Вы тут

Прапановы ўлады і бізнесу ў многім супадаюць


ХVІІІ Асамблея дзелавых колаў «Ад узаемаразумення да ўзаемадзеяння», якая адбылася ўчора ў Мінску, стала цэнтральным мерапрыемствам ІІ Тыдня беларускага прадпрымальніцтва. Удзельнікам асамблеі быў прадстаўлены праект Нацыянальнай платформы бізнесу — 2017. Пасля абмеркавання канчатковы тэкст, падрыхтаваны з улікам прапаноў удзельнікаў мерапрыемства, будзе накіраваны Прэзідэнту, кіраўніцтву Савета Міністраў і Адміністрацыі Прэзідэнта, службовым асобам усіх міністэрстваў і ведамстваў.


Палёгка для прадпрымальнікаў — ужо ў сакавіку

Міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі перад пачаткам асамблеі паведаміў, што рабочая група па стымуляванні дзелавой актыўнасці, выключэнні залішніх патрабаванняў да суб'ектаў гаспадарання, удасканаленні кантрольна-нагляднай дзейнасці сфармулюе свае прапановы да канца сакавіка. «Зусім нядаўна кіраўнік дзяржавы паставіў задачу па спрашчэнні адміністрацыйных працэдур для бізнесу. Створана рабочая група, якую ўзначальвае кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Качанава. Ідзе інтэнсіўная работа. На працягу месяца рабочая група павінна прадставіць на разгляд кіраўніка дзяржавы нарматыўны акт, дзе будзе адлюстравана, як, якім чынам і што мы будзем мяняць», — адзначыў міністр. Уладзімір Зіноўскі назваў тры асноўныя задачы, якія стаяць перад рабочай групай. Гэта скарачэнне адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес, прымяненне заканадаўства па дэкрыміналізацыі эканамічных рызык, адэкватнасць пакарання неправамерных дзеянняў, якія здзяйсняе бізнес. «Добра, што ў склад рабочай групы ўваходзяць кіраўнікі многіх органаў дзяржаўнага кіравання і бізнес-саюзаў. Гэта важна для адпрацоўкі дакумента», — сказаў Уладзімір Зіноўскі.

«Залішнія праверкі, якія прыводзяць да дрэнных наступстваў, не даюць нармальна працаваць бізнесу, павінны быць выключаны. Любая праверка, на наш погляд, павінна папярэджваць парушэнні, а не біць, як кажуць у народзе, па хвастах, калі ўжо адміністрацыйнае парушэнне здзейснена», — сказаў Уладзімір Зіноўскі. Ён вітаў адмену праверачнай дзейнасці бізнесу Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях. «Гэта вельмі добры крок, тым больш што адказнасць усё роўна нясе бізнес», — падкрэсліў міністр. Паводле яго слоў, Міністэрства аховы здароўя таксама ідзе насустрач, ужо скарочаны патрабаванні да прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўвяло мараторый на праверкі гандлёвай інспекцыяй.

Бізнес выслухаюць і пачуюць

Міністр эканомікі паабяцаў, што ніводная прапанова Нацыянальнай платформы бізнесу —2017 не застанецца без увагі дзяржорганаў. «Усе ідэі, што прапанаваны ў гэтай платформе, знойдуць свайго гаспадара ў асобе рэгулятара ці галіновага дзяржаўнага органа — мы выбудоўваем матрыцу, у якой прапісаны і адказныя, і тэрміны. Будуць прыкладзены ўсе намаганні, каб сёлета па-за ўвагай не засталася ніводная прапанова бізнесу, якая змяшчаецца ў платформе», — сказаў ён.

