Вы тут

Як жыве Добрушскі раён?


У шафе ў кабінеце старшыні Добрушскага райвыканкама Вольгі Мохаравай не толькі прыгожыя сукенкі, але і боты гумавыя і куртка рабочая. Сустракае з прычоскай і макіяжам, аднак у світары і душагрэйцы — ужо гатовая ажыццявіць чарговы аб'езд сваіх уладанняў. У першай палове дня — ферма, у другой — віншаванне найлепшых жанчын раёна.


— Калі мне 12 гадоў назад тагачасны губернатар Аляксандр Якабсон прапанаваў узначаліць раён, я нават не думала, згадзілася адразу. Я не разумею мужыкоў, якім прапануюць пасаду кіраўніка гаспадаркі, а яны кажуць: можна, я падумаю тыдзень. А што тыдзень думаць? Я ж да гэтага працавала першым намеснікам па сельскай гаспадарцы ў Гомельскім раёне. А ўвогуле пачынала пасля тэхнікума ў сябе на радзіме, у Брагінскім раёне. Там канфлікт здарыўся са сваячкамі і суседкамі. Яны хацелі, каб я ім тлустасць малака ставіла вышэй за наяўную. Ну не магла я гэта рабіць! Яны ж ваду лілі ў малако. Дамоў прыходжу, а бацькі мне і кажуць: ведаеш што, дзеўка, збірай манаткі, прасіся ў іншую гаспадарку. Бо пасварыш нас у вёсцы з усімі.

Усё жыццё дарогу я прабівала сама. У мяне не было «валасатай рукі». Бацька трактарыст. Маці ў паляводчай брыгадзе. Якой я павінна была вырасці? Я ў баях з хлопцамі заўсёды перамагала. Мяне абараніць не было каму. Я ж самая старэйшая ў сям'і і таму сама ўсіх абараняла. Дарэчы, як і цяпер. Калі да мяне на прыём прыходзіць даярка з рукамі ў мазалях, я ўспамінаю рукі сваёй маці — яны такімі ж былі. Памятаю, як ірвалі лён — я з маці на поле хадзіла. Я магу сноп добры звязаць і цяпер. Калі на ферму прыязджаю на дойку, бачу па вымені, што малако засталося, кажу даярцы — дай мне кубачак. Хоць пальцамі, хоць кулаком падаю. А там жа самае тлустае малако застаецца! Дзякуй богу, што я вырасла ў вёсцы і ўмею ўсё сама. У нас усе дзеці былі прывучаныя да працы і потым маці дапамагалі і дзвюх кароў даглядаць, і свінаматак з парасятамі.

— Няўжо ні лётчыцай, ні актрысай ніколі не хацелі стаць?

— Нават і ў марах не было. У 15 гадоў пасля васьмі класаў паехала ў Красны Бераг паступаць на агранома, але пераначавала, расплакалася, села ў поезд і вярнулася дадому — нават не стала здаваць экзамены. А пасля 10 класаў бацька мяне завёз у Рэчыцкі зоаветэрынарны тэхнікум. Там я грызла навуку — у школе так не вучылася, як у тэхнікуме. Пры гэтым больш любіла гуманітарныя прадметы, чым тэхнічныя. І, канешне, мне па паводзінах ледзь не ўляпілі тройку. Я была лідар заўсёды. Калі зараз чую, што маці дзецям нешта не даюць рабіць, кажу: не забівайце ў дзіцяці асобу! Калі яму ўсё забараняць — яно слова будзе баяцца сказаць. Навошта вам, каб дзеці сядзелі і ў рот глядзелі? Асоба павінна мець характар.

— Вы, атрымліваецца, за ўсіх членаў сваёй сям'і ўзялі клопат...

— Нас трое ў бацькоў. Сястра і брат так і засталіся жыць у Брагінскім раёне. Сястра закончыла інстытут і на адным рабочым месцы прапрацавала да пенсіі настаўніцай. Яна таксама жорсткая і патрабавальная. Ёсць гэта ў нас. Ад мамы, бо бацька ніколі за жыццё не крыкнуў ні на кога. А маці, якая засталася сіратою з шасці гадоў, баявая была. Яна ўсё жыццё нам казала: апошні кусок хлеба аддам, каб толькі вы атрымалі адукацыю. Каб вы так не гаравалі, як я гаравала. Усе мае пляменнікі хто атрымаў, а хто атрымлівае вышэйшую адукацыю. Я ім дапамагаю вызначыцца ў жыцці. Сын Уладзіслаў па адукацыі юрыст, а працуе ў мясцовым доме культуры. Я яму давяраю. Сын спакойна можа знівеліраваць любы канфлікт, і я з ім раюся па многіх пытаннях. Дзяцей адпускаць трэба. Шкадаваць, але адпускаць і няхай цялёпкаюцца, але выплываюць самі.

