Вы тут

Жанчыны, якія набліжалі Перамогу разам з мужчынамі


У гады Вялікай Айчыннай вайны яны нароўні з мужчынамі змагаліся за Перамогу

Прычым большасць з іх змяніла прыгожую сукенку на вайсковую форму не па загадзе. Жанчыны былі на вайне не толькі медсёстрамі і сувязісткамі, а і кіравалі ваеннымі эшалонамі, змагаліся ў складзе танкавых экіпажаў, знішчалі ворага з неба, хадзілі ў разведку, падрывалі варожую тэхніку, былі зенітчыцамі і нават снайперамі...


Ма­рыя Акцябрская ад­да­ла ўсе свае збе­ра­жэн­ні на вытворчасць тан­ка «Ба­я­вая сяб­роў­ка» і стала членам экі­пажа.

Паколькі на пачатку вайны ўлік жанчын-франтавічак не вёўся, па прыблізных звестках у Чырвоную Армію было прызвана ад 600 да 800 тысяч жанчын. У партызанскіх атрадах і падполлі іх было каля 70 тысяч. А колькі жанчын набліжала Перамогу ў тыле ворага і ў эвакуацыі!

Некаторыя імёны гэтых адважных жанчын, здаецца, сёння вядомы ўсяму свету: Зоя Касмадзям'янская, Людміла Паўлічэнка, Зінаіда Тусналобава-Марчанка, Лілія Карастаянава, Зінаіда Партнова, Марыя Осіпава, Алена Мазанік, Надзея Траян... Побач з імі змагаліся з ворагам не менш адважныя прыгажуні, многім з якіх подзвіг каштаваў жыцця.

Гераіні на брані

Марыя Акцябрская стала ў армейскія шэрагі пасля таго, калі ў 1941 годзе пад Кіевам загінуў яе муж. Пасля трагічнай весткі Марыя Васілеўна папрасілася на фронт, але з-за немаладога ўзросту (36 гадоў) і перанесеных сухотаў атрымала адмову. Тады жанчына аддала ўсе свае зберажэнні на вытворчасць танка «Баявая сяброўка». А калі танк выйшаў з канвеера, увайшла ў яго экіпаж. Будучы механікам-кіроўцам, удзельнічала ў вызваленні Віцебскай вобласці. У ноч на 18 студзеня 1944 года ў баі за вёску Крынкі Лёзненскага раёна нанесла немалую шкоду ворагу. Падчас ліквідацыі пашкоджання свайго «жалезнага каня» была цяжка паранена. Урачы доўга змагаліся за яе жыццё, але ў сакавіку жанчыны не стала... Пасмяротна Марыі Акцябрскай прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.

У танкавых войсках ваявала і Аляксандра Самусенка — адзіная жанчына-танкіст 1-й гвардзейскай танкавай арміі ў гады Вялікай Айчыннай і адзіная жанчына, якая займала пасаду намесніка камандзіра танкавага батальёна. З'яўлялася адным з найлепшых афіцэраў танкавай брыгады. Аляксандра Рыгораўна была тройчы паранена, два разы гарэла ў танку. І кожны раз вярталася на фронт. Чацвёртае раненне, атрыманае перад самай Перамогай, стала для яе ракавым...

Га­лі­на Дакутовіч, ад­на з «нач­ных ведзь­маў», ля­та­ла, ня­гле­дзя­чы на сур'­ёз­ную траў­му па­зва­ноч­ні­ка, і бы­ла штур­ма­нам пал­ка.

Без белых халатаў і анестэзіі

Падлічана, што прыкладна 73% параненых вярталіся ў шэрагі Чырвонай Арміі дзякуючы франтавым медыкам. Ваенны фельчар Раіса Абакумава і медсястра Вера Харэцкая аказвалі медыцынскую дапамогу героям Брэсцкай крэпасці. У цытадэлі Раіса Абакумава стварыла імправізаваны шпіталь, арганізавала дзяцей і жанчын на дапамогу параненым. Не аднойчы пад агнём праціўніка здабывала для іх ваду. Калі Гаўрылаў загадаў усім жанчынам і дзецям здацца, яна засталася ў крэпасці. Трапіла ў палон разам са сваёй маці. Па дарозе ў Брэст ім удалося ўцячы, але за некалькі дзён да вызвалення жанчыны апынуліся на прымусовых работах у Германіі. Пасля вайны доўгі час Раісу Абакумаву лічылі зніклай без вестак.

Вера Харэцкая загінула ў першыя дні вайны. Дзевятнаццацігадовая медсястра закрыла сваім целам параненага байца, якому рабіла перавязку. Не стала абаіх...

