Вы тут

Пра вясновае, вясковае і пра школу выжывання


Не ведаю, як вы, а я ўгадваю, што вясна ўжо прыйшла, не па ручаінах, якія жвава бягуць па асфальце, не па пранізлівых сонечных промнях, якія яшчэ і не грэюць надта, але ўжо адбіраюць вочы, не па празрыстых прыцемках, якія адсоўваюцца на ўсё больш позні час і робяцца чыста-крыштальнымі — з прымаразкамі і яркай зоркай на яшчэ светлаватым небе, і нават не па водары абуджанай зямлі, які можна адчуць толькі ў сакавіку, які праб'ецца праз увесь чад і бруд вялікага горада. Вясна паведамляе пра сябе сялянскай памяццю, якая ў гарадской цёплай кватэры абуджаецца кожны год і пачынае нашэптваць у галаве, дазволу пра тое не пытаючыся, нешта абсалютна далёкае ад таго, пра што ты павінен думаць згодна са сваімі службовымі абавязкамі і сацыяльным статусам, — нешта нашмат больш простае. І, з кожным годам мацней разумееш, — больш важнае.


Я вось, напрыклад, нядаўна прачнулася сярод ночы і пачала думаць, што і як сёлета буду садзіць на агародзе. Успамінаць, на якой градзе летась сядзела фасоля, а на якой — цыбуля (расліны ж трэба штогод адпаведным чынам чаргаваць), планаваць, куды сёлета пасаджу агуркі, а куды — перцы. Стала складаць спіс насення, якое неабходна купіць, успомніла, што памідоры на рассаду трэба было сеяць яшчэ ўчора. Карацей, у клопатах і хваляваннях тая бяссонная ноч праляцела як імгненне. Разам з новым днём, які напоўніў шыбы ў высотцы насупраць світальнай чырванню, прыйшлі веданне і ўпэўненасць: вясна ўжо тут.

І так цяпер кожны дзень: у мітусні гарадскога натоўпу, у транспарце, на працы і дома на нейкую хвіліну раптам пераносішся ў іншую, вясковую, рэчаіснасць і ў нейкім урачыстым прадчуванні — хутчэй бы — глядзіш на каляндар: на якія дні прыпадаюць майскія святы, хвалюешся: ці паспееш да іх заканчэння зрабіць усё, што запланаваў, ці не будзе сёлета ў гэтыя дні дажджу або замаразкаў. Успамінаеш, як вецер пахне чаромхай, як цёхкае ў старых вербах салавей, радуешся, што хутка, вельмі хутка ўсё гэта абавязкова будзе ў тваім жыцці, інакш і быць не можа. Ведаеш, не можаш не ведаць, што будуць і пякучыя мазалі на руках, і абгарэлы на прагным вясновым сонцы твар, і спіна пад вечар будзе адмаўляцца прымаць вертыкальнае становішча — і ўсё роўна радуешся. Можа, са мной штосьці не так?

У такім разе не толькі са мной. У тралейбусе дзве жанчыны гучна абмяркоўваюць новы гатунак бульбы. У метро сужэнцы чытаюць часопіс для дачнікаў, муж дастае з кішэні аловак, нешта падкрэслівае. У магазіне насення ажыятаж — як на распродажы. Заходжу вечарам у кватэру — мама па тэлефоне абмяркоўвае з суседкай, чым падкарміць рассаду перцаў, каб да мая добра падраслі (а яшчэ некалькі тыдняў таму з той жа суседкай толькі і размовы было, што пра лекі ды пра тое, што сёлета, пэўна, ужо на лета ў вёску не паедуць, бо здароўя няма). Карацей, вясна бясспрэчна на Беларусі пануе...

І гэта вельмі добра, што ёсць у жыцці нешта трывалае і бясспрэчнае. Карані (без аніякай патэтыкі, у прамым сэнсе), якія трымаюць на зямлі. Запасны аэрадром, заўсёды гатовы прыняць, якая б катастрофа ні здарылася на той вышыні, на якую ўзляцеў. Скончаная з залатым медалём школа элементарнага выжывання. Веды, атрыманыя аднойчы і назаўсёды, якія за спінай не насіць, якія могуць спатрэбіцца ў любы час. Не так ужо і мала, праўда?..

Чаму ж тады мы так заўзята абараняем ад іх атрымання сваіх дзяцей? Сённяшнія саракагадовыя — апошняе, бадай, пакаленне беларусаў, якое не толькі ведае, што такое праца на зямлі і для чаго яна патрэбна, але і разумее, што без яе чалавек... бездапаможны, ці што? Калі ж удаецца выцягнуць пятнаццацігадовага водпрыска ў вёску ці на дачу, мы нават не стараемся далучыць яго да элементарнай фізічнай працы — ён у лепшым выпадку боўтаецца без справы, пазяхаючы ад нуды, у горшым — сядзіць з планшэтам у хаце. Калі ўсё ж прымусіш штосьці зрабіць — усё пойдзе не так: цыбуля будзе пасаджана ўверх каранямі, града ўскапана мелка, на кустах абрэзаныя самыя маладыя парасткі. Часцей за ўсё махаем на гэта рукой і перарабляем самі: маўляў, што тут зробіш, такое пакаленне, ім жа не ў вёсцы жыць...

Можа, яно і так. Але ўмець (ці хоць бы ведаць дакладна), як робяцца элементарныя, неабходныя рэчы, павінен кожны, нават рафінаваны гараджанін. Бо ад гэтага, зусім нечакана акажацца, можа залежаць літаральна жыццё. Я не кажу пра нейкі катаклізм, які можа пазбавіць нас выгод цывілізацыі, — гэта са сферы фантастыкі. Я кажу пра рэчы больш рэальныя. Вы не заўважылі, што апошнія гады кожную зіму з'яўляюцца паведамленні аб тым, што маладыя людзі загінулі, адпачываючы на дачы, — учадзелі або згарэлі. А чаму ніхто не кажа пра тое, што гэта не трагічная выпадковасць, у трагедыі ёсць прычына: няшчасныя проста не ведалі, як правільна падпаліць печ і закласці юшку. Простая навука, якой яшчэ за пакаленне да іх валодаў кожны (упэўнена: і іх бацькі таксама), але чамусьці не палічыў патрэбным падзяліцца з нашчадкамі...

А памятаеце, як у Караткевіча: «Я часам думаю, што таму мы такі моцны, трывалы народ, што праз усё наноснае ва ўсіх нас сядзіць звычайны мужык альбо баба. І культура, здаецца, і вытанчанасць, і размова пра Сомерсета Моэма, а павеяла сенам — і хочацца бабе басанож на траву; павеяла небяспекай — і празмерна культурны мужык лаецца беларускімі праклёнамі...» Зразумела, дзе мы — дзе Караткевіч, які напісаў гэта гадоў сорак назад. Усё мяняецца з шалёнай хуткасцю, ніхто ўжо хутка не будзе нюхаць сена і ўгадваць вясну па жаданні пакапацца ў градах.

Галоўнае, каб разам з гэтым і «моцны, трывалы народ» у мінулым не застаўся.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Загаловак у газеце: Карані і парасткі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.