Пра тое, каму і як дапамагае старшыня Добрушскага райвыканкама Мохарава, у раёне расказваюць легенды. Сабак, якіх кідаюць дачнікі, яна прыстройвае памочнікамі да вартаўнікоў у мясцовыя гаспадаркі. Цяжарных адзінокіх дзяўчат уладкоўвае на работу — каб лёс свой паспрабавалі змяніць. Тым, хто вярнуўся з турмы, са сваёй кішэні аплачвае аднаўленне дакументаў. Ёсць у яе «свой» дзіцячы дом, куды возіць падарункі на святы... Дарэчы, яна ганаравана двума праваслаўнымі ордэнамі і двума медалямі.

Мне людзі адкрываюць сваю душу. Можа, таму, што не казённа я прыёмы вяду? Людзі ж ідуць з надзеяй. Я ж для іх — улада. А ўлада для таго і створана, каб дапамагаць людзям. І яны ўдзячныя — прыносяць мне кветкі са свайго агарода. Не ўсе, канешне. Ёсць і такія, што жывуць выключна скаргамі і нават кідаюцца і лаюцца. Пасля аднаго такога выпадку ў мяне з'явілася трывожная кнопка. Не заўжды чалавеку можна аказаць матэрыяльную дапамогу згодна з законам. Калі бачу, што сапраўды патрэбна, усё, што магу, — гэта са свайго кашалька даць на хлеб з каўбасой. Калі пачуцця спачування не будзе — не ведаю, у што свет ператворыцца. Я вельмі не люблю прасіць. Лепш — аддаваць. З узростам гэта важней і важней становіцца.

— Кожны чалавек па-свойму прыходзіць да веры. У які момант вы сталі бліжэй да Бога?

— Мы раслі ў час атэізму, і маці мая не хадзіла ў царкву, хоць іконы ў доме віселі. Адну з іх я забрала, калі дом апусцеў. Мяне да веры прывёў ігумен Аўксенцій, сёння настаяцель Юравіцкага манастыра. Гадоў 15 таму ён прыйшоў прасіць выпісаць бульбу для Нікольскага манастыра і запрасіў прыйсці на службу. Схадзіла і адчула, як мне добра там. Мне неяк лягчэй жыць на свеце стала. З верай лягчэй працуецца. У нас восем прыходаў, якім мы дапамагаем і ахвяруем многа. Толькі за час, пакуль я старшыня райвыканкама, мы шэсць цэркваў адкрылі. Цяпер будзе царква вялікая будавацца каля трасы на Расію. У вёсцы Чырвоны Партызан ёсць царква, пабудаваная без адзінага цвіка. Але там людзей амаль не засталося. Тым не менш знайшлі мы спонсара і аднаўляем яе штогод.

— Вольга Фёдараўна, Добрушскі край яшчэ ж і адзін з цэнтраў праваслаўя на Гомельшчыне.

— У вёсцы Карма захоўваюцца мошчы святога Іаана Кармянскага і сюды прыязджае шмат паломнікаў. Нас гэта да многага абавязвае. Для мяне важна, каб усе бачылі, што тут усё па-гаспадарску. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня смерці Іаана Кармянскага, і мы пачынаем рыхтавацца да важнага свята, якое адзначым у канцы мая.

Некалькі разоў невялікі Добруш перасякаюць дзве рэчкі. Іпуць і Харапуць робяць горад падобным на Венецыю. 14 мастоў за апошні час прыведзены да ладу. І гэта — асаблівы гонар Вольгі Мохаравай за час, пакуль яна кіруе раёнам. Гаворыць — яшчэ б дарогі заасфальтаваць...

У нас фарфоравы завод поўнасцю прайшоў мадэрнізацыю. З ліпеня пачне працаваць адноўленая за кошт кітайскага крэдыту папяровая фабрыка, што відавочна надасць гораду другое дыханне і 300 рабочых месцаў. На горна-ўзбагачальным камбінаце цяпер пясок здабываюць круглы год. У нас два хлебазаводы і абодва мадэрнізаваныя.

— Ведаю, што і цяпер вы асабліва ставіцеся да сельскай гаспадаркі...

— Мы двойчы атрымлівалі па 100 тысяч тон збожжа. І сёлета планую, што ў нас атрымаецца. У нас сярэдні заробак па раёне ўжо перавышае 500 рублёў. Ведаеце, для мяне асноўнае, што ў раёне атрымалася захаваць касцяк кіраўнікоў. Многія працуюць са мной усе 12 гадоў. Гэта галоўнае — у нас ёсць каманда.