За Зіну Тусналобаву ішлі ў бой танкісты і зенітчыкі, стралкі і лётчыкі. Толькі перш старшына медыцынскай службы вынесла з поля бою 123 параненых (і гэта за 8 месяцаў на фронце!). Было б і больш, калі б не цяжкае раненне ў адным з баёў. Жанчына амаль двое сутак праляжала на марозе сярод трупаў. З ампутаванымі рукамі і нагамі яна працягвала змагацца з ворагам — толькі ўжо на ідэалагічным фронце.

Муж Зінаіды Тусналобавай, нягледзячы на калецтва жонкі, быў побач з ёй усё жыццё. Больш таго, яна нарадзіла яму чацвярых дзяцей. А між іншым, толькі ачуняўшы ад ампутацыі, у сваім лісце да мужа яна прасіла яго знайсці іншую жонку. «Мілая мая малышка! Родная мая пакутніца! — адказаў ёй Іосіф. — Няма такога гора, няма такіх мук, якія прымусілі б забыць цябе, мая каханая. І ў радасці, і ў горы мы заўсёды будзем разам...»

Зінаіда Тусналобава-Марчанка стала лаўрэатам прэстыжнай узнагароды Міжнароднага Чырвонага Крыжа — медаля «Флорэнс Найтынгейл». Усяго за гады існавання СССР яго атрымалі 46 савецкіх жанчын.

Тац­ця­ну Барамзіну, якая са снай­пер­скай він­тоў­кі зні­шчы­ла не ад­на­го нем­ца, рас­стра­ля­лі з су­праць­тан­ка­вай зброі.

У небе — «начныя ведзьмы»

За гады вайны больш як тры тысячы тон бомбаў скінулі на ворага «начныя ведзьмы». На лятаючых этажэрках, як называлі лёгкаматорныя самалёты, да 1944 года ўзброеныя толькі пісталетамі ТТ, жанчыны здзяйснялі па 6 — 8 вылетаў за ноч зімой і па 10 — 12, а часам і 18 вылетаў летам. 32 лётчыцы 46-га гвардзейскага начнога бамбардзіровачнага авіяцыйнага Таманскага палка загінулі.

Не дачакалася Перамогі і беларуска Галіна Дакутовіч. Дзяўчына яшчэ да вайны скончыла Гомельскі аэраклуб, вучылася ў Маскоўскім авіяінстытуце. Калі пачалася Вялікая Айчынная, добраахвотна пайшла на фронт. Скончыла Энгельскую авіяцыйную школу. Ужо падчас навучання ў якасці штурмана выконвала адказныя палёты на цяжкім бамбардзіроўшчыку ТБ-3. З лета 1942-га яна — штурман у 46-м гвардзейскім авіяпалку. Аднойчы пасля шматлікіх вылетаў дзяўчына была настолькі стомленай, што выйшла з самалёта і лягла на траву адпачыць. Не заўважыла, як заснула. Раніцай яе пераехаў бензавоз, які запраўляў самалёты палівам. Галіна атрымала моцную траўму пазваночніка. Пасля лячэння ў шпіталі яе адправілі ў тыл, але дзяўчына схавала прадпісанне і вярнулася на фронт. Нягледзячы на невыносны боль, працягвала лятаць і нават была штурманам палка.

1 жніўня 1943 года, вызваляючы землі Новарасійска і Кубані, гамяльчанка згарэла ў самалёце. У тую ноч не стала адразу чатырох жаночых экіпажаў. Гэта была самая буйная страта сярод «начных ведзьмаў» у адным баявым вылеце. Пахавана Галіна Дакутовіч у брацкай магіле ў сяле Рускае, што ў Краснадарскім краі. Пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі.

Быў час, калі разам з Дакутовіч лятала і адна з самых рэзультатыўных лётчыц — Ірына Сяброва. Яна ўдзельнічала ў баях на Каўказе, вызваляла Крым, Беларусь, бамбіла Берлін... На ліку Героя Савецкага Саюза — каля тысячы баявых вылетаў.

У сям'і Рыдлеўскіх ра­зам з баць­кам у пар­ты­за­ны пай­шлі дзве дач­кі.

Па закліку сэрца

Нямала жанчын змагалася з гітлераўцамі ў партызанскіх атрадах і падполлі, працавала на карысць Радзіме на акупаванай тэрыторыі і ў савецкім тыле.

Вольга Шчарбацэвіч, адна з 12 ахвяр першага масавага публічнага пакарання, якое адбылося ў Мінску 26 кастрычніка 1941 года, да вайны працавала ў 3-й бальніцы Мінска. Калі горад быў заняты ворагам, яна стала дапамагаць ваеннапалонным. Ужо на трэці дзень акупацыі разам з сяброўкай жанчына пракралася ў мясцовае аддзяленне паліцыі і знайшла там бланкі незапоўненых пашпартоў. Дзякуючы падробленым дакументам яны вызвалілі нямала ваеннапалонных. Лячылі параненых і выводзілі ў бліжэйшыя вёскі або ў партызанскія атрады. Вольга Шчарбацэвіч была закатавана і павешана на вачах у свайго сына, якога ў той жа дзень чакаў такі ж лёс, як у маці.