Многія прапановы Нацыянальнай платформы бізнесу супалі з мерамі, якія запланаваў рэалізаваць урад і Нацыянальны банк. «Гэта сведчыць аб тым, што мы — Мінэканомікі, органы-рэгулятары ва ўсіх адчувальных для бізнесу пытаннях — з аднаго боку, і сам бізнес — з другога, у цэлым глядзім у адным напрамку», — канстатаваў міністр. Уладзімір Зіноўскі падкрэсліў, што Нацыянальная платформа бізнесу — 2017 — асаблівая, бо кожная прапанова была абмеркавана на грамадска-кансультацыйных саветах дзяржаўных органаў, адказных за рэалізацыю рэгулярнай палітыкі ў адпаведнай сферы дзейнасці. «Мінэканомікі прымала ўдзел у рабоце над платформай з самага пачатку», — дадаў ён.

Аб аздараўленні прадпрыемстваў, інфляцыі і субсідыях

Намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч паведаміла, што на разгляд дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў унесены праект закона «Аб неплацежаздольнасці і банкруцтве». У прыватнасці, ён накіраваны на стварэнне ўмоў для рэструктурызацыі і аздараўлення прадпрыемстваў альбо кіраванай ліквідацыі праблемных прадпрыемстваў, павышэння гарантый вяртання інвестыцый. «Зараз дакумент рыхтуецца да першага чытання, і мы спадзяёмся, што па выніках двух чытанняў краіна атрымае закон аб банкруцтве, які будзе адпавядаць усім перадавым сусветным практыкам», — падкрэсліла намеснік міністра.

Ірына Касцевіч адзначыла, што ў Беларусі выпрацаваны новыя інструменты і механізмы рэалізацыі эканамічнай палітыкі на пяцігодку. «У першую чаргу гаворка ідзе аб павышэнні эфектыўнасці кіравання эканомікай — аптымізацыі колькасці і функцый дзяржаўнага апарату, стварэнні «кампактнага» ўрада, удасканаленні адносін уласнасці», — растлумачыла яна.

Паводле яе слоў, другім напрамкам стане разняволенне дзелавой ініцыятывы, удасканаленне кантрольнай дзейнасці і стварэнне рэальных умоў па паляпшэнні вядзення бізнесу. Трэці напрамак — зніжэнне ставак па крэдытах банкаў у звязцы са зніжэннем інфляцыі ў эканоміцы да канца 2020 года да 5%. «Гэта акажа стымулюючы ўплыў не толькі на інвестыцыйную актыўнасць, але і на фінансавы стан арганізацый. Стаўка рэфінансавання да 2020 года складзе 7—9% гадавых, стаўка па новых крэдытах банкаў у нацыянальнай валюце складзе 9—11% гадавых», — прагназуе намеснік міністра.

Чацвёртым напрамкам Ірына Касцевіч назвала стварэнне паўнавартаснага фінансавага рынку з новымі магчымасцямі для фінансавання — карпарацыйныя аблігацыі, праектнае крэдытаванне, размяшчэнне акцый на міжнародных фондавых біржах пры дапамозе замежных дэпазітарных распісак.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч паведаміў прысутным, што адна з глабальных задач эканомікі — ліквідацыя перакрыжаванага субсідзіравання. Перакрыжаванае субсідзіраванне — сітуацыя, пры якой у мэтах абароны грамадзян тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва вызначаюцца ў паніжаным памеры. Фінансавая нагрузка па субсідзіраванні насельніцтва перакладаецца на прадпрыемствы, рэальны сектар эканомікі. Міністр лічыць, што гэта не зусім сучасны падыход у эканоміцы.

На мерапрыемстве таксама абмяркоўваліся прыярытэтныя напрамкі ўдасканалення дзелавога клімату Беларусі, паляпшэнне пазіцыі краіны ў міжнародных рэйтынгах, асноўныя выклікі для эканомікі і прадпрымальніцтва ў 2017 годзе, павышэнне эфектыўнасці дыялогу бізнесу і ўлады, дынаміка лічбавай трансфармацыі эканомікі і іншыя актуальныя пытанні.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Сфера ўзаемных інтарэсаў

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.