Вы тут

Мяняць законы ці ўспрыманне?


Ідзе абмеркаванне прапаноў па спрашчэнні вядзення бізнесу

У сферы прадпрымальніцкай і іншай эканамічнай дзейнасці надыходзіць час перамен. У адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта любы чалавек можа выказацца па праблемных пытаннях і ўнесці прапанову — для гэтага на Нацыянальным прававым партале можна перайсці на старонку са зваротнай сувяззю, а на прававым форуме Беларусі створана адпаведная тэма для абмеркавання. У далейшым спецыяльная рабочая група разгледзіць усе звароты. З кожным днём колькасць паведамленняў там павялічваецца. Пра найбольш цікавыя прапановы, якія ў перспектыве могуць змяніць цяперашняе заканадаўства, у матэрыяле нашага карэспандэнта.


У першую чаргу многія звароты звязаны з адміністрацыйнымі працэдурамі, якія перашкаджаюць ажыццяўленню бізнесу.

Юрыст Яўген Лепарскі рэкамендуе ўвесці спрошчаную сістэму падаткаабкладання пры ажыццяўленні рыэлтарскай дзейнасці, паколькі ў цяперашні час магчыма толькі агульная сістэма. «Пры гэтым вельмі падобныя па сваіх прыкметах віды дзейнасці, такія, як юрыдычныя паслугі, адвакацкая і натарыяльная дзейнасць, практычна ўсе іншыя віды паслуг могуць ажыццяўляцца з прымяненнем такой сістэмы. Відавочна, што такое «нераўнапраўе» супастаўных відаў дзейнасці не мае эканамічнага абгрунтавання і з'яўляецца магутным стымулам для крыміналізацыі гэтага віду дзейнасці», — лічыць Яўген. Увядзенне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання, на яго думку, дасць магчымасць яе дэкрыміналізацыі і пры гэтым забяспечыць рост паступленняў у бюджэт дзяржавы.

Некаторыя прапановы на форуме заснаваны на асабістым вопыце. Прадпрымальнік Сяргей займаецца ў Беларусі бізнесам ужо 24 гады. Пачынаў з продажу сумак на рынку, паступова дайшоў да прадпрыемства, на якім працуе 70 чалавек. «Праблема паўстала летась, калі наша падатковая інспекцыя пры правядзенні планавай праверкі ... выявіла, што ў таварна-транспартных накладных няправільна ўказаны пункт разгрузкі. Эканамічны суд прыняў рашэнне аб канфіскацыі выручкі і тавараў. Мае довады аб тым, што на накладной стаяў подпіс адказнай асобы і штамп, і накладныя былі ў справаздачы, і з іх былі выплачаныя ўсе падаткі, нікому не былі цікавыя». Сёння ў Сяргея працуе ўжо 15 чалавек і ён задумваецца пра тое, каб згарнуць справу. Сяргей прапануе адмяніць санкцыі з боку кантралюючых органаў пры фармальных парушэннях, якія ў выніку не шкодзяць бюджэту і эканоміцы дзяржавы ў цэлым.

Прапанову падтрымлівае і Уладзімір Крупенька: «Сёння хочуць увесці мараторый на праверкі. Але які будзе эфект, калі парушэнне адбудзецца па няведанні ці з-за недакладнасці? Можа, трэба ўвесці ... памяншэнне аб'ёму штрафаў? Альбо ... штрафы прывязаць да чыстага гадавога прыбытку, але не больш за пэўны працэнт?»


Усе прапановы, якія адсылаюцца на Нацыянальны прававы партал і прававы форум Беларусі, датычацца непасрэдна саміх прадпрымальнікаў і работнікаў, звязаных з эканамічнай дзейнасцю, таму вялікая колькасць лістоў дапаможа звярнуць увагу рабочай групы на пэўныя праблемы. Заяўкі прымаюцца да 20 сакавіка — яшчэ ёсць час скласці ўласны зварот, які рэальна можа паўплываць на эканамічную прастору дзяржавы.

Экспертнае меркаванне

Умовы для прадпрымальнікаў, якія існуюць сёння, пракаменціравала для «Звязды» віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і работадаўцаў Лілія КОВАЛЬ: «У першую чаргу трэба забяспечыць роўныя ўмовы гаспадарання. Неабходна даць прадпрымальнікам доступ да маёмасці, таму што 90 працэнтаў бізнесу знаходзіцца ў арэндных адносінах, — адзначае яна. — Ніхто не можа ўкладаць сродкі ў маёмасць, якая яму не належыць. У любы момант у аднабаковым парадку з табой могуць разарваць дагавор арэнды, і з рэчамі, абсталяваннем чалавек аказваецца на вуліцы». На яе думку, трэба знізіць падатковую нагрузку і даць магчымасць бізнесу ўкласці абаротныя сродкі ў сваё развіццё.

Само сабой напрошваецца пытанне: чаму заканадаўства мае ў сферы развіцця прадпрымальніцтва столькі недахопаў? «Таму што ў нашай краіне не дзейнічае сістэма ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння нарматыўных актаў, — лічыць Лілія Коваль. — Таму ў нас атрымліваюцца сырыя дакументы, якія часам супярэчаць адзін аднаму. Да іх неабходныя каментарыі, тлумачэнні дзяржаўных органаў. Без апошніх бізнес не ведае, як сябе паводзіць. Калі будзе ўведзена сістэма ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння нарматыўных актаў, тады мы будзем пралічваць, што кожнае новае правіла прынясе бізнесу.»

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».