Вы тут

Апошні грэх кампазітара


(містычны жарт, альбо «далікатэс» на развітанне)


Тонкі гумар, самаіронія, лёгка народжаны і спрытна злоўлены жарт — здабытыя духоўныя каштоўнасці працяглага і доўгага жыцця. Жыцця Джаакіна Расіні, чые ўзлёты, падзенні, удачы, расчараванні ўзважваліся гумарам і ўраўнаважваліся ўсмешкай. Сам Бетховен даў першы ўрок тонкай іроніі маладому кампазітару: «Мне Ваша опера спадабалася. Мабыць, я напішу да яе музыку…»

Джаакіна Расіні навучыўся ўсміхацца. Мог паставіць у партытуры дынамічны нюанс у восем piano! Мог у прысвячэнні п’есы Напалеону ІІІ пералічыць усіх выканаўцаў, пачынаючы ад сімфанічнага і ваенна-духавога аркестраў, хору вярхоўных жрацоў, хору маркітантак, салдат і народа з танцамі, звонамі, барабанамі і пушкамі, і прыпісаць збоку: «Даруйце за драбніцу! Што так мала!»

Мог іранізаваць і пацвельвацца з сябе, са сваіх п’ес, называючы іх «Гігіенічным прэлюдам», «Астматычным эцюдам», «Кульгавым вальсам», а часткі фартэпіяннага цыкла абазначаць як «Анчоусы», «Карнішоны», «Алей»…

«Навошта Вам мая музыка, калі ў вас ёсць мой паштэт?» — мог запытацца кампазітар у каго заўгодна пасля чарговай прэм’еры оперы, якую Гегель, напрыклад, толькі за адзін месяц наведаў 12 разоў, Гейнэ перапрошваў за сваіх суайчыннікаў і іх няздольнасць адчуць глыбіню, якую аўтар «прыкрыў ружамі»… Стэндаль (той самы, які паспеў у 1812 годзе пабываць і ў Оршы, і ў Смаленску, стаць сведкам Барадзінскай бойкі) у сваёй кнізе «Жыццё Джаакіна Расіні» аб’явіў кампазітару прысуд: «Слава Расіні можа быць акрэслена толькі межамі сусвету».

Непрадказальны, эпатажны, яркі і імпульсіўны, ён мог, даведаўшыся, што Паліна Віярдо набыла ў Лондане і прывезла ў Парыж аўтограф моцартаўскага «Дона Жуана», устаць перад партытурай на калені: «Хачу ўкленчыць перад гэтай святой рэліквіяй…»

«Заставацца сабой — адзіны сродак мець поспех». Стэндаль

Джаакіна Расіні — звычайны геній. Яго загадку разгадваюць дасюль. У 37 гадоў кампазітар раптам змоўк. Амаль на 40 гадоў. Дакладней — на 39. На столькі, колькі на гэты час было напісана опер. Напісаных, пастаўленых і вядомых ва ўсім свеце. Знакаміты «Севільскі цырульнік» стварыўся за 20 дзён, за 40 гадзін — «Рамэа і Джульета», за сем дзён — опера «Альцында».

У 18 год зведаў першы поспех, першы ганарар за першую оперу і першы правал.

І раптоўна мяняе прафесію. Перастае ствараць музыку і пачынае ствараць рэцэпты. Рэцэпты салатаў (пра філе Расіні ў ХХ стагоддзі распавядаў герой Сяргея Даўлатава ў адным з апавяданняў).

Дзеля аднаго новага і мудрагелістага рэцэпта можна збегчы з уласнай прэм’еры оперы — каб запісаць, не забыць. Плакаў Расіні ў жыцці толькі двойчы: калі слухаў Паганіні і калі выпусціў з рук у сажалку прыгатаваную фаршыраваную індычку.

У свае 72 гады атрымліваў задавальненне ад жыцця. І, пэўна ж, заслужыў сваё гультайства: «Што датычна мяне, то я не ведаю больш прывабнага занятку, чым яда… Як каханне існуе для сэрца, так апетыт — для страўніка. Страўнік — капельмайстар, які кіруе аркестрам нашых жарсцяў і надае ім рух. Пусты страўнік падобны да фагота ці флейты-piccolo, калі ён буркаціць ад незадавальнення і перакочвае рулады ад жадання. А вось сыты страўнік — трохкутнік (triangolo — «ударны інстр.») задавальнення і літаўры радасці».

