Вы тут

Мінулае — дзеля будучыні


Насамрэч, калі б Беларускі фонд культуры вёў толькі адну праграму, гэта ўжо была б вялікая праца. Але за дзесяцігоддзе існавання было шмат праектаў, дзякуючы якім нашы суграмадзяне даведаліся пра сваю краіну больш, а краязнаўства стала не толькі папулярнай тэмай, але і часткай жыцця асабліва зацікаўленых асоб — краязнаўцаў. І ўсё ж застаюцца яшчэ задачы, якія нам — і Беларускаму фонду культуры — вырашаць далей.


Дзякуючы дзейнасці Беларускага фонду культуры ўжо больш за 20 гадоў працуе праграма «Вяртанне нацыянальных каштоўнасцей». Найперш яе задачай было вызначэнне матэрыяльных каштоўнасцей Беларусі, якія пакінулі нашу краіну па розных прычынах і не вернутыя дагэтуль.

Гэтай тэме прысвечана восем тамоў кнігі «Вяртанне», выдадзенай з удзелам БФК. Гэта падрабязны навуковы аналіз страчанай спадчыны ад музейных спісаў і да выступаў спецыялістаў па тэме гісторыі пэўных экспанатаў і культурных каштоўнасцей. З’явіўся гэты праект у тым ліку дзякуючы вялікаму рупліўцу, прафесару Адаму Мальдзісу.

— Нас заўсёды пытаюць: а што ж нам удалося вярнуць? На гэта пытанне альбо вельмі складаны адказ, альбо адказу няма. Бо вярнуць вельмі няпроста. Напрыклад, з Луўра спрабавалі вярнуць свае культурныя каштоўнасці Егіпет, Турцыя, Грэцыя, але пакуль што нічога не атрымалася, — распавёў старшыня рады Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп. — Але ў нас іншая сітуацыя: ёсць каштоўнасці, якія вывезены ў законным парадку. У 1951 годзе польскі ўрад звярнуўся да урада БССР, каб вярнулі сто партрэтаў Радзівілаў. ЦК КПСС даў вырашыць гэтае пытанне народу, а беларусы, абсалютна не заявіўшы спробы даказаць, што Радзівілы — гэта нашы, а не польскія магнаты, вярнулі «польскія партрэты» Радзівілаў у Варшаву.

І гэта зусім не выключная гісторыя. Падобнае адбывалася ў нашай краіне цягам дзесяцігоддзяў, калі беларускі народ быў адлучаны ад свайго мінулага. Разам з гэтым шмат нашай спадчыны было вывезена незаконным шляхам ці эвакуіравана і не вернута. Такая гістарычная рэліквія, як крыж Ефрасінні Полацкай майстра Лазара Богшы, да Вялікай Айчыннай вайны была ў экспазіцыі магілёўскага музея. Наогул, фонды беларускіх музеяў да Вялікай Айчыннай вайны былі значна багацейшыя. Напрыклад, у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі былі шэраг работ Юдэля Пэна, а таксама калекцыя заходнееўрапейскага жывапісу — творы мастакоў фламандскай і італьянскай школ сямнаццатага стагоддзя і інш. А ў Баранавічах беларусы маглі пабачыць арыгіналы Рэмбранта і Тэадора Жэрыко.

— Зараз вярнуць тыя ж партрэты Радзівілаў мы не маем магчымасці. І вымушаны рабіць копіі, спадзявацца на падарункі. Дзякуй, што ёсць людзі, якія спрыяюць гэтаму, у тым ліку ў Міністэрстве культуры Польшчы, грамадскія арганізацыі дапамагаюць, і нешта нам удаецца вярнуць. А ўсё астатняе калі і вяртаецца, то дзякуючы сродкам, якія мы ўкладваем, — адзначыў старшыня рады БФК.

Нягледзячы на тое, што Камісія пры Савеце Міністраў па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы і культурны ўжытак нацыянальных культурных каштоўнасцей, якія апынуліся за межамі Беларусі, працуе ўжо каля васьмі год, намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік указаў на тое, што ў нас адсутнічаюць законы аб рэстытуцыі каштоўнасцей.

 — У Рэспубліцы Беларусь адсутнічаюць нарматыўныя акты аб рэстытуцыі культурных каштоўнасцей. Гэта вельмі вялікая праблема для нас сёння, — адзначыў Васіль Чэрнік. — Я думаю, што камісія ў абноўленым складзе, якая павінна ўжо зараз збірацца і працаваць, мае шмат правоў, каб паставіць пытанне пра распрацоўку такога закона.

Разам з гэтым савет Беларускага фонду культуры ўздымаў шэраг пытанняў, да якіх трэба прыцягваць увагу. Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні савета БФК, адзначыў, што вельмі важна падкрэсліць значэнне старажытнага горада Полацка — як калыскі беларускай дзяржаўнасці. Тадэуш Стружэцкі, таксама намеснік старшыні рады, расказаў, што ў гэтым годзе павінна пачацца праца па пераўтварэнні вёскі Будслаў у цэнтр турызму і культуры. Сярод прапаноў фонду на 2017 год — наданне імя Францішка Скарыны Нацыянальный бібліятэцы Беларусі і адкрыццё мемарыяльнага знака «Беларусам свету».

Яна ПАЛЯШЧУК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?