Вы тут

Скарына як сімвал яднання


Завяршыла сваю работу 18-я Вільнюская кніжная выстаўка-кірмаш. Прадстаўнічая беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам Міністэрства інфармацыі і пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы пазнаёміла гасцей кніжнага свята са шматлікімі навінкамі беларускага кнігавыдання. На стэндзе, арганізаваным ААТ «Белкніга», сённяшнюю Беларусь кніжную можна было адкрываць па выданнях «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі», «Мастацкай літаратуры», «Вышэйшай школы», «Пачатковай школы», Выдавецкага дома «Звязда», «Адукацыі і выхавання», «Беларусі», «Народнай асветы»…

Юбілей беларускага кнігадрукавання — у цэнтры ўвагі

Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця выстаўкі, на якім з вітальным словам выступіла і Прэзідэнт Літоўскай Рэспублікі Даля Грыбаўскайтэ, быў адкрыты стэнд Рэспублікі Беларусь. Варта заўважыць, што «Белкніга» мае багаты досвед афармлення экспазіцыі. У цэнтры — заўсёды выданні, што ілюструюць жыццё Бела- русі сёння: альбомы, ілюстрацыйны матэрыял, дзяржаўная сімволіка. Сёлета і «Белкніга», і выдавецтвы, якія ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы да выстаўкі, везлі тыя свае здабыткі ў Вільнюс, што акцэнтуюць увагу на асветніцкай, культуралагічнай літаратуры. Шмат увагі — да кніг, выдадзеных у сувязі з 500-годдзем беларускага кнігадрукавання. У іх ліку — і тыя, што падаравалі чытачу напрыканцы 2016 і на пачатку 2017 года выдавецтвы «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», «Мастацкая літаратура», Выдавецкі дом «Звязда», «Беларусь», «Народная асвета»… Назавём хаця б некаторыя: анталогія перакладаў аднаго верша «Францыск Скарына на мовах народаў свету», «Шляхамі Францыска Скарыны» Анатоля Цітова, «Францыск Скарына — чалавек свету», «Францыск Скарына. Чалавек-энцыклапедыя», «Францыск Скарына. Чалавек-легенда» Алеся Сушы, «Маем найбольшае самі» Алеся Разанава…

 Адкрываючы стэнд, адкрываючы беларускую экспазіцыю, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Алесь Карлюкевіч падкрэсліў, што Францыск Скарына, яго ідэі павінны яднаць народы. Асабліва — народы і краіны, якія знаходзяцца ў памежжы, блізкія адзін да аднаго праз сваю гісторыю, праз стагоддзі супольнага жыцця. У адкрыцці беларускай экспазіцыі ўзялі ўдзел супрацоўнікі беларускай амбасады ў Вільні — Людміла Татарыновіч, Вольга Дашыневіч, Павел Слюнькін. Перад прысутнымі выступілі і актыўныя ўдзельнікі беларускага грамадскага руху ў Літве. 

Знаёмства з кнігамі — знаёмства з Беларуссю

Побач са стэндам беларускіх дзяржаўных выдавецтваў размясціўся стэнд музейна-замкавага комплексу «Мір». І гэта зусім не выпадковасць. У музейнай установе даўно апякуюцца выдавецкай справай. Як правіла, выдаюць кнігі гістарычнага, асветніцкага характару. І таксама ў гандлёвых кропках замка рэалізоўваюць яшчэ і кнігі іншых выдавецтваў, якія прысвечаны гісторыі. З гэтым багажом музейшчыкі і прыехалі ў Вільнюс. Такім чынам яны расказвалі пра Беларусь гістарычную. А яшчэ — наладжвалі стасункі з патэнцыйнымі турыстамі, з усімі, хто жадае наведаць і замак, і нашу краіну.

— Мы мяркуем, што запрашэнне наведаць замкавы комплекс у Міры, які сёння выключна ўражліва прэзентуе Беларусь гістарычную, будзе болей пераканаўчым, калі мы пакажам кнігі, раскажам пра вартасці і сустрэчы ў Міры і пра скарбы, што захоўвае наша гістарычная памяць, — заўважае дырэктар Аляксандр Лойка. — Ды і спадзяёмся, што, пабываўшы на выстаўцы, пазнаёмімся з цікавымі асобамі, кіраўнікамі, арганізатарамі асветніцкага жыцця ў Вільнюсе. Адным словам, чакаем усіх літоўцаў на экскурсіях у Міры!..

