Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


З хворай галавы...

У той суботні восеньскі ранак жонка падняла мяне, можна сказаць, на досвітку. Не дала паваляцца ў ложку, загадала:

— Уставай. Дзесяць хвілін на зборы. Мы едзем з табой у парк.

— ?!

— Учора вечарам, — стала тлумачыць, — я прачытала, што дубы з зямлі і паветра набіраюць многа станоўчай энергіі, і ўся яна канцэнтруецца ў лісці, якое доўга вісіць на дрэвах. Дастаткова яго назбіраць, зрабіць падушку ды некалькі начэй паспаць, — боль галавы як рукою зніме. Адчуваеш? Не прыйдзецца мне болей есці таблеткі ды грошы плаціць...

А мне — як вынікае — час ад часу чуць, што ёй галава баліць?

Ды дзеля гэтага я за пяць хвілін апрануся!..

Факт, што праз нейкую гадзіну мы ўжо былі ў Цэнтральным парку: па мосце перайшлі раку і апынуліся ў лузе, дзе раслі дубы. Жонка там раскрыла загадзя падрыхтаваны вялікі пакет — стала напаўняць яго бронзавым лісцем. Я паспрабаваў быў фатаграфаваць — птушак, дрэвы, людзей. І сярод іх — нейкую дзівачку. Яна, падышоўшы да аднаго дуба, моцна «абдымала» яго, хвілін колькі стаяла, задраўшы галаву і заплюшчыўшы вочы, потым хуценька пераходзіла пад другі, прыхіналася ўжо спінай, зноў стаяла і зноў адыходзіла, каб «абняць» нейкі трэці...

Смешна... І цікава ж, навошта? Мы з жонкай зайшлі наперад, каб распытаць. Жанчына з ахвотай адказала:

— Вы ці паверыце: я апошнім часам ад дактароў не вылажу: можна сказаць, на таблетках жыву. Галава баліць... А тут у інтэрнэце прачытала, што дубы, калі да іх прыхінацца, здольны забіраць, «усмоктваць» усю адмоўную энергію, усе чалавечыя хваробы і потым, у восень, скідваць іх — разам з... лісцем. Вось я і лячуся тут: хаджу ад дрэва да дрэва, аддаю свае болькі. Дапамагае! Без ніякіх таблетак, уяўляеце?

Мы з жонкай моўчкі пераглянуліся. «Дзівачка», палічыўшы, што размова скончана, падалася пад новае дрэва.

Што заставалася нам? Ды хіба ўголас рассмяяцца, а потым... вытрасці з пакета сабранае лісце і пайсці гуляць — па свежым паветры, у добрай кампаніі, у пагодны восеньскі дзень.

Што, без сумнення, на карысць — і хворай галаве, і здаровай.

Яўген Шастакоў,

г. Гомель.


Два Лёшы, два лёсы

Адбылося гэта даўным-даўно. Я тады вучылася ў класе  сёмым ці, можа, восьмым, і нашага любімага настаўніка звалі Аляксеем. Ён быў высокі, прыгожы, разумны — маці не ведала, як ім ганарыцца! Але ж пры тым і бедавала, бо хлопец ну ніяк не мог... ажаніцца. Яму, як выглядала, і адна дзяўчына падабалася, і другая, і трэцяя... З гэтай ён у клуб хадзіў, з той сустракаўся ў горадзе, а яшчэ з дзвюма — тады модна было — заўзята перапісваўся.

Вось гэта ліставанне яго і падвяло: атрымалася так, што лісты пераблытаў! У выніку Люба прачытала ўсё, што пісаў ён Тані, а Таня...

Абурэнне не мела меж: дзяўчаты — абедзве, у адзін і той жа дзень — прыехалі да «аўтара» высвятляць адносіны і прымусілі хлопца зрабіць выбар.

Другая гісторыя таксама са школьнага жыцця. Праўда, гэты Аляксей быў не настаўнікам, а выпускніком, але ж таксама разумным і таксама прыгожым...

У той год у наш калектыў прыслалі маладзенькую настаўніцу нямецкай мовы. Невялічкая, тоненькая, на высокіх абцасіках яна не хадзіла і нават не бегала — яна, здавалася, лётала па школе, як той матылёк.

Не сакрэт, што ў яе і адразу ўлюбіліся ўсе. А больш за ўсіх, відаць, Аляксей.

Што тут пачалося, не перадаць! Супраць гэтага кахання паўсталі і бацькі яго, і настаўнікі, і райана...

У выніку Алёшу хутка «саслалі» — адправілі вучыцца ажно ў Данецк. (Можа, там радня якая была?) Настаўніцу таксама перавялі — у іншую школу.

Сказаць, што мы, дзеці, шкадавалі яе, — значыць прамаўчаць, бо плакалі, як па нябожчыцы: не маглі забыць (ды і не забылі!) гэтага маленькага матылька, гэтага светлага анёла...