Рыма Кунько ў свае 17 гадоў была камандзірам дыверсійнай групы асобага партызанскага атрада імя Ракасоўскага, які дзейнічаў у Магілёўскай вобласці. Асабіста ўдзельнічала ў падрыве 8 эшалонаў ворага. Падчас аднаго з заданняў яе група трапіла ў засаду. Адстрэльвалася да апошняга патрона, а потым першая кінулася ў атаку. Загінула 1 ліпеня 1944 года, адзін дзень не дажыўшы да вызвалення родных Асіповічаў.

Будучы машыністам паравоза, Алена Чухнюк у складаныя і адказныя моманты перавозіла на фронт цяжкія грузы. Летам 1943-га, дастаўляючы на Курскую дугу эшалон з тэхнікай, яна сем разоў трапіла пад бамбёжку, але нават раней тэрміну груз прыбыў на месца прызначэння. За паспяховую дастаўку грузаў на фронт, у тым ліку на Курскую дугу, у 1943 годзе жанчына была ўзнагароджана зоркай Героя Сацыялістычнай Працы.

Марыя Шляхценка і Любоў Грыцкова былі настаўніцамі ў першай лясной школе, створанай у партызанскай зоне Брэсцкай вобласці. Жанчыны вучылі дзяцей пад адкрытым небам з дапамогай спадручных сродкаў. Калі даведаліся пра вызваленне Мінска, спусціліся ў зямлянку, каб як мага гучней парадавацца (на вуліцы было небяспечна — недалёка знаходзіліся немцы). Шчасце было кароткім: менавіта ў іх зямлянку ўпала авіябомба...

Пра подзвіг Пелагеі Барадзіной з Веткі мы падрабязна пісалі ў нумары ад 20 чэрвеня 2015 года. Нагадаем, жанчына арганізавала эвакуацыю калгаснай скаціны ў Саратаўскую вобласць. На працягу пяці месяцаў па тысячакіламетровым шляху, які пралягаў праз пяць абласцей, племянны статак з 700 галоў гналі падлеткі і жанчыны — усяго 14 чалавек. Трапляючы пад бамбёжкі, яны не толькі выратавалі народнае дабро, а яшчэ часткова вярнулі яго на Радзіму пасля вызвалення.

Некаторыя беларусы, якія з розных прычын апынуліся на чужой тэрыторыі, удзельнічалі ў еўрапейскім руху Супраціўлення. Сярод іх была і Надзея Лісавец, якая перш змагалася з ворагам у савецкім падполлі. Сваю дзейнасць працягвала ў партызанскім атрадзе «Радзіма», які дзейнічаў у французскіх лясах. Але дзеля гэтага ёй удалося збегчы з лагера ў Францыі, дзе жанчына працавала на шахтах. Па вяртанні ў Беларусь яе чакаў незайздросны лёс: адсутнасць дакументаў, прыбыванне ў фашысцкім лагеры. На шчасце, адзін з партызанскіх камандзіраў пазнаў у ёй сваю сувязную.

Трагічны лёс склаўся ў Таццяны Барамзіной. На фронт жанчына пайшла снайперам, але праз некалькі месяцаў у яе рэзка пагоршыўся зрок і яе хацелі камісаваць. Але яна ўпрасіла камандзіра і перавучылася на тэлефаністку. Разам са сваімі абавязкамі падчас баёў у Мінскім катле дапамагала параненым. Была кругавая абарона, і калі Таццяна заўважыла, што фашысты апынуліся побач, схапіла снайперскую вінтоўку і пачала страляць. Уварваўшыся ў бліндаж, немцы расстралялі ўсіх параненых, а Таццяну — ва ўпор з супрацьтанкавай зброі. Свае апазналі яе толькі па валасах і гімнасцёрцы...

Самым жудасным чынам немцы здзекаваліся амаль над кожнай жанчынай, якая трапляла ў іх рукі жывой. Асабліва ненавідзелі жанчын у вайсковай форме. На думку фашыстаў, ваяваць — мужчынская доля. І з гэтым цяжка не пагадзіцца. Але гэта не пра савецкіх жанчын.

За падрыхтоўку публікацыі аўтар выказвае ўдзячнасць малодшаму навуковаму супрацоўніку аддзела навукова-асветніцкай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Таццяне Палітыка.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Ішлі ў бой... жанчыны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.