Вы тут

Наша школа


Як забяспечыць скачок беларускаму кіно?


Кадр з фільма «Апошні шанц» (рэжысёр І. Васільеў).

Добрае кіно пачынаецца з добрай рэжысуры. Беларускае кіно мінулых эпох таму сведчанне: яго стваралі прафесіяналы, асобы, якія глыбока адчувалі край, дзе працавалі, нават калі прыязджалі ў Беларусь па размеркаванні з ВНУ іншых рэспублік былога Саюза, у асноўным з легендарнага ВГІКа. Гэта адно з тых пытанняў, якія засталіся ў спадчыну ад былой кінаэпохі маладой краіне: адсутнасць уласнай школы, якая б рыхтавала кадры, здольныя працаваць на кінематограф незалежнай краіны, увасабляючы важныя для яе тэмы. Тэма кіно цяпер для нас балючая. Не толькі для гледачоў, якія чакаюць адкрыццяў ці проста фільмаў, якія было б цікава глядзець сёння. Тэма балючая і для дзяржавы. Вырашаць яе ўзяліся па частках-сегментах, адным з якіх стала кадравае пытанне: Беларусі патрэбная свая школа, якая б клапацілася пра прыток спецыялістаў у кінагаліну. І вось ужо 7 гадоў на змену заслужаным майстрам прыходзяць рэжысёры і аператары, якія скончылі факультэт экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Менавіта там сёння адраджаецца айчынная кінашкола.

Ведаць, каб здымаць

Каб стаць студэнтам Акадэміі мастацтваў, трэба вытрымаць 3 этапы творчага конкурсу, а для адчування ўпэўненасці — нават пайсці на курсы падрыхтоўкі, дзе за палову года можна атрымаць мінімум патрэбных ведаў. Выпадковых людзей у акадэміі амаль не бывае, кажа дэкан факультэта экранных мастацтваў Павел Іваноў, таму што прыходзяць людзі з цікавасцю да кінамастацтва, але адзначае, што раней адбор быў больш жорсткім: «Паступіць на рэжысёра атрымлівалася толькі ў людзей з нейкім жыццёвым досведам, папярэдняй адукацыяй. Напрыклад, я сам па першай адукацыі — акцёр, і толькі ў 28 гадоў паступіў на рэжысуру. А сёння вучыцца ідуць адразу пасля школы, у 16-17...»

Тым не менш, згодна са статыстыкай, 90% выпускнікоў акадэміі ўсё ж застаюцца працаваць у прафесіі, значыць, ідуць у яе свядома. Тым больш што існуе і вялікі конкурс, асабліва датычна рэжысёраў кіно, дзе адбор наогул вельмі жорсткі. Некалькі гадоў таму ў акадэміі быў пазапланавы курс: Маргарыта Касымава выпускала рэжысёраў дзіцячага кіно. Паступілі на яго каля 8 чалавек, а дыплом атрымалі толькі трое. Умовы былі вельмі складанымі — не кожны змог вытрымаць і конкурс, і навучанне.

Рэжысёраў ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно ў Акадэмію мастацтваў набіраюць раз на 5 гадоў. Пакуль дакладна не вядома, калі будзе наступны набор: краіна пераходзіць на Балонскую сістэму адукацыі, а для творчых спецыяльнасцей такая спецыфіка — яшчэ і цяжкасці ў змяненні адукацыйнага працэсу. Цяпер трэба будзе даваць веды, разлічаныя на 5 гадоў, за меншы тэрмін. Ці атрымаецца за гэты тэрмін «выкаваць» паўнавартаснага спецыяліста, які павінен выспець і як прафесіянал, і як асоба, калі гаворка пра рэжысёраў?..

Аднак камера моладзь вабіць. Вось і сёлета з акадэміі выпусцяцца 8 рэжысёраў кіно — даволі вялікая колькасць для маленькай краіны, мяркуе Павел Іваноў. Кожны з іх хоча здымаць сваё кіно, навучыўшыся ў выдатнага майстра. А іх у Акадэміі мастацтваў дастаткова: многія выкладчыкі тут — вядомыя рэжысёры. Сёлетніх выпускнікоў, рэжысёраў ігравога кіно, курыруюць мастацкі кіраўнік Рэната Грыцкова і педагог па рэжысуры Сяргей Шульга, дакументалістаў рыхтуе Маргарыта Касымава (за яе плячамі — шэраг дакументальных і ігравых фільмаў), мультыплікатарам выкладае Алена Турава, а дапамагае ёй зорка сусветнай анімацыйнай велічыні Міхаіл Тумеля. Адным словам — лепшыя, падсумоўвае дэкан: «Наогул, каб выкладаць у акадэміі, трэба быць майстрам сваёй справы, бо тых, хто жадае стаць выкладчыкам, хапае. Але выкладаць можа не кожны: тут і свая спецыфіка, і моладзь сёння інфармацыйна падкаваная, яе трэба зацікавіць».

