Вы тут

Мэта Беларусі па насельніцтве — 20 мільёнаў чалавек


У адной зале сабраліся сапраўдныя жанчыны і мужчыны — з вялікай літары. Першыя — адданыя маці, якія не пабаяліся нарадзіць пяцёра і болей дзяцей і цяпер выхоўваюць іх. Другія — абаронцы нашай краіны, якія працуюць для таго, каб маці маглі спакойна займацца выхаваннем. Сёння Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка ўручыў ім дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь і генеральскія пагоны афіцэрскаму складу.


Вольгу Котаву лёгка прыняць за артыстку, настолькі яна танюткая, гожая і ўсмешлівая. Але насамрэч жанчына па прафесіі фельдшар-акушэр, а па прызванні --  маці пяці дачок. Першая з іх нарадзілася, калі Вользе было 19. Але спадарыня прызнаецца, што спыняцца не збіраецца і, спадзяецца, дачакаецца сына. “Хаця ёсць такая прымаўка, што Бог зрабіў камплімент жанчыне, калі падарыў ёй дачку. Значыць, жанчына вартая свайго паўтарэння. А мяне паўтарылі цэлых пяць разоў, — усміхаецца яна. – Не магу сказаць, што мне лёгка ці складана. Але ад дзяцей столькі радасці, якую не заменіш нічым іншым, што пра стомленасць забываешся”. 

Сапраўды, калі паглядзець на жанчын, што атрымалі ордэн Маці, то складана паверыць, што дома іх чакае вэрхал хатніх спраў. Святочныя напярэдадні свята, сёння яны ўсміхаюцца і дзеляцца сакрэтамі, як усё паспяваць і пры гэтым так цудоўна выглядаць. Аляксандр Лукашэнка з асаблівай цеплынёй звярнуўся да прысутных дам і не раз падкрэсліў, што для маці пяці і болей дзяцей яны выглядаюць дужа маладымі. Вось і раскрыты сакрэт прыгажосці. “Вы проста малайцы, вы выконваеце галоўную сваю місію. І гэта мэта ўсёй маёй палітыкі — у Беларусі павінна быць не менш за 20 мільёнаў чалавек. Вось тады мы будзем магутныя як ніколі, і ніхто ў наш бок коса глядзець не будзе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.  

У адной з залаў Палаца Незалежнасці можна было пачуць не толькі цокат абцасаў, але і лёгкі звон нагрудных медалёў, якія цяпер належаць ужо генералам. Пра такіх, як Аляксандр Караў, спявалі ў песні: “Першай справай — самалёты”. Ваенны лётчык з гонарам гаворыць, што беларуская авіяцыя сёння сучасная: у адрозненне ад многіх краін постсавецкай прасторы, лятаючая і пастаянна развіваецца. Бо ёсць і паліва, і людзі, і тэхніка – усе магчымасці. Тое, што спецыяльнасць гэта перспектыўна, пацвярджае традыцыйна высокі конкурс сярод абітурыентаў. “Што далёка хадзіць: мой малодшы сын лятае, пайшоў па маім шляху. А старэйшы кіруе мной, калі лятаю я сам. Я на іх не ціснуў, абодва абралі шлях самастойна: бачылі, як працуе бацька”, — прызнаецца лётчык.

Генеральскія пагоны ўручаны тым, хто “трымае ў руках шчыт Айчыны”. Кіраўнік дзяржавы з пачуццём гонару за беларускую армію войска нагадаў і аб велізарнай адказнасці, якая ляжыць на плячах кожнага — ад галоўнакамандуючага і міністра абароны да радавога — за жыцці суайчыннікаў, за мір і спакой у агульным беларускім доме. “У нас не шмат генералаў. Але я і не планую павялічваць генеральскі корпус, каб не прынізіць гэта званне. Генерал — гэта асаблівы чалавек", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Вераніка ПУСТАВІТ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».