Вы тут

Зваротная сувязь


Прэтэнзій да беларускай кінаіндустрыі з цягам часу становіцца больш. Але прад’яўляюць іх толькі тыя, хто беларускае кіно любіць і глядзіць. У астатніх выпадках пра нашыя стужкі не ведаюць наогул. Глядач кажа: «Не здымаюць». Але ці так гэта? Іншая справа, што айчынныя фільмы не так часта даходзяць да свайго гледача. І гэта адна з самых важных праблем нашага кіно: каб у аўдыторыі ўзнікалі хоць нейкія пачуцці да беларускага кінематографа, мы павінны яго папулярызаваць. Пакуль гэта адбываецца толькі з дапамогай прыватных ініцыятыў.

ВАЧЫМА ІНШЫХ

У «Доме кіно» ладзіўся праект «Незалежны позірк» (паказвалі маладыя беларускія кароткаметражкі), у Арткінатэтры можна было ўбачыць фільмы на экалагічную тэматыку; варта ўзгадаць і дакументальную праграму BelarusDocs; перыядычна з сучасным беларускім кіно можна пазнаёміцца і на фестывалях. Але чаму дагэтуль гледачы не ўпэўнены ў тым, што наша кіно хоча, а галоўнае, можа развівацца і быць цікавым? Магчыма, гэта зменіцца, калі айчынныя стужкі стануць паказваць у кінатэатрах разам з фільмамі Кэмерана ды Альмадовара. У лютым такая магчымасць з’явілася: на вялікім экране паказваюць беларусьфільмаўскія «Сляды на вадзе» Анісімава і маладое «Сваё кіно» ў Арткінатэатры. Кінакрытык Антон Сідарэнка, адзін з арганізатараў праекта, кажа, што «Сваё кіно» — гэта добрая магчымасць для гледача ўбачыць сябе вачыма іншага чалавека. Так, сябе можна ўбачыць і ў замежных стужках, але, нягледзячы на агульначалавечыя праблемы, якія ўздымаюцца ў іх, там іншыя краіны, мовы, менталітэт: «Справа ў тым, што лепшае сусветнае кіно, а раней і галівудскае, стваралася ўніверсальна, для ўсіх. Прабле мы, якія ўзнятыя ў фільмах “Патэрсан” Джармуша і “Тоні Эрдман” Адэ, агульначалавечыя і датычныя нас. Але выдатна, калі на экране можна ўбачыць штосьці блізкае, эмацыйнае адлюстраванне нашага жыцця. Беларускае мы павінны глядзець, каб бачыць менавіта сябе, гэта важна — любіць сваё. І не трэба пужацца, што многія стужкі праблемныя, драматычныя, нават трагічныя. Гэта таксама частка нашага жыцця: мы не можам хаваць свае праблемы і павінны гаварыць пра гэта самі». Сучаснае беларускае кіно такое, што яно не разлічана на адпачынак ці забаўленне гледача, — у першую чаргу гэта нагода парэфлексаваць і падумаць над тымі пытаннямі, якія важныя не толькі для асобнага чалавека, але і для грамадства. Такое кіно не пакіне абыякавым выхаванага гледача. Антон Сідарэнка лічыць, што фільмы гэтага кшталту трэба выводзіць на аўдыторыю, а аўдыторыю — на такія фільмы: «Мы хочам змяніць стаўленне да беларускага кіно, каб яно перастала быць гета, каб яго паказвалі не ў крэатыўных прасторах праз праектары, а ў вялікіх кінатэатрах». З іншага боку, рэжысёраў і саміх трэба выводзіць на аўдыторыю. Антон адзначае, што яны таксама згубіліся, бо ў кінематаграфістаў няма зваротнай сувязі, і гэтая праблема ідзе поруч з аўтарамі з часоў постсавецкага кіно: «Рэжысёры толькі выказваліся, не маючы сувязі з гледачом. Добрыя рэжысёры, якія здымалі яшчэ ў СССР, хацелі творчай свабоды, а пасля проста не маглі ёй скарыстацца, бо не было навыку размовы з гледачом». «Сваё кіно» менавіта на такія размовы і накіравана. Кожны з паказаў працягваецца дыскусіяй. У гэтым і яго перавага над звычайнымі кінапаказамі: сённяшняе пакаленне інтэрнэту зацікаўлена ў камунікацыі — любіць лектараў, цікавыя падзеі і жывыя размовы, таму і выходзіць з дому, проста каб паглядзець кіно і не атрымаць нейкай сувязі, ім ужо нецікава: «Людзі не зусім звыклыя да таго, каб хадзіць у кінатэатр на беларускае кіно за грошы. Але мы хочам пераламіць сітуацыю, бо гэта не толькі паказы, — распавядае Антон. — Абавязковая ўмова — камунікацыя з аўтарам фільма, бо досвед сведчыць, што ў апошні час цікавасць да такога кшталту мерапрыемстваў павялічылася».