Гімназія ў Вільнюсе. Скарынаўскае свята

Гімназія імя Францыска Скарыны знаходзіцца ў Вільнюсе па вуліцы Сеціно, 21. Гісторыя гэтай навучальнай установы мае амаль стагадовую біяграфію (засна- вана ў 1919 годзе).

У даваенныя гады з лёсам гімназіі былі паяднаны і вучоны Барыс Кіт, і паэт Хведар Ільяшэвіч, і перакладчык «Слова пра паход Ігаравы» Мікалай Анцукевіч, і паэт Максім Танк, і шмат хто яшчэ са знакамітых дзеячаў навукі і асветніцтва. Таму цалкам лагічнай падалася ініцыятыва беларускай дэлегацыі зладзіць свята Скарыны менавіта ў гімназіі яго імя. І тым самым пачаць трыумфальнае шэсце 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Літве. Дарэчы, 2017 год абвешчаны ў Вільнюсе Годам Францыска Скарыны. У гімназіі прывітаць вучняў і настаўнікаў прыйшлі згаданыя ўжо супрацоўнікі беларускай амбасады ў Вільнюсе, намеснік міністра інфармацыі Алесь Карлюкевіч, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі доктар філалагічных навук Аляксандр Лукашанец, вядомы ў Беларусі і за яе межамі культуролаг, старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусі стаў, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі — літоўскія літаратары Вітаўтас Жэймантас, Яронімас Лауцюс, старшыня беларускага клуба «Сябрына» Валянцін Стэх. Дарэчы, менавіта Валянцін Стэх ужо не ўпершыню ладзіць у Вільнюсе скарынаўскія імпрэзы, чытанні.

Алесь Суша расказаў удзельнікам свята пра новы праект — кнігу, прысвечаную адрасам Францыска Скарыны ў Вільні. Яе рыхтуе да друку Нацыянальная бі- бліятэка Беларусі. Дарэчы, даведнік у значнай ступені дапамагаюць рабіць і літоўскія даследчыкі. На сустрэчы ў гімназіі начальнік упраўлення Міністэрства інфармацыі Алена Паўлава зазначыла, што Беларусь перадае беларускай дыяспары ў Літве 6 камплектаў кніг у межах праграмы «Беларусы замежжа». Кожны з кам- плектаў уключае 127 назваў кніг. Адна з бібліятэчак застанецца ў гімназіі імя Ф. Скарыны. Між іншым, у гэтай на- вучальнай установе сабрана багатая бібліятэка сучаснай беларускай літаратуры. Многія беларускія літаратары лічаць за гонар падараваць свае кнігі з аўтографамі гімназіі імя Ф. Скарыны. На паліч- ках — кнігі Людмілы Рублеўскай, Вольгі Іпатавай, Алены Масла, Уладзіміра Арлова, Раісы Баравіковай… Сапраўдная бібліятэка літаратурнай дружбы!..

У Саюзе пісьменнікаў Літвы

Сустрэча са старшынёю Саюза пісьменнікаў Літвы спадаром Антанасам А. Ёнінасам — гэта яшчэ і спроба зверыць гадзіннікі, вылучыць новыя ініцыятывы супрацоўніцтва. Прадстаўнікі беларускай амбасады і Міністэрства інфармацыі Беларусі вялі размову пра тыя справы, што з’яўляюцца складнікамі міжнароднага літаратурнага жыцця. Запрасілі кіраўніка літоўскага творчага саюза наведаць нашу краіну ў Дзень беларускага пісьменства, які сёлета пройдзе ў Полацку. Расказалі пра міжнародны сімпозіум «Пісьменнік і час». Пра міжнародны круглы стол пад агульным дэвізам «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які штогод ладзіцца ў межах Дня беларускага пісьменства. Пра тыя шырокія магчымасці для пашырэння перакладчыцкіх сувязяў, што вылучаюць дзяржаўныя літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Маладосць», «Нёман», газета «Літаратура і мастацтва». Пра выданне перакладных кніг у Выдавецкім доме «Звязда» і выдавецтве «Мастацкая літаратура».

