Вы тут

Еўрапейскі досвед дэкрэтнага адпачынку бацькі


Мужчыны, якія больш займаюцца з дзецьмі, даўжэй жывуць, менш рызыкуюць і лепш харчуюцца. А тыя, хто быў у дэкрэце, становяцца больш карыснымі супрацоўнікамі, сведчаць спецыялісты, і раяць беларускім татам часцей браць водпуск па доглядзе малых. Такім чынам у краіне будзе зніжацца і рызыка непрымання на працу маладых жанчын.


Дэкрэт спрыяе здароўю і павышае імідж кампаніі

Ідэя далучэння мужчын да выхавання і заняткаў з дзецьмі — не проста модны кірунак развіцця грамадства. Яе карысць пацвярджаецца вынікамі даследаванняў і практычным вопытам іншых краін.

У Швецыі ў некаторых сферах работадаўцы лічаць, што дэкрэтны адпачынак таты пазітыўна ўплывае на імідж арганізацыі. У прыватнасці, тут вельмі папулярна браць водпуск па доглядзе дзіцяці сярод паліцэйскіх. Лічыцца, што гэта выклікае ў насельніцтва большы давер да праваахоўнікаў. Магчыма, такі вопыт у пэўных сферах працы няблага было б пераняць і Беларусі. Аднак трэба ўлічваць розніцу паміж заробкамі мужчын і жанчын. Часта тата проста не можа сабе дазволіць узяць «дзіцячы» адпачынак, бо ён галоўны здабытчык сям'і, адзначаюць дэмографы.

— Нягледзячы на тое, што айчыннае заканадаўства прыязнае да сем'яў і дазваляе пайсці ў дэкрэт не толькі маці і бацьку, але і бабулі ці дзядулі, на практыцы яно працуе не так актыўна. Толькі 1% беларускіх мужчын, згодна са статыстыкай, бяруць водпуск па доглядзе дзіцяці, асабліва ў недзяржаўных арганізацыях. Іх кіраўнікі са скепсісам ставяцца да жанчын дзетароднага ўзросту і не вельмі зацікаўлены ў іх працаўладкаванні, — зазначае Алена КАСЬКО, намеснік прадстаўніка Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі. — Чым больш мужчын будзе ісці ў дэкрэт, тым раней мы зменім погляд на гэтую справу.

— Вельмі важна, каб у сем'ях разумелі, што ў мацярынскай любові да дзяцей няма манаполіі, малым трэба атрымліваць яе і ад бацькі таксама, — падзяліўся Лауры ПУЛАЛА, кіраўнік аддзялення пасольства Фінляндыі ў Беларусі. — У мяне самога трое дзяцей, і я тройчы максімальна выкарыстоўваў водпуск, які мог узяць па заканадаўстве. У сям'і маіх бацькоў нас было шасцёра, і амаль заўжды з намі быў тата, бо маці была занятая ў тэатры раніцай і ўвечары.

— Выхад татаў у дэкрэт у Беларусі ўскладняецца існаваннем устойлівых стэрэатыпаў, што выхаванне — жаночы занятак. Мужчына, які даглядае дзяцей, разглядаецца як беспрацоўны няўдачнік або рэвалюцыянер-правакатар, — мяркуе Алена Касько. — Таму мы і працуем з рознымі арганізацыямі, прапагандуючы стварэнне рабочай прасторы, прыязнай да бацькоў.

Нават у Фінляндыі — адной з самых спрыяльных краін для нараджэння дзяцей, усё роўна існуюць спрэчныя пытанні адносна роляў бацькі і маці ў сям'і.

— Ужо ў 1978 годзе фінскі бацька мог скарыстацца 12 днямі адпачынку па доглядзе малога. У 1980-м татам сталі гарантаваць больш працяглы адпачынак і дазволілі дзяліць яго з мамамі. Аднак альтэрнатыва прывяла да таго, што ў большасці такія водпускі бралі жанчыны, — расказвае Ганне ЛАМІЛА, пасол па правах жанчын і гендарнага раўнапраўя (Фінляндыя). — Як правіла, сучасныя жанчыны ў нас даглядаюць дзіця да года. Фінскія таты могуць узяць дэкрэтны водпуск на 9 тыдняў, а 26 тыдняў маці і бацька могуць падзяліць паміж сабой. Тым не менш да 90% гэтага часу па-ранейшаму карыстаюцца жанчыны. Арганізацыі па падтрымцы сем'яў адстойваюць прынцып 6+6+6 — шэсць месяцаў водпуску для мамы, шэсць — для таты і шэсць — на выбар кагосьці з іх. Закон дазваляе паспяхова сумяшчаць працу і гадаванне дзяцей. Існуюць спецыяльныя водпускі для бацькоў, магчымасць працаваць аддалена і па гнуткім графіку. Пры такім раскладзе аддача супрацоўнікаў павышаецца, бо чалавек можа лепш планаваць свой час, ён больш задаволены жыццём і шмат паспявае.

Цяпер у Фінляндыі рыхтуецца законапраект, які павінен рэгуляваць пытанні татаў, якія ў адзіночку выхоўваюць дзяцей, каб яны таксама маглі атрымліваць выплаты на малых, як і жанчыны.

Ірына СІДАРОК

sіdarok@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тата ў «дзіцячым» адпачынку: за мяжой — модна і папулярна, у нас пакуль — рэвалюцыйна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».