КРЫТЭРЫЙ ЯКАСЦІ

«Сваё кіно» — праект хоць і новы, але ідэя яго вядомая яшчэ з 1970-х. Менавіта тады вельмі папулярнымі былі кінаклубы, дзе камунікавалі аматары фільмаў (многія з іх, дарэчы, пасля самі сталі вядомымі кінематаграфістамі і кінакрытыкамі). Нешта падобнае да гэтага руху спрабуе працягнуць і Антон Сідарэнка: «На першым паказе глядач быў вельмі актыўны! Больш за тое, некаторыя казалі, што размова з рэжысёрам была нават цікавейшая за саму кінастужку. У нас вельмі добрыя гледачы, якія не пужаюцца пытанняў і дыскусій. Запрашаю на паказы і людзей, меркаванне якіх цікава было б пачуць: ужо былі Кірыла Дубоўскі, Альгерд Бахарэвіч. Наогул, зносіны людзей на паказах — наша мэта». Але часам на зваротную сувязь рэжысёры рэагуюць балюча. Хоць гэта ў большай ступені залежыць ад тэмпераменту рэжысёра, падсумоўвае Антон: «Я магу зразумець пачуцці маладога аўтара, які выходзіць на сцэну. Але такое адбываецца нават і з вядомымі рэжысёрамі: Акі Каўрысмякі адмовіўся выходзіць за сваёй узнагародай на сёлетнім Берлінале. Што казаць пра маладых рэжысёраў...». Сумнявацца ў тым, ці добрае кіно чакае гледача на праекце «Сваё кіно», не даводзіцца: у Антона Сідарэнкі ёсць крытэрый якасці. Хоць часам стужкі могуць быць выкананы не ідэальна, але ў іх абавязкова будзе мастацкае рашэнне. І ў асноўным гэта дэбюты ці проста маладыя працы: арганізатары працуюць на сістэматызацыю сучаснага кіно, каб фільмы з’яўляліся не хаатычна, а больш сістэмна. Тады і глядач будзе валодаць не толькі ведамі пра бягучы кінапрацэс, але і пра саміх рэжысёраў. Часам стужкі выбіраюцца вострыя. Напрыклад, на апошнім паказе глядзелі «Анамію» Уладзіміра Казлова. Пісьменнік і рэжысёр нарадзіўся ў Магілёве, некалькі гадоў жыў у Мінску, але зараз стварае ў Расіі. Тым не менш стужка яго вельмі сімвалічная не толькі з-за аўтарскага погляду на кінематограф, але і з-за тэмы: «Анамія» часткова распавядае пра поставецкую рэчаіснасць, у тым ліку і беларускую. Канечне, многія моманты там ужо расійскія, але па гэтым фільме можна адсачыць, як па розных шляхах разышліся грамадствы, знайсці там і нашых герояў».

ГРАШОВЫЯ АДНОСІНЫ

Паказы «Свайго кіно» ладзяцца раз на месяц. Наступны адбудзецца 22 сакавіка. У фокусе — праграма «Жаночы погляд», у якую ўвойдуць дзве стужкі маладых рэжысёраў: вельмі незвычайны, таленавіта зроблены і глыбокі для ўзросту рэжысёра дакументальны фільм мінулагодняй выпускніцы Акадэміі мастацтваў Аляксандры Маркавай «Апошняя дата» (стужка ўздымае пытанне сыходу чалавека з жыцця і тое, як людзі перажываюць гэта) і фільм Юліі Ралко «Орша — Мінск — Орша» ў стылістыцы школы Марыны Разбежкінай — вельмі жорсткі партрэт пакалення 25-гадовых. Праграма на найбліжэйшую палову года ў арганізатараў ужо сфарміраваная, але здараецца, што ўносяцца змены: маладыя рэжысёры самі звяртаюцца да Антона Сідарэнкі і прапануюць паказаць свае фільмы. Адзін з такіх ужо ўключаны ў праграму. Вялікая цікавасць у праекта і да айчыннага анімацыйнага кіно: яно ў нашай краіне сапраўды мае вялізны патэнцыял, таму калі праграма набярэцца, то глядач абавязкова ўбачыць і беларускія разумныя мультфільмы. Вялікая зала Арткінатэатра дазваляе праводзіць паказы для шырокай аўдыторыі. Але пакуль яна запоўненая толькі напалову. Пра тое, ці папулярнае беларускае кіно ў гледача, казаць пакуль рана: праект існуе толькі 2 месяцы. Антон Сідарэнка адзначае, што, калі ўлічыць першы паказ і той фактар, што кінатэатр, дзе ладзяцца паказы, не самы папулярны, то сам факт, што кіно паказана, ужо пра многае сведчыць: «Дакументальнае дэбютнае беларускае кіно маладога аўтара змагло сабраць палову залы, і я лічу, што гэта добры паказчык». «Сваё кіно» — у першую чаргу эксперымент над кіно і гледачом. Што будзе, калі паказаць гледачу кіно як працэс? Каб глядач ведаў не толькі асобныя прозвішчы рэжысёраў і назвы самых распіяраных фільмаў, але і разумеў сістэму беларускага кіно, якую праект зараз спрабуе стварыць. Яшчэ адзін бок эксперымента — праверыць, ці гатовы беларускі глядач плаціць за сваё кіно столькі ж, колькі ён плаціць за замежныя блокбастары ды камедыі? Хочацца спадзявацца, што гатовы. Бо, як бы банальна ні гучала, грошы вымяраюць тыя адносіны чалавека, якія склаліся сёння ў Беларусі да мастацтва наогул і кіно ў прыватнасці. Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Зваротная сувязь

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.