Вы тут

Пабачыў свет альбом песень з малой радзімы Рыгора Барадуліна


Беларускую паэзію складана ўявіць асобна ад яе старэйшай сястры — песні нашага народа. Многія вядомыя творцы натхняліся спевамі матуль і бабуль, бралі іх мелодыку і вобразнасць за аснову сваіх уласных вершаў, ды і што казаць — самі надзвычай любілі паспяваць. Цяпер беларускі слухач мае магчымасць дакрануцца да песеннай спадчыны Вушаччыны — радзімы народнага паэта Рыгора Барадуліна. Дыск так і называецца «Песні матчыны з Вушаччыны».


Не можа не радаваць той факт, што ў беларускім грамадстве сёння ўсё больш і больш узрастае цікавасць да традыцыйнай культуры, аўтэнтычнага спеву і выканальніцкага майстэрства. Любоў да беларускасці, імкненне захаваць, пераняць і перадаць песні ад пакалення да пакалення — вось той фактар, што яднае музычныя праекты розных стыляў і жанраў. Таму «Песні матчыны з Вушаччыны» — выдатны адказ скептыкам, якія лічаць, што сучасныя беларускія музыканты не ў стане зладзіць моцны супольны праект.

У альбоме песні ў выкананні Сержука Доўгушава (аўтара і кіраўніка праекта), Ірэны Катвіцкай, Веры Саламонік, Ілоны Лесь, Віктара Сямашкі, гуртоў Re1іkt, Vuraj, Harmonіc Style Project, «Варган», хора «Салютарыс» і іншых. Так, кожны з гэтых спевакоў і камандаў па-свойму абыходзіцца з народнай песняй. Нехта перадае яе ў традыцыйным акапэльным гучанні, а нехта прапаноўвае модную пост-рокавую версію старажытнага твора. Але гэтая разнастайнасць падыходаў таксама даказвае жыццяздольнасць нашай песні, яе магчымасць жыць і выжываць, новымі парасткамі прарастаць у іншых варунках часу. Яшчэ больш каштоўным альбом робяць галасы з-за небакраю: тут мы чуем песні і вершы ў выкананні Рыгора Барадуліна і яго маці Акуліны Андрэеўны.

Цікава, што на стварэнне падобнага праекта Сержука Доўгушава натхніў сам Барадулін. Ён падарыў музыку кніжачку «Песні матчыны з Вушаччыны», дзе былі запісаныя творы лірычныя, абрадавыя, застольныя...

Так, у альбоме гучаць песні, што нашы продкі спявалі падчас хрэсьбінаў і вяселляў, падчас застолля і калі былі закаханыя, калі калыхалі дзетак і купалавалі ці валачавалі. Некаторыя з іх вам будуць знаёмыя, некаторыя прагучаць у нечаканым мясцовым варыянце, характэрным менавіта для Вушаччыны, але, безумоўна, нейкія вы і самі захочаце праспяваць. Народная песня на тое і народная, што яе можна падхапіць і панесці ў сваё жыццё, сваю сям'ю.

Дарэчы, праект «Песні матчыны з Вушаччыны» стаў сапраўды народным: яго рэліз адбыўся дзякуючы падтрымцы слухачоў і тым сродкам, якія яны пералічылі на выданне праз краўдфандынгавую платформу.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Выйдзі, дзяўчына, сэрца чакае...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.