Вы тут

Штотыднёвы спартыўны агляд «Звязды»


У штотыднёвым спартыўным аглядзе «Звязды» падводзім вынікі выступлення нашых спартсменаў на чэмпіянаце Еўропы па лёгкай атлетыцы, расказваем пра скачкі фрыстайлістаў у Маскве і гульні беларускіх гандбольных клубаў у міжнародных турнірах.


1. У сталіцы Сербіі Бялградзе завяршыўся 34-ы чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы ў памяшканні. Наша зборная была прадстаўлена 19 спартсменамі. У скарбонцы беларусаў тры ўзнагароды.

«Серабро» заваявала Аліна Талай на дыстанцыі 60 м з бар'ерамі. У вырашальным забегу беларуска адолела спрынтарскую дыстанцыю за 7,92 секунды.

— Пасля такіх змен у жыцці — змена трэнера, месца жыхарства — я рада, што пасля 4 месяцаў працы заняла 2-е месца. Калі б перамагла, то гэта ўжо была б гісторыя — тры разы запар. Але яшчэ трэба дапрацаваць некаторыя моманты — пакуль мяне не хапае на тры забегі, — адзначыла Аліна.

У штурханні ядра бронзавы медаль заваявала Юлія Леанцюк: у фінале ў трэцяй спробе яна паказала вынік — 18 м 32 см. Потым яшчэ тройчы спрабавала палепшыць паказчык, але не здолела.

— Я задаволена! Хоць і ёсць над чым працаваць, вядома. Трэба дзесьці падцягнуць тэхніку. У Празе ў мяне было «серабро», цяпер — «бронза» на зімовым чэмпіянаце. Кваліфікацыя прайшла хутка. Саперніцы ў сектары ўсе моцныя, а пераможца проста ўзяла і сабралася ў самы патрэбны момант, — пракаментавала Юлія.

Яшчэ адзін бронзавы медаль у завяршальны дзень спаборніцтваў заваяваў малады спартсмен — Павел Селівёрстаў. Выступленне ў фінальных спаборніцтвах у скачках у вышыню ён пачаў з адзнакі 223 см, потым палепшыў свой вынік — 227 см. Аднак 230 см адзін з лідараў зімовага сезона ў гэтым відзе ўзяць не змог.

— Гэта мой першы медаль на чэмпіянатах Еўропы. Вынікам я крыху незадаволены, таму што, калі б узяў 230, быў бы значна больш рады, я мог гэта зрабіць! Задаволены сезонам, таму што шмат сіл выдаткаваў і ў выніку атрымаў той мінімум, на які разлічваў, — медаль і асабісты рэкорд! Цяпер будзем рыхтавацца да Лондана, — адзначыў Павел.

2. Максім Гусцік заняў другое месца на этапе Кубка свету па фрыстайле ў лыжнай акрабатыцы ў Маскве. У кваліфікацыі беларус паказаў найлепшы вынік сярод усіх удзельнікаў, але ў вырашальнай стадыі Максім выканаў скачок, які аказаўся менш складаным, чым у саперніка з Кітая Хань Чжоў. Яшчэ адзін беларус Станіслаў Гладчанка ў выніковым пратаколе размясціўся на 20-м месцы, Павел Дзік — на 25-м.

У спаборніцтвах сярод жанчын найлепшай стала Лідзія Ласіла з Аўстраліі. Аляксандра Раманоўская заняла ў Маскве дзявятае месца, Ганна Рослік стала 18-й.

Наступным буйным стартам у фрыстайлістаў стане чэмпіянат свету, які пройдзе 9—10 сакавіка ў іспанскай С'ера-Невадзе.

3. У чарговым туры Лігі чэмпіёнаў гандбалісты БГК імя Мяшкова перамаглі македонскі «Вардар» 30:26. Свой заключны матч групавога этапу брастаўчане правядуць 11 сакавіка ў Кельцах супраць дзеючага пераможцы Лігі чэмпіёнаў польскага «Віве». Нагадаем, гандбалісты БГК ужо забяспечылі сабе выхад у плэй-оф гэтага турніру.

Тым часам мінскі СКА ў дамашнім матчы перамог украінскі ЗТР (36:30) і з другога месца ў групе «А» выйшаў у чвэрцьфінал Балтыйскай лігі.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: З трыма медалямі кантынента

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».