Асаблівасць Акадэміі мастацтваў у тым, што выкладчыцкі састаў тут не можа складацца выключна з тэарэтыкаў — патрэбны спецыялісты-практыкі. Павел Іваноў адзначае, што выкладаць у акадэміі можа сабе дазволіць толькі забяспечаны чалавек: невялікія заробкі робяць працу спосабам атрымаць не матэрыяльнае забеспячэнне, а хутчэй маральнае задавальненне: «Людзі з неверагоднай колькасцю ўзнагарод працуюць у нас дзеля асалоды, уласнай зацікаўленасці. Выкладчыкі і самі атрымліваюць веды ад студэнтаў. Кажуць, што рэжысуры нельга навучыць, але можна навучыцца. Хоць гучыць і банальна, але гэта праўда. Студэнт можа выцягнуць з педагога ўсю неабходную карысную інфармацыю».

Універсальны кінематаграфіст

Дэкан адзначае, што акадэмія з задавальненнем запрашала б выкладаць хоць усіх вядомых рэжысёраў, але гэта фінансава немагчыма. Многія майстаркласы ладзяцца пры падтрымцы пасольстваў замежных краін — з іх дапамогай атрымалася правесці заняткі са спецыялістамі з ЗША, Японіі, Фінляндыі, Даніі, Нарвегіі, Ірана — і гэта няпоўны спіс краін. Падчас кінафестывалю «Лістапад» таксама запрашаюць вядомых кінематаграфістаў з постсавецкай прасторы.

За 5 гадоў навучання студэнты Акадэміі мастацтваў могуць рэалізавацца ў прафесіі яшчэ да выпускнога. Будучыя рэжысёры маюць магчымасць карыстацца вучэбнай студыяй з усім неабходным: святлом, камерамі, экранам, павільёнамі для аператараў, мантажнымі, студыяй для працы з гукам. Павел Іваноў дадае, што такім чынам цыкл атрымліваецца замкнёным: працаваць над фільмам можна ад пачатку да канца. Калі і гэтага недастаткова, то практыку можна праходзіць на тэлеканалах і кінастудыі «Беларусьфільм». Цікава, што студэнты ўсё робяць самі: у іх тут няма фатэля з надпісам «рэжысёр». Яны манціруюць, прадзюсіруць, дапамагаюць адзін аднаму са здымкамі, нават падпрацоўваюць акцёрамі, і гэта карысная школа: на ўласнай скуры можна адчуць, што такое быць асістэнтам, адміністратарам. Гэта дапаможа і на здымачнай пляцоўцы па-іншаму ставіцца да сваіх калег, разумеючы іх абавязкі.

Самі студэнты шукаюць і сродкі для здымак. Хоць перыядычна вучням акадэміі вылучаюць грошы з бюджэту, распавядае Павел Іваноў: «У адным з семестраў нашыя студэнты павінны прадставіць праект фільма, магчыма, эпізод — у аднаго чалавека будзе магчымасць ператварыць сваю ідэю ў кіно. Выбіраем праект з дапамогай пітчынгаў, гэта абавязковая практыка. Некаторыя гэтай магчымасцю нават не карысталіся ні разу, а хтосьці здымае і некалькі стужак на бюджэтныя сродкі».

Тое, што кіно за бюджэтныя грошы могуць здымаць не ўсе, — штуршок да спаборніцтва паміж студэнтамі: канкурэнтнае асяроддзе, якое чакае іх пасля выпуску, прапануюць адчуць і падчас навучання. Дэкан лічыць, што толькі так можна атрымаць неабходны стымул для развіцця, навучыцца прадаваць свой талент, а разам з ім — і кіно. Усё ж чыстай творчасці тут не бывае, як і ў любым з відаў мастацтва. Кіно без бюджэту не здымеш — яно патрабуе чалавечых намаганняў, ды і выдаткаў. Часам у здымках студэнтам дапамагаюць кінакампаніі, фірмы, якія спецыялізуюцца на святле: прадстаўнікі адной з такіх прыязджалі ў акадэмію на майстар-клас, і дырэктар прапанаваў прадаставіць святло кінематаграфістам бясплатна, калі ў іх будзе што здымаць. Таму ўсе гатовыя ісці насустрач маладым кінематаграфістам. Сёлета студэнтам наогул пашанцавала: акадэмія добра папрацавала з «Беларусьфільмам» (кінастудыя выйграла тэндар на вытворчасць трох вучэбных кароткаметражных стужак), і будучыя рэжысёры атрымалі магчымасці для здымак, выдатную апаратуру.

