Вы тут

У Гродне з'явяцца шыльды з гістарычнымі назвамі вуліц


Тапанімічнай камісіяй для гэтай мэты абрана 16 вуліц у старым горадзе, якія раней мелі іншыя назвы. Як расказаў «Звяздзе» член камісіі, загадчык аддзела Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Андрэй Вашкевіч, некаторыя з іх змянялі шыльды па некалькі разоў. Напрыклад, сённяшняя Сацыялістычная ў розныя часы называлася Татарскай, Гарохавай, Банкавай. Была яна яшчэ і Басняцкай, бо тут жылі паліцэйскія, якіх прывозілі з Босніі, а яшчэ раней гэта вуліца называлася імем Вітаўта, вялікага князя ВКЛ. Сучасная вуліца Свярдлова некалі называлася Курганнай. Ёсць звесткі, што тут высіўся курган, які быў зруйнаваны падчас будаўніцтва чыгункі. Цікава, што ў Гродне ў 20-я гады была нават вуліца, якая насіла імя амерыканскага прэзідэнта Гувера, з якім звязана гуманітарная дапамога жыхарам Усходняй Еўропы.


«Звесткі аб гістарычных назвах гродзенскіх вуліц збіраліся апошнія 10 гадоў, — патлумачыў Андрэй Вашкевіч, — над гэтым працавалі такія нашы гісторыкі, як Юрый Гардзееў, Алесь Госцеў, Віталь Карнялюк, Юрый Саяпін, які, на жаль, нядаўна пакінуў нас. У пошуку старажытных назваў дапамаглі фонды нашага музея, дзе сабраны багаты картаграфічны матэрыял».

Было вырашана, што дадатковыя звесткі пра вуліцу павінны быць на беларускай мове. Гэта патрабавала пэўнага часу, каб выверыць правільнасць іх напісання. Акрамя назвы, указаны перыяд яе ўжывання. Па форме шыльды нагадваюць таблічкі на гістарычных аб'ектах.

Першая з'явілася на вуліцы Савецкай, якую можна назваць рэкардсменкай па колькасці назваў. Нам вядома пра пяць — Віленскі гасцінец, Віленская, Гімназіяльная, Саборная, Дамініканская. На чарзе — уладкаванне таблічак на вуліцах Карла Маркса, Кірава, Урыцкага, Ажэшкі, Вялікай Траецкай, Гараднічанскай. Адказвае за ўстаноўку і выраб шыльдаў гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка. А ідэю падказалі самі жыхары, якія выйшлі да гарадскіх уладаў з адпаведнай петыцыяй.

Пакуль размова ідзе пра 16 цэнтральных вуліц, работу на якіх плануецца завяршыць да пачатку турыстычнага сезона. Ёсць намер аздобіць шыльдамі з гістарычнымі назвамі яшчэ каля 30 вуліц Гродна. Разам з гэтым рыхтуюцца да ўстаноўкі інфармацыйныя стэнды з арыенцірамі галоўных архітэктурных помнікаў, якія будуць прадубліраваны на англійскай мове.

Маргарыта Ушкевіч

margo@zviazda.by

Загаловак у газеце: Наперад, у мінулае

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.