Вы тут

Сакрэты экспертызы мабільных прылад


Мабільныя апараты адыгрываюць усё большую ролю ў жыцці чалавека. Можна сказаць, гэта прадметы, без якіх ужо немагчыма абысціся, у тым ліку і злачынцам. Як прымусіць смартфон ці планшэт «загаварыць»? Адказ на гэта ведаюць спецыялісты ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па горадзе Мінску.

Прыкладна палова мабільных прылад трапіла да экспертаў па крымінальных справах, звязаных з ужываннем і незаконным абарачэннем наркотыкаў.

У сувязі з гэтым спецыялістам прыходзіцца даваць адказы на мноства пытанняў, якія тычацца гісторыі і часу наведванняў разнастайных інтэрнэт-рэсурсаў, вызначэння самых наведвальных вэб-старонак на мабільным тэлефоне ці планшэце, здабыцця электроннай перапіскі, у якой могуць захоўвацца сляды злачыннай дзейнасці.


— Мы даём поўны пералік сайтаў, якія наведваліся, і на падставе зробленых заключэнняў супрацоўнікі па наркакантролі альбо следчыя праводзяць далейшыя дзеянні, — расказвае дзяржаўны судовы эксперт аддзела тэхнічных экспертыз упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па г. Мінску Аляксей Дворнікаў.

— Апарат можа змяшчаць звесткі, здольныя кардынальна паўплываць на ўстанаўленне факта злачынства ці на яго раскрыццё. Аднойчы ў Мінску дзяўчына выкінулася з акна. Было незразумела: яна сама наклала на сябе рукі ці ж нехта ўсё-такі ёй «дапамог». Мабільны тэлефон, які знайшлі на месцы здарэння, быў перададзены нам. Падчас аналізу інфармацыі мы знайшлі фотаздымак. Ён уяўляў сабой сэлфі нябожчыцы, зробленае на краі балкона. І гэта акалічнасць аказала дапамогу ў прыняцці рашэння.

Год таму ўвесь свет абышла гісторыя, як Федэральнае бюро расследаванняў ЗША ўзламала ІPhone, які належаў так званаму «стралку з Сан-Бернардына». На гэта спатрэбілася некалькі тыдняў. Амерыканская структура тады звярталася па дапамогу да ізраільскай фірмы Celebrіty, якая ў рэшце рэшт і дапамагла ўзламаць ІPhone, нягледзячы на тое, што вытворца наадрэз адмовіўся раскрываць сакрэты доступу да інфармацыі ўнутры апарата. Гэтая ж арганізацыя паставіла абсталяванне і беларускім судовым экспертам.

— Да нас радыёэлектронная прылада паступае ва ўпакованым выглядзе, — расказвае Аляксей Дворнікаў. — Пасля гэтага ўпакоўка фатаграфуецца. Гэта важна — каб не ўзнікла прэтэнзій, што апаратам карысталіся ў нейкіх іншых мэтах. Велізарная колькасць апаратаў паступае да нас поўнасцю разраджанай, таму неабходны час на зарадку батарэі. Спробы схаваць ці знішчыць акумулятар да апарата будуць беспаспяховыя. Так, у нас няма батарэй да ўсіх магчымых мадэляў мабільных прылад. Але трымаць такую калекцыю зусім і неабавязкова. На нашым узбраенні стаіць універсальная батарэя: вальтаж ва ўсіх апаратаў аднолькавы, бо з'яўляецца сусветным стандартам. Пасля зарадкі мабільная прылада падключаецца да нашага абсталявання. І спецыяльная праграма капіруе ўсе даныя на патрэбны носьбіт.

Іншая справа, колькі часу зоймуць гэтыя маніпуляцыі. Напрыклад, вывудзіць усю неабходную інфармацыю з найпрасцейшай «званілкі» цалкам рэальна за 15—20 хвілін. Такія тэлефоны шмат інфармацыі не змяшчаюць. Гэта тэлефонная кніга, SMS, журнал званкоў, нататкі. Са смартфонамі складаней — там ужо знаходзяцца відэафайлы, фатаграфіі, паведамленні чатаў, гісторыя прагляду старонак у браўзеры.

— Ёсць кітайскія апараты, якія ствараюць дадатковыя праблемы з-за сваёй малараспаўсюджанасці, — гаворыць эксперт. — Там выкарыстоўваюцца працэсары, спецыфікацыі якіх у свеце мала вывучаны. З-за недастатковай распаўсюджанасці інфармацыі аб тэхнічных складніках працэс экспертызы можа зацягнуцца. Але нічога невыканальнага тут няма.

Таксама час экспертызы залежыць ад таго, запаролены тэлефон ці не. Быў выпадак, калі ўзлом пароля ў эксперта заняў цэлы дзень. Таму са старымі тэлефонамі прасцей. Хоць «званілак» зараз не так шмат. Прычым цікава, што і дагэтуль на стол экспертаў трапляюць апараты з «гісторыяй». Напрыклад, не так даўно спецыялісты даставалі інфармацыю з апарата фірмы Sіemens. І гэта прытым што апошні тэлефон такой маркі сышоў з канвеера 12 гадоў таму! Ці, напрыклад, не так даўно трапіўся SonyErіcsson, выпушчаны наогул на пачатку тысячагоддзя. З сучасных жа мадэляў часцей за ўсё эксперты аналізуюць змесціва апаратаў марак Texet, Keneksі, Nokіa.

— Часцей за ўсё апараты паступаюць да нас па матэрыялах праверкі ці па крымінальных справах, — зазначае Аляксей Дворнікаў. — Але да нас могуць смела звяртацца і фізічныя асобы, каб вырашыць звычайныя сітуацыі, звязаныя з захоўваннем інфармацыі на носьбітах. Напрыклад, нехта рыхтаваў дакумент, запісаў яго на флэшку і... выпадкова выдаліў. Або пры захаванні адбыўся нейкі збой, і дакумент перастаў карэктна адкрывацца. Ці, напрыклад, на картцы памяці кудысьці прапалі патрэбныя фотаматэрыялы і відэазапісы. Судовая экспертыза радыёэлектронных прылад і электрабытавой тэхнікі такую інфармацыю аднавіць здольная. Праўда, гэта будзе каштаваць грошай.

Цікава ведаць

Летась спецыялісты Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз правялі больш за 300 даследаванняў смартфонаў і планшэтаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennіk@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Як прымусіць планшэт «загаварыць»?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».