Чаканні і рэальнасці

Акрамя супрацоўніцтва з нацыянальнай кінастудыяй студэнтам ёсць яшчэ чым ганарыцца: напрыклад, будучы дакументаліст Ягор Бякаў яшчэ на першым курсе атрымаў Гран-пры ў Тэгеране на фестывалі «100 секунд» (абышоў 107 канкурэнтаў з 46 краін), на «Лістападзе» акадэмія ўзяла дыплом на конкурсе кінашкол, у некалькіх замежных фестывалях перамагла студэнтка Нэла Васілеўская.

Сакрэт поспеху будучай стужкі ў многім залежыць ад выбару тэмы. Здараецца, што гэты этап для студэнтаў самы складаны. Трэба не толькі прынесці ідэю ці гісторыю, каб было зразумела, ці можна з гэтым працаваць, але яшчэ і напісаць сцэнарый, што не ў кожнага рэжысёра атрымліваецца. Мастацкія кіраўнікі ўсё ж знаходзяць падыход да студэнтаў, дапамагаюць, бо ў кадры не павінна быць нічога лішняга. І гэта таксама школа, бо, каб трапіць рэжысёрам-пастаноўшчыкам на поўны метр, гэтага трэба дамагчыся, і так не толькі ў Беларусі. Шлях да гэтага поўнага метра ў многіх ляжыць праз тэлебачанне, дзе здымаецца шмат усяго (тыя ж серыялы), таксама — праз кароткаметражнае кіно (сёння шмат фестываляў, дзе можна заявіць пра сябе). Выкладчыца акадэміі Рэната Грыцкова таксама здымала кароткаметражкі, адна з іх перамагла на Ханты-Мансійскім фестывалі, менавіта там ёй прапанавалі здымаць поўнаметражнае кіно. Павел Іваноў кажа, што ў свеце кінематографа трэба даказаць, што ты можаш зняць вартае кіно, і толькі тады атрымаеш такую магчымасць. Таму будучыя рэжысёры здымаюць і кліпы, і рэкламу, і кароткаметражкі, і дакументалкі — сёння прафесіянал павінен умець усё, каб выжыць у канкурэнтным свеце кіно.

Мары пра вялікае кіно адразу, хутчэй за ўсё, не спраўдзяцца. Пасля выпуску чакае размеркаванне: рэжысёры кіно атрымліваюць адукацыю за дзяржаўны кошт, на платную форму студэнтаў тут не набіраюць, адзначае Павел Іваноў: «Ёсць праблемы з размеркаваннем, і гэта звязана ў тым ліку з рамонтам на кінастудыі. Мы ўладкоўваем выпускнікоў і ў прыватныя кампаніі, хтосьці становіцца выкладчыкам у дзіцячых кінастудыях. Але размеркаванне сёння не перашкода для здымак кіно: калі чалавек захоча, то знойдзе і магчымасць».

Сёння магчымасцей для здымак сапраўды шмат: нават мабільныя тэлефоны цяпер дапамагаюць зняць фільм, распаўсюдзіць які потым можна праз інтэрнэт. І гэтая свабода творчасці ўпэўніла многіх у тым, што здымаць сёння можа кожны. Таму шлях пяцігадовай адукацыі тыя, хто хоча быць «генераламі» адразу, прапускаюць і ідуць на курсы ў кінашколы. У нейкім сэнсе кінакурсы ствараюць канкурэнтную атмасферу: дзяржаўнае кіно пачынае засяроджана пазіраць у той бок, дзе з’яўляецца незалежны кінематограф. Але альтэрнатывай дыплому кінашколы назваць немагчыма, лічыць Павел Іваноў: «Добрую адукацыю можна атрымаць толькі ў спецыялізаванай навучальнай установе. Кінашкола — хутчэй гурток па інтарэсах. Канечне, там камунікуюць, развіваюцца. Але па адным удалым прыкладзе фільма, знятага выпускніком кінакурсаў, нельга меркаваць пра тое, якім спецыялістам ты адтуль выйдзеш. Раней, ды і зараз, былі і ёсць прафесійныя напрамкі ў творчасці, а ёсць — аматарскія. І адчуць сябе рэжысёрам нікому не забаронена, але прафесія павінна быць нечым падмацаваная».

Гэтае меркаванне падзяляюць і студэнты Акадэміі мастацтваў. За 7 гадоў існавання факультэта адтуль выпусціліся 2 курсы рэжысёраў ігравога кіно, па адным курсе рэжысёраў анімацыйных стужак і дакументалістаў, аператараў, арганізатараў кінавытворчасці і кінадраматургаў. Многія з іх знойдуць сабе працу ў іншых краінах (некаторыя выпускнікі працуюць ва Украіне, Расіі, Кітаі, куды нашых спецыялістаў прымаюць нават без сумоўяў). Але ж як гэтымі творчымі сіламі распараджаецца Беларусь, якой так неабходна новае, дальнабачнае кіно?..

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.