Хто ведае, можа, прыдуманае аблічча выпадковай бестурботнасці — яшчэ адна ўласцівасць расініеўскага гумару, а рэчаіснасць — гэта мудрагелістая сумесь ветлівасці і гонару, ляноты і разважання, дасціпнасці і меланхоліі: «А каханне я разглядаю як прымадонну par excellence, як багіню, якая працінае мозг кавацінамі, хмеліць слых і бярэ ў палон сэрца. Ежа, каханне, спевы і страваванне — чатыры акты камічнай оперы, якая завецца жыццём і знікае нібы пена шампанскага. Той, у каго жыццё праходзіць без асалоды, — робіць суцэльнае глупства». Расініеўскі гумар? Аптымізм? Ці хітрае вынаходніцтва пазбыцца душэўных страт — Ізабэлы Кольбран, прыгажуні, жонкі, лепшага сапрана ХІХ стагоддзя, самага бездакорнага ўвасаблення яго гераінь — Каралевы Лізаветы, Арміды, Джуліі, Донны Ганны, Семіраміды, Медэі…

Сам сабе рэквіем…

Маэстра перастаў пісаць оперы, але не перастаў быць у цэнтры ўвагі музычнага свету. Слава не пакідала яго, нягледзячы на бестурботнае жыццё і кампазітарскае гультайства. Яго любілі за мінулыя музычныя шэдэўры.

Увесь Парыж па суботах нібы пераязджаў у прыгарад Пасі да кампазітара на музычныя вечары. Дом нагадваў тэатральны вестыбюль. Дом, сад закладзеныя згодна з уласным планам і ўяўленнем. Італьянскімі мастакамі распісаны плафон вітальні, партрэты Палестрыны, Моцарта, Чымарозы, Гайдна. Для галоўнай залы створаныя партрэты Людвіка ван Бетховена і французскіх кампазітараў XVIII — XIX стагоддзяў. З нагоды адкрыцця новага сезона «музычных расініеўскіх субот» на браме дома штовесну вывешвалася ліра…

Кампазітару — 72. Прайшло 35 гадоў пасля напісання апошняй оперы. Цэлых 20 гадоў — пасля «Stabat mater» — твора зусім не опернага жанру. Самы час узносіць ухвальныя гімны Усявышняму… з куфлем шампанскага ў руцэ… Самы час спраўдзіць подзвіг творчага самааднаўлення і напісаць маленькую… Месу. Пасля бетховенскіх, моцартаўскіх мес можна дазволіць сабе толькі… маленькую. Назваць яе «Урачыстай». Як Людвіг ван Бетховен.

Сціпласць? Рахманасць? Жарт? Несумненна адно: праява надзвычайнага піетэту. Нават у назве. Бетховенскай «Messa Solеmnis» можна пакланіцца праз «Petite Solеmnis Messe» Дж. Расіні і зрабіць своеасаблівае музычнае прынашэнне бетховенскай геніяльнасці і недасяжнасці.

Дапісаўшы апошні акорд «Маленькай урачыстай месы», кампазітар прамовіў: «Божа, вось і завершана гэта бедная маленькая Меса. Што я стварыў — свяшчэнную музыку ці д’ябальскую? Я быў народжаны для оперы-buff, ты гэта добра ведаеш, Божа. Трохі вучонасці, трохі сэрца, вось і ўсё, што ў ёй ёсць. Будзь блаславёны, Божа, і даруй мне рай».

«“Маленькая ўрачыстая меса” — апошні грэх маёй старасці», — напіша кампазітар на тытульнай старонцы партытуры і дадасць: пасля смерці выканаць у Парыжы, у італьянскім тэатры, дзе некалі быў дырэктарам.

Першы раз «Маленькая ўрачыстая меса» прагучала пад кіраўніцтвам самога маэстра 253 гады назад. 14 сакавіка. У мястэчку пад Парыжам.

Con amore…

Паколькі «маленькая і ўрачыстая» задумвалася для выканання ва ўласным доме, то і выканаўцаў шмат не трэба: усяго 12 чалавек.

8 галасоў харыстаў і чатырох салістаў — сапрана, канральта (насамрэч castrato), тэнар і бас — дастаткова! Дванаццаць спевакоў — нібы дванаццаць «херувімаў»: «Бог даруе мне гэта параўнанне. Апосталаў таксама было 12 на знакамітай леанардаўскай фрэсцы. Хто мог падумаць! Сярод тваіх вучняў, Божа, ёсць тыя, што выдаюць фальшывыя ноты! Але супакойся, я абяцаю, што на маім сняданку не будзе Юды, а мае вучні будуць спяваць зладжана і пранікнёна — сon amore…»

Аркестра не будзе. Толькі фартэпіяна і фісгармонія — «маленькая і ўрачыстая» таму што… Ёю распачнецца новы сезон «музычных субот» 1864 года. На календары — 14 сакавіка. За дырыжорскім пультам — сам маэстра.

