Вы тут

Яшчэ некалькі беларускіх фільмаў на вялікім экране


Сакавік толькі пачаўся, а ўжо абяцае цэлую серыю паказаў беларускіх фільмаў на вялікіх экранах мінскіх кінатэатраў.


Такая актыўнасць не можа не радаваць у момант, калі на нацыянальную кінастудыю "Беларусьфільм" асабліва не паспадзяешся з яе адзіным за 2016 год ігравым творам. Не так даўно мы пераключыліся на незалежнае кіно, але яно ўсё відавочней праяўляе сябе як найбольш актуальнае і найбольш цікавае з мастацкага пункту гледжання. У сакавіку адбудзецца аднаразовая дэманстрацыя новай дакументальнай стужкі Кацярыны Махавай "Хай жыве маленькі прынц". Пройдуць паказы спецыяльнага альманаха ад праекта "Незалежны позірк", які прадстаўляе на погляд арганізатараў найцікавейшыя беларускія фільмы за апошні час. Нарэшце некалькі дзён пракату, у рамках таго ж праекта, атрымаў фільм маладога і супярэчлівага рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага "Любоў і партнёрства".

Карціна "Хай жыве маленькі прынц", дарэчы, паказвалася на "Артдокфэсце", без сумненняў адным з найпрэстыжнейшых кінафестываляў дакументальнага кіно, а таксама ў Кіеве на кінафоруме "Пакроў". Хай гэта і будзе рэкамендацыяй, бо ўласна пра фільм пакуль складана нешта сказаць. Але з анатацыі можна вычленіць актуальную, важную, сацыяльную тэму, здольную раскрываць як зямныя, так і метафізічныя катэгорыі. Частка фільма паказвае рэпетыцыі спектакля "Маленькі прынц", што артыст Аляксандр Ждановіч праводзіць з дзецьмі псіханеўралагічнага інтэрната. У другой частцы фільма героі ў розных сітуацыях адкрываюць свой унутраны свет, які фіксуе дакументаліст. Аўтары прадстаўляюць стужку як "фільм-пошук і фільм-разважанне, напоўнены маналогамі і шчырасцю герояў" і менавіта з аўтарамі будзе магчымасць абмеркаваць карціну на адзіным яе паказе 9 сакавіка ў кінатэатры "Мір".

Праект "Незалежны позірк", які паказвае кіно незалежных сучасных аўтараў, — для беларускага гледача ўжо не навінка. Летась спецыяльная праграма, падрыхтаваная арганізатарамі, ужо паказвалася ў Доме кіно. Новы альманах, што складаецца з трох карцін, трапіць на вялікі экран таго ж кінатэатра 16 сакавіка. Праграма абапіраецца на Нацыянальны конкурс міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" і абірае двух яго пераможцаў і аднаго ўдзельніка. Нагадаю, найлепшым ігравым фільмам конкурсу сёлета стала кароткаметражка Віктара Красоўскага "Душы мёртвыя", знятая быццам адным кадрам. Фільм аказаўся ўзважаным, прадуманым, драматургічна выбудаваным выказваннем, з шэрагам сімвалаў, метафар і адсылак да класікаў (у першую чаргу, вядома ж, да спадара Гогаля). Бытапісанне цэха, у якім працуюць інваліды і праяўляюцца характары "звычайных" людзей, у выніку натхняе на філасофскія развагі, што датычацца ўсіх узроўняў жыцця чалавека.

У якасці дакументальнага фільма на "Лістападзе" перамагла "Саламанка" — дзіўная, прыгожая, мерная карціна двух беларусаў, што жывуць у Маскве, а фільм знялі ў Мексіцы. Яны звярнулі сваю ўвагу на паселішча рэлігійнай суполкі менанітаў, што маюць свой асобны соцыум. Шматмерная чорна-белая карціна, у якой закадравым голасам расказваецца асабістая трагедыя мужчыны-менаніта, а візуальна адлюстроўваецца жыццё паселішча, сямейны быт і традыцыі, школы, гульня дзяцей. Зноў фільм — не проста дакументалістыка, мэта якой адлюстраваць незвычайны для гледача свет. Насычаная сэнсамі, сімваламі, кінематаграфічнай прыгажосцю карціна, хоць і расказвае пра далёкую Мексіку, кажа пра ўніверсальныя рэчы, якія адзавуцца ў кожным. "Саламанка" ўдзельнічала ў конкурсе Артдокфэсту, што лічыцца нядрэнным дасягненнем, а таксама паказвалася на розных кінафестывалях — у Амстэрдаме, Таронта, Хельсінкі і іншых гарадах.

Нарэшце, трэцяй часткай альманаха з'яўляецца кароткаметражка "Дваццацьшаснаццаць", знятая дзякуючы праекту "Кінаспрынт". Незвычайна — не дыдактычна — аўтары падышлі да акрэсленай экалагічнай тэматыкі. Яны стварылі на экране пэўны постапакаліпсічны свет і змясцілі ў ім толькі аднаго героя, які кожны дзень у канкрэтны момант апускае лісты ў закінутую паштовую скрыню. Невядома толькі, куды, каму і што ў лістах... Гэтыя тры фільмы серыяй будуць паказвацца кожны дзень з 16 да 19 сакавіка ў Доме кіно.

А 30 сакавіка праект "Незалежны позірк" працягнецца пракатам новага фільма самага супярэчлівага сучаснага рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага, які некалькі гадоў таму нечакана "ўварваўся" ў беларускую кінапрастору, адразу нарабіў у ёй шуму і стаў прычынай шматлікіх спрэчак. Напэўна, нікога іншага з аўтараў сёння так не абмяркоўваюць, як Лаўрэцкага, хоць яго кіно па-ранейшаму застаецца аматарскім. "Незалежны позірк" прапануе паглядзець яго карціну "Каханне і партнёрства", якая ў Нацыянальным конкурсе "Лістапада" атрымала ад міжнароднага журы дыплом "За адчуванне часу".

Нябачны фільтр адабраў для гледача найлепшае беларускае кіно апошняга часу і раскідаў яго па сакавіку. Добра пачынаецца вясна.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.