— Што вас можа вывесці з сябе?

— Калі раней заходзіла на ферму і бачыла галодную жывёлу. Як можна кіраўніку класціся спаць і ведаць, што жывёла галодная стаіць? Цяпер у мяне вышэйшай укормленасці з зімоўкі жывёла выходзіць. Калі ў спякоту прыязджаю на пашу і бачу, што п'яныя пастухі ляжаць ці ў «дурня» гуляюць, а жывёла зямлю грызе і раве... Вывесці з сябе мяне можа абыякавасць да сваёй справы. Мяне выводзяць несумленнасць і п'янства. Да таго ж калі п'яная даярка падаіла карову збольшага, тое, што засталося ў вымені, — выклікае запаленчы працэс, які прыводзіць да хваробы. І карову, якую мы тры гады гадавалі, вязём на мясакамбінат. Ведаеце, якія страты наносяцца гаспадарцы і дзяржаве ўвогуле?

— Якія якасці цэніце ў людзях?

— Мне падабаецца выраз: мужык сказаў — мужык зрабіў. А калі мужык сказаў і не зрабіў — я з ім працаваць не буду. Яшчэ я зразумела, калі прыйшла сюды, што караля сапраўды робіць світа. У мяне ёсць «чуйка» на кадры. І са мной сёння людзі, якімі я вельмі даражу. Калісьці мой старэйшы калега аграном Хімянкоў спытаў мяне: а ты чула, як дыхае зямля? Ён мне так растлумачваў, што такое ў справаздачнасці «закрыццё вільгаці». Кажа: паехалі ў поле. Я на калені станавілася і прыкладала вуха да зямлі. Сапраўды, зямля дыхае і поры ў зямлі адкрываюцца. Каб адчуць, калі сеяць, ён мне раіў: выстаў руку і вазьмі зямлю «ў локаць». І калі рука ад зямлі не замерзне — пачынайце сеяць. Так і ў жыцці — усяму патрэбны цяпло, ласка і клопат. І тэхналогія, канешне. Чалавек не можа ўсё ведаць. Таму мне не сорамна распытваць. Канешне, я эмацыянальная. А калі кіраўнік не будзе эмацыянальным, нічога ў яго не атрымаецца.

Напярэдадні свята — некалькі пытанняў пра справы жаноцкія

— А што вы гатуеце дома? Ёсць любімая страва для ўсёй сям'і?

— Ёсць. Дранікі і ўкраінскі боршч з часнаком і грыбамі. Мужыкі ў мяне любяць мяса — таму абавязкова і з мясам. Бліны вельмі смачна гатую. А вось цеста мяне не любіць. Ні булак, ні пірагоў пячы не магу. Гэта не маё. Шкада, часу мала гатаваць. Калі гатую — думаю, што заўтра апрану, куды паеду, з кім што запланавана зрабіць...

— Якія кветкі — вашы любімыя?

— Мне здаецца, усе кветкі люблю. І архідэі, і цюльпаны першыя. Яшчэ вельмі люблю туі. Іх у мяне на дачы 42 — самыя розныя. У мяне там блакітныя ядлоўцы, канадскія елкі, чатыры рададэндраны, вялізныя кусты гартэнзій і ружы. Я прыходжу туды, і мне так лёгка дыхаецца.

— Што трэба рабіць, каб не стаміцца жыць?

— Любіць. Людзей, жывёл, сваю працу... Без любові нічога не атрымаецца. Нават боршч без любові не зварыш. Ты павінна хацець раніцай устаць, зрабіць прычоску, прывесці сябе ў парадак і выпырхнуць на працу. Так, як быццам крылы за спінай. І таксама дадому вечарам хацець прыйсці, нешта прыгатаваць, пасядзець, пагутарыць са сваякамі. Жаданне жыць павінна быць у кожнага. Калі яго няма — гэта страшна.

— Калі б вы не сталі кіраўніком, кім бы маглі сябе ўявіць?

— Нават не ведаю. Напэўна, усё роўна была б спецыялістам у сельскай гаспадарцы. Я не ўяўляю сабе жыцця, якое не звязана з вёскай. Хіба, можа, урачом? Медыцыну я паважаю. Калі б стала ўрачом — дык хірургам. Я заўсёды там, дзе трэба воля, адказнасць і рашучасць. Толькі так. І ўсё ж, калі мне дрэнна на душы — саджуся за руль і еду ў раён. Там людзі, якія не здрадзяць, не абразяць, не пакрыўдзяць... Калі дрэнна — яны разам з табою. У мяне другое дыханне адкрываецца.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: А вы чулі, як дыхае зямля?

Выбар рэдакцыі

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.