

 

Пра раскрутку

Мае песні проста хадзілі па інтэрнэце, потым  мяне пачалі запрашаць на імпрэзы. Спачатку было нязвыкла, але згадзіўся, і, нягледзячы на «Няўпэўненасць» (назва адной з песень. — Аўт.), даволі ўпэўнена выступіў. Паспеў паездзіць па Беларусі, выступаў за мяжой. Некаторыя канцэрты ладжу сам — ёсць вопыт арганізацыі як уласных, так і супольных мерапрыемстваў.

Рэакцыя публікі на кожным канцэрце розная, нават не ведаю, ад чаго залежыць. Часам ужо на першай песні пачынаюць пляскаць у далоні, адчуваць драйв. А бывае, што і песні падбіраю рытмічныя, і публіку імкнуся разагрэць, а слухачы сядзяць — ледзь не пазяхаюць.

У бліжэйшы час планую яшчэ паездзіць па гарадах, паўдзельнічаць у мерапрыемствах, прадставіць песні са свайго альбома. Час ад часу нагадваю пра яго ў сацыяльных сетках — на старонцы ці ў суполцы. Яго можна знайсці ў інтэрнэт-крамах, сябар казаў, што даведаўся пра альбом і замовіў яго за мяжу.

 

Пра песні     

Песні з’яўляюцца самі па сабе, я не задумваюся, для каго іх пішу. Па сутнасці, я тут увогуле ні пры чым: яны прыходзяць да мяне, я пераводжу іх спачатку на паперу, потым з’яўляецца музыка. Я проста агучваю тое, што да мяне прыйшло.

У песнях я б на першае месца паставіў словы, бо ў большасці людзі прыслухоўваюцца менавіта да тэкстаў: рэфрэн, напрыклад, запамінаецца. Хоць без музыкі, канешне, нельга абысціся. Бываюць песні, дзе на першым месцы — стварэнне атмасферы музыкай, але іх менш.

 

Пра мэты

Мне проста падабаецца займацца музыкай, дзякуючы ёй я адпачываю ад рознай шэрай мітусні. Канешне, прыемна, калі хтосьці можа ў маіх творах знайсці частку сябе. Калі пасля канцэрта людзі падыходзяць і дзякуюць — гэта лепшая ўзнагарода.

Спачатку мне падалося, што альбом — гэта збег выпадковасцей. Калі я асэнсаваў, што маю матэрыял, то зрабіў запіс альбома сваёй мэтай, пра якую стараўся штодня згадваць, працаваць над ёй.

 

Пра негатыў

Звычайна тыя, каму не даспадобы тое, што я раблю, не выказваюць гэта адкрыта — яны проста не прыходзяць на канцэрты. Я не памятаю, каб хтосьці падышоў і сказаў: «Што ты робіш!» Можа, было пару каментарыяў у інтэрнэце. Хтосьці часам падказвае, дзе я схібіў, як можна пайсці інакш і што перарабіць у практычным плане. Адмысловага негатыва я не памятаю. А канструктыўную, практычную крытыку, прычыны і мэты якой я разумею, — успрымаю. Раблю нейкія высновы, не заўсёды ўсё перарабляю, але — прыслухоўваюся.

 

Пра рух

Разумею, што на тым, што ёсць, нельга спыняцца. Знаёмыя казалі: «Чаму б табе, Ілля, не сабраць гурт?» Мне здаецца, у гэтым напрамку і трэба рухацца: выступаць супольна, што будзе спрыяць запрашэнням на больш маштабныя мерапрыемствы, бо адзін ты мала каго зацікавіш, а гурт выкліча больш гаворак.

Мне здаецца, трэба выпрацаваць свой стыль, непаўторны, наколькі гэта магчыма. Напрыклад, дзякуючы песням «Няўпэўненасць» і «Зялёная гарбата», усе лічылі, што я п’ю выключна зялёную гарбату і ўвесь час хвалююся. Так мяне сталі пазнаваць. Магчыма, трэба прыдумаць, як выглядаць, і прытрымлівацца вызначанага стылю. Пакуль я яшчэ ў пошуку, не разабраўся да канца.

Не ведаю, ці магчыма ў сённяшніх умовах абраць музыку сур’ёзным заняткам. Верагоднасць, канешне, заўсёды ёсць, але я на гэта не разлічваю. Зараз для мяне музыка — крыху больш, чым звычайнае хобі. Я спадзяюся знайсці справу, якой змагу прысвяціць жыццё, якая дазволіць мне развівацца далей і ахвяраваць сродкі на музыку.

 

Пра няўпэўненасць

Канешне, даволі часта я сумняваюся, ці правільна ўсё раблю, ці патрэбная мая музыка ўвогуле камусьці. Але стараюся не кідацца з адной крайнасці ў другую. Час ад часу мяне падсілкоўваюць людзі, калі пасля канцэртаў падыходзяць і кажуць, што я добра адыграў, што спадзяюцца яшчэ мяне пачуць, — гэта падтрымлівае. Нехта кажа: «Вось і я такі ж няўпэўнены, гэтая песня пра мяне».

Нават калі ты няўпэўнены ці маеш іншыя недахопы, варта вынесці з іх штосьці пазітыўнае, як у мяне выйшла з няўпэўненасцю.

 

Запісала Кацярына Захарэвіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».