Публіка… а публіка, як заўсёды, пачула па-рознаму і па-свойму. Яна не была адзінадушнай у адзнаках. Новы жарт кампазітара? Напалеон ІІІ, паслухаўшы, абурыўся: меса не такая ўжо і маленькая (каля 90 хвілін!), і не ўрачыстая (хутчэй камерная!), і нават не зусім «Меса»… Сольныя нумары, ансамблі — оперныя! Завяршаецца не грандыёзным, звычным, традыцыйным хорам, а праніклівай і трапяткой арыяй кантральта з хорам: Agnus Dei. Ёсць і музычная нечаканасць — інструментальны эпізод, які сам кампазітар назваў «Рэлігійнай прэлюдыяй», якая гучыць не ў самым пачатку (магла б быць Уверцюрай!) і не ў канцы (замест Фіналу!), а ў самым нечаканым месцы музычнай драматургіі…

Аднак Дж. Меербер, узрушаны пачутым, пажадаў Дж. Расіні пражыць яшчэ 100 гадоў — дзеля стварэння такой прыгажосці! І сабе самому Дж. Меербер пажадаў таксама пражыць100 гадоў — каб слухаць усё напісанае кампазітарам.

***

…а сёння…

Сёння на буйных сцэнах «Маленькая ўрачыстая меса» гучыць рэдка. Гэта заўсёды музычная падзея горада, сталіцы. І гучыць трохі інакш. Сцэна вымагае больш шчыльнага гучання, значыць, павялічваецца колькасць спевакоў. Інструментальнае суправаджэнне вар’іруецца: фартэпіяна і фісгармонія, фартэпіяна і арган, два фартэпіяна. Пасля прэм’еры Расіні зрабіў інструментоўку. Лёгкую, празрыстую. Расіні быў прадбачлівым. Ён асцерагаўся, што хто-небудзь з сучасных кампазітараў абавязкова возьмецца аркестраваць Месу ў адпаведнасці са сваімі сучаснымі музычнымі густамі і загубіць тым самым некалькі вакальных галасоў, а разам з тым і яго самога: «Бо я ўсяго толькі бедны меладыст! Вось таму я і займаюся тым, што пішу суправаджэнне… якое не заглушае маіх бедных спевакоў…»

Партытура вытрымала 279 выданняў. Музыка выконваецца рэдка. Сапраўдны расініеўскі «далікатэс».

…Калі вы раптам на пачатку твора пачуеце знаёмыя інтанацыі П. І. Чайкоўскага з «Пікавай дамы» — не палохайцеся… Калі пачуеце першыя ноты знакамітай арыі караля Філіпа з оперы Дж. Вердзі «Дон Карлас» — не бянтэжцеся. Што гэта? Яшчэ адзін, гэтым разам містычны жарт? Супадзенне? Але слухайце далей! Не пераставайце слухаць! Гэта — Джаакіна Расіні!

Фестывальныя «кантрапункты»

Фестываль — гэта заўсёды адзінства: ідэі, мэты, зместу і формы.

Сэнсавае адзінства ствараецца супольнымі намаганнямі выканаўцаў, слухачоў, гледачоў.

 Музычны фестываль — як крыштальны шар: «гуляе» гранямі ў нечаканасць. Вабіць кантрапунктам жанраў. Вымыкае прамяністасць і стракаціць вабнымі спектрамі.

Кантрапункт жанраў прысутнічае ў праграме сёлетняга Міжнароднага фестывалю «Duettissimo-2017». На сцэне Малой залы імя Р. Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі з першых сакавіцкіх дзён пачынаюцца Міжнародныя музычныя вечары фартэпіянных дуэтаў.

 У адзін з першых вечароў прагучыць рэдкая, своеасаблівая, кранальная «Маленькая ўрачыстая меса» Джаакіна Расіні ў выкананні Дзяржаўнага камернага хору Беларусі пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь галоўнага дырыжора Наталлі Міхайлавай у суправаджэнні фартэпіяннага дуэта — народных артыстаў Малдовы Анатоля Лапікуса і Юрыя Махавіча. Салістамі запрошаныя Ірына Кучынская (сапрана), Кацярына Крашчук (меца-сапрана), Віктар Мендзелеў (тэнар), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў (барытон).

Яна прагучыць даўнім рэхам таго першага выканання — сакавіцкім, 1864 года, вечарам, у прадмесці Парыжа, у доме маэстра Джаакіна Расіні, сярод прыхільнікаў яго нязлоснага гумару, дасціпнага жарту і такой неабходнай нам праз усё жыццё мудрасці… Яго музыка, якая, паводле Анарэ дэ Бальзака, уздымае панурыя галовы і дае надзею маркотнаму сэрцу.

Ларыса СІМАКОВІЧ.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.