Вы тут

Выстава як водгулле нацыянальнасці


Колеры Беларусі, іх гісторыя, значэнне, характэрнасць, ужыванне, уздзеянне — гэта вялікае даследаванне, якім займаецца мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў. Ён можа расказаць, напрыклад, што ў той час, як галоўным колерам у беларускай традыцыі з'яўляецца белы, чорны не мае адмоўнай канатацыі, больш за тое: спалучэнне гэтых колераў замацавалася ў нашай культуры праз чорна-белы арнамент. Ці пра тое, што чырвоны бурак быў сімвалам шляхецкасці, а боршч — сакральнай стравай. Што шэры для нас азначае зону бяспекі і мае толькі станоўчы сэнс. А журавіны ў цукры — салодкі, а насамрэч аскомісты пачастунак — могуць стаць сімвалам краіны. Міхал Анемпадыстаў вядзе сваю работу ўжо шмат гадоў і ў канцы сакавіка абяцае прадставіць кнігу «Колер Беларусі». А пакуль у галерэі Беларускага саюза дызайнераў адкрылася аднайменная выстава, дзе колер Беларусі трэба не ўспрымаць праз сфармуляваныя гіпотэзы, а адчуваць.


Міхал Анемпадыстаў спрабуе адказаць на даволі інтрыгуючыя пытанні. Што такое «колер» і чаму ён феномен культуры? Якія колеры першымі атрымалі свае імёны ў нашых продкаў? Якія каларыстычныя трэнды мы перанялі і як пераасэнсавалі? Якім чынам колеры фарміруюць самаідэнтычнасць?

Выстава — гэта 80 фотаздымкаў, якія складваюцца ў мудрагелістую прадуманую кампазіцыю і раскрываюцца не толькі самі па сабе, але і ў сваім суседстве. Рэчы, аб'екты, цені, колеры, іх пах. Адсутнасць подпісаў прымушае ўспрыманне быць яшчэ вастрэйшым. Можна нават сказаць, экспазіцыю трэба счытваць нейкім шостым пачуццём, водгаласамі менталітэту (калі яны прысутнічаюць), успамінамі з дзяцінства.

Гэтыя «колеры», то-бок усё, што на фотаздымках, адсылаюць да рэчыўнага асяроддзя беларуса, да звязаных з ім эмоцый (гэта можа быць велікодная цеплыня ад барвовага яйка альбо ціхамірнасць вясковай хаты, навеяная засушанымі пахучымі пучкамі траў), да супярэчлівай гісторыі з яе дзіўнымі спалучэннямі. Ёсць у экспазіцыі, напрыклад, здымак з выдатнага ракурсу, які адсылае да розных эпох, «культур» Беларусі і нагадвае, што мы з'яўляемся спадчыннікамі іх усіх. На фота суседнічаюць цагляная чырвоная пабудова, якая сваёй архітэктурай (мы бачым толькі фрагмент) нагадвае вежу, і чырвоная зорка як сімвал савецкага мінулага, прымацаваная на дах іншага збудавання. Альбо ў іншым месцы побач размешчаны два здымкі, што сімвалізуюць шэры колер. На адным — фрагмент трухлявай закінутай сялянскай хаты з непафарбаванага дрэва, што прымушае прыгадаць, вядома ж, значны пласт нашай гісторыі і сучаснасці. На другім — металічны ўзорысты фрагмент ужо дарагога збудавання, што адсылае да шляхецкасці.

На здымках выставы адлюстраваныя элементы класічнага беларускага мастацтва; ежа — малако ў кубку, той жа бурак, грушы ў кошыку, блінец, зялёныя памідоры; народная творчасць кшталту выцінанкі альбо вышытых сурвэтак; элементы архітэктуры; цені на снезе альбо на сцяне драўлянай хаты; рабізна на вадзе і журавіны ў цукры. Кажуць, пра кожны з гэтых фотаздымкаў у рэчышчы ўжывання, значэння колераў у беларускай культуры і іх уплыву аўтар можа расказваць доўга. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя — выстава «Колер Беларусі» прадугледжана для невербальнага ўспрымання і сапраўды — хоць бы праз успаміны і ўласныя асацыяцыі — яна знаходзіць водгалас.

Побытавая каларыстыка ў многіх краінах становіцца аб'ектам уважлівага вывучэння, Швецыя нават мае адмысловы інстытут. У Беларусі ж на гэты конт не існуе навуковай базы, можна прыгадаць хіба што кнігі па каларыстыцы Леніны Міронавай, вучнямі якой у Акадэміі мастацтваў у свой час былі многія беларускія мастакі, у тым ліку Уладзімір Цэслер. Таму даследаванне Міхала Анемпадыстава, канешне, унікальнае і важнае менавіта як унёсак ва ўсведамленне беларускай самаідэнтычнасці.

Сярод экспанатаў праекта «Колер Беларусі» можна ўбачыць плакат, на якім ёсць надпіс «Каралеўства Беларусь». Ён адабраны адным з двух прадстаўляць беларускі плакат на адмысловай выставе, якая ў хуткім часе будзе ладзіцца ў Орхусе, другім па велічыні горадзе Даніі. Мяркуецца, што экспазіцыя будзе прадстаўляць плакаты розных краін.

Хай выстава ў галерэі Беларускага саюза дызайнераў, што будзе доўжыцца да 24 сакавіка, стане невербальнай часткай пазнання колеру Беларусі: другой павінна быць аднайменная кніга Міхала Анемпадыстава, прэзентацыя якой ужо на носе.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каларыстыка Каралеўства Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».