Вы тут

Хараство з бабуліных куфраў


Прыгожы жаночы твар, акаймаваны бялюткай наміткай з паскам чырвонага арнаменту, глядзіць з вокладкі альбома «Традыцыйны беларускі касцюм», што пабачыў свет у выдавецтве «Беларуская навука». Падрыхтавалі яго вядомыя даследчыцы беларускага народнага тэкстылю Марыя Віннікава і Паліна Богдан, у актыве якіх — шматлікія выданні і публікацыі самага рознага кшталту па гэтай галіне нацыянальнай культуры.

І вось — шыкоўны альбом з сотнямі арыгінальных фотаздымкаў, якія прадстаўляюць традыцыйнае святочнае адзенне беларусаў ва ўсёй яго рэгіянальнай і лакальнай разнастайнасці, адпрацаванасці і вытанчанасці крою, арнаментыкі, каларыстыкі. Праўда, выданне не прэтэндуе на паўнату і ўсеахопнасць матэрыялу па адной з найбольш яркіх і багатых галін традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў. Задача ставілася больш вузкая: данесці да шырокай грамадскасці часцінку тых скарбаў, што не адно дзесяцігоддзе збіраліся супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, сёння — Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук.

Спецыялісты добра ведаюць, якія мастацкія багацці захоўваюцца ў фондах аддзела старажытнабеларускай культуры, як і тое, што іх зборы традыцыйнага касцюма — адны з найбагацейшых у Беларусі. Часткова яны прадстаўленыя ў экспазіцыі, што мае неафіцыйны статус музея і куды, у прынцыпе, пры жаданні няцяжка патрапіць. Але ж у экспазіцыі (як, зрэшты, і ў любым іншым музеі) дэманструецца далёка не ўсё. Да таго ж, касцюм у вітрыне ці на манекене не стварае таго ўражання, як на чалавеку, для якога ён быў прызначаны, як у тым прыродным ці рукатворным атачэнні, дзе ён глядзеўся натуральна і арганічна. Вось гэтую натуральнасць, паўнату мастацка-пластычнага выяўлення і паспрабавалі адлюстраваць аўтары альбома.

Зрэшты, гэта была ўжо заключная стадыя шматгадовай працы над выданнем. Бадай, толькі спецыялісты пасапраўднаму могуць ацаніць увесь папярэдні аб’ём работы: у музейныя ж сховішчы ўзоры традыцыйнага касцюма трапляюць не самі па сабе і ў большасці выпадкаў далёка не ў такім стане, як мы бачым на фотаздымках. Аўтары альбома не толькі шмат гадоў рупліва збіралі ацалелыя скарбы народнай мастацкай творчасці, але і самі прыводзілі іх у належны стан, нават аднаўлялі страчаныя ці папсаваныя дэталі і кампаненты. Такое вось грунтоўнае, усебаковае, дасканалае «пранікненне ў матэрыял» не магло не даць адпаведнага выніку. Да ўсяго, самі ж даследчыцы рабілі здымкі, сагітаваўшы прыхільнікаў традыцыйнай культуры апрануць традыцыйныя строі.

І вось жа якая цікавая рэч: гарадское дзяўчо мяняе звыклыя джынсы і красоўкі на традыцыйны святочны касцюм — і дзівосным чынам ператвараецца, набывае нейкую асаблівую годнасць, зграбнасць, сапраўдную прыгажосць. А гэтае ж хараство стваралі нашыя продкі.

Матэрыял у альбоме размешчаны па агульнапрынятым прынцыпе — у адпаведнасці з гісторыкаэтнаграфічным раяніраваннем Беларусі. У народным адзенні (ды яшчэ хіба што ў традыцыйных ручніках) рэгіянальныя і нават лакальныя адметнасці ў большасці выпадкаў даволі відавочныя. Здавалася б, кампаненты ўсюды адны і тыя ж: сарочка, спадніца, фартух, безрукаўка; мужчыны насілі штаны і падперазаную поясам сарочку. Аднолькавы, на першы погляд, і характар арнаментыкі: шлячкі ромбагеаметрычнага дэкору сімвалічнага чырвонага колеру кампануюцца па краях розных прарэхаў у адзенні, ахоўваючы такім чынам цела чалавека ад пранікнення злых сіл. Але асаблівасці крою, стылістыка кампанентаў, насычанасць дэкору і яго размяшчэнне нярэдка прыкметна розняцца, што і пастараліся паказаць аўтары выдання.

Праўда, не ўсё так проста. Ранейшыя выданні па народным адзенні дэманструюць яўную перавагу палескіх строяў і амаль поўную адсутнасць іх з Панямоння ці Паазер’я. Яно і зразумела: калі на Палессі традыцыйны касцюм, няхай сабе і прыкметна зменены, бытаваў яшчэ паўстагоддзя таму, то на той жа Віцебшчыне ён быў рэдкасцю ўжо ў пачатку ХХ стагоддзя, таму адшукаць тут сёння нават асобны кампанент — марная справа. Але зусім не дарэмныя высілкі рупліўцаў — скажам, майстроў з Лепельскага раённага цэнтра рамёстваў, якія па рэдкіх ацалелых матэрыялах, архіўных і літаратурных звестках узнавілі (у тым ліку ў матэрыяле) колішні мясцовы касцюм — выразна адметны і вытанчана прыгожы. Ён таксама прадстаўлены ў альбоме, як і рэканструкцыі страчаных строяў, зробленыя (па распрацоўках аўтараў выдання) майстрамі прадпрыемства «Скарбніца».

У выніку матэрыял па адным з найбольш прадстаўнічых відаў нацыянальнай культуры пададзены па рэгіёнах адносна раўнамерна. Трэба, скажам, апрануць мясцовы фальклорны калектыў — можна не ламаць галаву ці распрацоўваць нейкі неіснуючы сярэднебеларускі варыянт адзення: бяры альбом, шукай патрэбны строй…

Яўген САХУТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.