Як склаўся іх лёс? Ці прывялося ім сустрэцца, ніхто не ведае. Хутчэй за ўсё — іх сцежкі разышліся. Прычым не самі па сабе — людзі развялі.

І каму ад гэтага лепей?

Галіна Пятроўская,

в. Адрашы

Смаргонскага раёна.


Няма вяроўкі? Дык няма і кароўкі

Мая гісторыя, магчыма, не такая ўжо вясёлая, але што праўдзівая — гэта факт. Да таго ж і звязаная акурат са «Звяздой», а дакладней — з самай першай яе латарэяй.

У той час мы з мужам былі куды маладзейшыя: можна сказаць, толькі абжываліся. Мелі ўжо хату, пры ёй — малады садок, гадавалі і двух сынкоў, прычым вельмі актыўных. Хлопчыкі разам з намі шчыравалі і на градках каля дома, і на бураках у калгасе, змалку дапамагалі даглядаць свіней, курэй, трусоў... Хіба што да каровы мы не «дараслі», не даспелі яшчэ. А тут — звяздоўская латарэя. І галоўным прызам у ёй якраз рагуля!

На сямейнай нарадзе мы сталі абмяркоўваць, ці варта прэтэндаваць, ці трэба ўдзельнічаць у гульні? Што будзем рабіць, калі раптам выйграем?

Урэшце старэйшы сын сказаў:

— А давайце картку такі пашлём, але ты, мама, зрабі на ёй прыпіску, што на іншыя прызы мы згодныя, а вось ад галоўнага — пакуль адмаўляемся.

Цяпер не помню ўжо, зрабіла я тую прыпіску ці не. Хутчэй за ўсё, так, калі абяцала?

Але ж адправіла і забылася. А вось малыя — не: з нецярпеннем чакалі, калі адбудзецца розыгрыш, варажылі, выйграем мы ці не, а калі выйграем, то што канкрэтна?

І вось...

У той надвячорак добра натаміўшыся (накапаўшыся бульбы), мы ўсёй сям'ёй вярталіся з поля дадому як раптам... Што гэта?

Карціна Рэпіна «Не чакалі»: у нашым маладым садку мірна пасецца... рагуля. Адкуль?

У дзяцей сумненняў не было: ну вядома ж, са «Звязды»! Мы — выходзіць — выйгралі?!

Пасталі нібы ўкапаныя. Прычым хлопчыкі глядзелі то на карову, то на нас і ледзьве не плакалі. Большы ўрэшце з адчаем сказаў:

— Мама, ну ты ж абяцала зрабіць прыпіску... І што — забылася?

Мы з мужам уголас сталі меркаваць, што з гэтай каровай, мусіць, нешта не тое. Па-першае, любы прыз (а галоўны — тым больш) нам павінны былі б уручыць — перадаць, што называецца, з рук у рукі. Па-другое, за яго атрыманне (кошт жа зусім не жартоўны!) недзе сказалі б распісацца. Па-трэцяе (што малых пераконвала ці не найбольш), карову, хай і прызавую, без вяроўкі ніхто не прывёў бы і на падворку проста так не пакінуў: яе, як мінімум прыйшлося б
навязаць... Тут жа вяроўкі на рагах не было. Дзеці трохі павесялелі.

А потым і наогул: да нас у двор завітаў пастух і... забраў тую «прызавую» рагулю. Яна, як аказалася, проста адбілася ад вясковага статка.

У нас — адпаведна — і клопат з душы.

Праўда, ненадоўга, бо карова ў нас потым з'явілася і нават не адна. У выніку ў сыноў да ўмення сеяць, палоць, убіраць дадалося майстэрства касіць і сушыць, нават даіць рагулю.

У іх дарослым жыцці гэтыя навыкі пакуль не спатрэбіліся, але ж, як той казаў, што ўмееш, — за спінай не носіш: можа, калі і спатрэбіцца?

Валянціна П.,

г. Лагойск.

Ад рэдакцыі. З гэтай, апошняй, гісторыяй прыйшлі ўспаміны, што, дарэчы, зусім не дзіўна, бо ў звяздоўскай латарэі за апошнія дзесяцігоддзі разыграна проста безліч прызоў! Сярод іх — каровы, коні, парачкі парасят, люстры, шпалеры, кухонныя камбайны, тэлевізары, халадзільнікі, трымеры...

Многія з нашых падпісчыкаў выйгравалі іх. І, магчыма, дагэтуль карыстаюцца? Многія (ну напэўна ж!) цудоўна помняць, як усё было. І нават хацелі б расказаць? То калі ласка: блізкі (а тым больш стагадовы!) юбілей «Звязды» — гэта ж нагода!

А што да каровы...

Падчас прэзентацыі газеты (здаецца, у Капылі?) выступаў гаспадар, які тую рагулю выйграў. Наракаў спачатку: гаварыў, што сена меў на адну карову, а карміць давялося дзве. Але ж не дарма: удалая была!

І, трэба разумець, з вяроўкай?

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?