Вы тут

Фільм пра Скарыну пакажуць на Дні беларускага пісьменства


2017 год у нашай краіне праходзіць пад зоркай Скарыны, ён адзначаны святкаваннем паўтысячагадовага юбілею беларускай кнігі. І хоць кульмінацыяй рэспубліканскай праграмы стануць жнівень-верасень — менавіта ў гэты час адбудзецца найбольшая колькасць самых знакавых імпрэз, — ужо сёння можна казаць пра рэалізаваныя кніжныя праекты, а таксама анансаваць важныя выстаўкі, спектаклі і фільм.


Так, намеснік міністра інфармацыі Аляксандр КАРЛЮКЕВІЧ расказаў, што беларускія выдаўцы яшчэ летась і ў пачатку года прадставілі шэраг кніжных навінак, прысвечаных першадрукару. У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» пабачыла свет трохтомная дзіцячая энцыклапедыя, прысвечаная Скарыну, а кніга «Францыск Скарына — чалавек свету» прыйшла да чытача дзякуючы падтрымцы Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы.

— Сёлета яшчэ пабачыць свет персанальная энцыклапедыя, прысвечаная асобе і дзейнасці Скарыны і яго паслядоўнікаў. Падобная кніга на беларускай і рускай мовах ужо выходзіла ў 1990-х гадах і сёння з'яўляецца сапраўдным рарытэтам. Таксама рыхтуецца трэцяе перавыданне кнігі «Францыск Скарына на мовах народаў свету», дзе прадмову да кнігі «Юдзіф» можна прачытаць у перакладзе на дзясяткі моў, — заўважыў намеснік міністра.

Тэма 500-годдзя беларускага кнігадрукавання будзе гучаць не толькі ў нашай краіне. Пад знакам Скарыны пройдуць дні беларускай культуры ў іншых дзяржавах. Наталля ЗАДЗЯРКОЎСКАЯ, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры, паведаміла, што ў хуткім часе адбудуцца дні беларускай культуры ў Кітаі, Ізраілі, Грузіі, а тэму скарыніяны ахвотна падхапілі аб'яднанні беларусаў замежжа — у Польшчы, Літве, Расіі. Наталля Іванаўна падкрэсліла, што ўжо завяршыліся здымкі дакументальнага фільма «Першадрук», які летась стаў пераможцам конкурсу кінапраектаў. Прэм'ера стужкі адбудзецца ў Полацку, падчас святкавання Дня беларускага пісьменства. Беларускіх гледачоў парадуюць яшчэ адной прэм'ерай — спектаклем пра Скарыну па п'есе Віктара Марціновіча. Гэтую пастаноўку рыхтуе Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі.

Увосень беларусы змогуць пабачыць арыгіналы кніг, выдадзеных Скарынам і паплечнікамі, якія захоўваюцца ў розных краінах свету. Гэты маштабны і складаны праект рыхтуе Нацыянальная бібліятэка. Дырэктар установы Раман МАТУЛЬСКІ зазначыў, што сёння вядома пра існаванне 520 кніг, надрукаваных Скарынам. Яны захоўваюцца амаль у 50 краінах, найбольшая колькасць — у Расіі, Польшчы, Германіі, Чэхіі. Нацыянальная бібліятэка таксама сёлета завяршае сумесны з банкам БелВЭБ 21-томны праект факсімільнага ўзнаўлення кніжнай спадчыны першадрукара.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Святкуем разам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».