Саюз пісьменнікаў Літвы налічвае сёння больш як 350 членаў. Працуе кніжнае выдавецтва творчай арганізацыі. У Каўнасе і Клайпедзе ёсць аддзяленні Саюза пісьменнікаў. Выдаюцца ў Літве і літаратурныя часопісы. Літоўскія перакладчыкі паэзіі добра ведаюць не толькі нашых класікаў, але і сучасных паэтаў Беларусі, ахвотна іх перакладаюць.

 

У бібліятэцы імя Урублеўскіх

У беларускіх навукоўцаў — добрыя стасункі з Бібліятэкай імя Урублеўскіх. Яе гісторыя патрабуе асобнага расповеду. Ды і беларускія навукоўцы, краязнаўцы добра ведаюць гэтую кніжніцу, якая, між іншым, і сёння ў добрых стасунках з Беларуссю, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, Навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа. Цікавым падаецца наступны факт: толькі летась болей як 70 беларускіх даследчыкаў працавалі ў фондах літоўскай бібліятэкі. Дагэтуль колькасць чытачоў з Мінска была нашмат меншай.

Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўжо ў 2017 годзе Бібліятэка імя Урублеўскіх зрабіла адмысловае выданне пра скарынаўскія скарбы ў сховах гэтай кніжніцы. А расказаць ёсць пра што… Госці з Беларусі на свае вочы ўбачылі не адно скарынаўскае выданне. Гаспадары наўмысна да сустрэчы з беларусамі пад- рыхтавалі невялікую выстаўку рарытэтаў. Не забыліся паказаць і фотаздымак легендарнай беларускай пісьменніцы Алаізы Пашкевіч — Цёткі. А таксама — беларускія газеты «Наша доля», «Наша ніва».

Спадзяёмся, што выданне пра скарынаўскія скарбы ў Вільні заўважаць і ў Беларусі, а некаму менавіта яно паспрыяе ў карпатлівых даследчыцкіх росшуках.

 

Ініцыятывы Міністэрства культуры Літвы

Разам з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Аляксандрам Каралём беларуская дэлегацыя завітала і ў Міністэрст- ва культуры Літвы. Гасцей з Мінска вітаў намеснік міністра культуры Аўдроніс Імбразас. Размова ішла пра многія справы, звязаныя з беларуска-літоўскімі стасун- камі ў галіне культуры. Выказана была думка і пра патрэбу ў арганізацыі Дзён культуры Беларусі ў Літве. Несумненна, такая падзея выклікала б увагу многіх асветніцкіх, культурных устаноў нашых краін — тэатраў, музычных калектываў, музеяў, якія і так добра сябруюць паміж сабою, імкнуцца везці свае ініцыятывы ў Літву ці, наадварот, у Беларусь.

Абмяркоўвалася і пытанне ўсталявання ў Вільнюсе мемарыяльнай дошкі, прысвечанай народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу. Са сталіцай Літвы звязаны істотны перыяд у жыцці класіка беларускай нацыянальнай літаратуры. І вырашыць клопат з усталяваннем мемарыяльнай дошкі ўпярэдадзень 135-годдзя з дня нараджэнння Якуба Коласа — справа надзвычай актуальная.

У 2017 годзе літоўскі бок збіраецца болей прадстаўніча ўдзельнічаць у славутым кінафестывалі «Лістапад». Так што аматарам, знаўцам літоўскага кіно можна спадзявацца на добрыя і цікавыя сустрэчы. Як і ўвогуле нашым культурам. На сучасным этапе трэба болей стасавацца, болей быць уважлівымі адзін да аднаго. І гісторыі, і сучаснасці гэта толькі на карысць.

Кастусь ЛЕШНІЦА

Вільнюс — Мінск

Загаловак у газеце: Скарына як сімвал яднання

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?