У слова трыпціх, паводле тлумачальнага слоўніка, значэнняў тры: гэта ікона-складзень, тры вершы альбо тры карціны (малюнкі), аб'яднаныя агульнай тэмай.
Тады гэта — малюнак першы, пра шлюб, якога не было. Сапраўды, хлопец з дзеўкай толькі збіраліся пажаніцца, але ўжо сказалі пра гэта бацькам. Тыя, як вядзецца, сустрэліся, нечага выпілі, спланавалі вяселле.
Маладым заставалася хіба чакаць, пакрысе рыхтавацца ды па-ранейшаму сустракацца. Найчасцей — на нейтральнай тэрыторыі. Але ж зрэдку — дома ў нарачонай.
Вось і ў той раз жаніх прыйшоў. Нявеста пачаставаць хацела. І не проста кавай-гарбатай, а «па-даросламу» — яечняй.
Каб падсмажыць, пайшла ў кухню. Хлопец застаўся ў зале, але ж хутка засумаваў і рушыў за ёю следам. Навошта? Ніхто не ведае. Можа, думаў побач пастаяць ды палюбавацца ёю, можа, дапамагчы... Бо «працэс» там ва ўсю ішоў: гаспадынька яечкі біла — аб край патэльні.
— Ну хто ж так робіць? — спытаў у яе жаніх. І тут жа паказаў, як трэба: гэта значыць, адсунуў дзяўчыну ад пліты, разбіў яечка нажом ды яшчэ і жаўток «парваў», каб лепей прапёкся...
Думаў, што яму зараз дзякуй скажуць.
Ды не на тую нарваўся: яго нявеста якраз наадварот зрабіла — дзверы адчыніла і папрасіла... вон.
Потым матулі прызналася, што ніколі не пацерпіць, каб мужчына ў жаночыя справы лез, каб вучыў, як яечню смажыць... І, адпаведна, адмовіла таму «настаўніку»: замуж за яго не пайшла.
Іншая дзеўка (гэта малюнак другі) замуж «схадзіла» была.
Са сваім яна распісалася ў суботу бліжэй да вечара, потым, хоць сціпла, але ж падзею гэту адзначылі і першую ноч правялі. А раніцай — прачнуліся. Жонка, як заведзена ў большасці знаёмых сем'яў, першай устала з ложка, пайшла ў кухню сняданак гатаваць. Недзе праз паўгадзінкі (мо трохі больш) туды ж, на пах падсмажанай бульбы, «падцягнуўся» муж. Сказаў ёй:
— Накрыўку ў патэльні знімі.
— Гэта ж навошта? — папыталася жонка.
— Бульбу пад накрыўкай ніхто не смажыць.
— Як гэта ніхто? Мая мама — усё жыццё!
— Твая мама нічога не разумее... І ў смажанай бульбе таксама.
— Затое твая...
Слова за слова, карацей, у выніку дагаварыліся да таго, што муж, ляпнуўшы дзвярыма, выскачыў з хаты. І даганяць яго жонка не пабегла.
А праз нейкі час падала на развод.
...Трэцяя дзяўчына пра дзвюх першых чула і думала, што яна вось гэткай дурніцай аніколі не будзе, што ў яе хопіць розуму не лезці ў «бутэльку» з-за нейкага там курынага яйка (як муж скажа, так і разаб'е — аб край дык аб край, нажом дык нажом — падумаеш...), што яна зніме з патэльні накрыўку, падсмажыць бульбу так, як захоча нехта...
Яна выйшла замуж, прычым досыць рана. Яна жыве ў шлюбе і — калі знешне — дык нават добра. Але...
Кожны раз, гучна прамаўляючы мужава імя (клічучы яго да тэлефона, да стала альбо на дапамогу), не пазнае свой жа голас, не верыць сама сабе: нутром чуе, што гэта — не яе чалавек, што ў таго — усё іншае: імя, аблічча, голас, характар...
Караткевіч пісаў, што
Лепей вісець на нажы,
Кахаць,
Праклінаць за каханне багоў,
Чым век пражыць і дзяцей нажыць
І не дажыць да кахання свайго.
Валянціна Доўнар
Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.
Прафесійна, аператыўна, па-добраму.