Вы тут

Канстанцін Касяк. Світшот з Гуткоўскім




Світшот з Гуткоўскім

Што трэба зрабіць, каб стаць героем навін? Нічога асаблівага. Дастаткова ўсяго толькі займець вопратку з экзатычным прынтом. Але ж дзе яе ўзяць? Канешне ж, зрабіць самому!

У канцы мінулага года ў сеціве з’явілася навіна, што хлопцы з Мінска вырабілі сабе світшоты ў стылі «Маладняка». Яна нават займела нейкі рэзананс. Хлопцамі тымі былі я і мой сябар. Усяго два чалавекі, два світшоты — а гэтаму прысвяцілі цэлую навіну!

«Нічога сабе!» — можа падумаць просты чытач, неабыякавы да беларускай літаратуры. Але насамрэч нічога складанага! Алгарытм вельмі просты, усяго толькі з трох пазіцый: знайсці патрэбны малюнак, перавесці яго ў вектар, раздрукаваць. Зрабіць гэта зараз прасцей простага. І ў выніку можна атрымаць вопратку з досыць арыгінальным, але разам з тым аўтэнтычным малюнкам.

Дызайнераў па краіне багата, кантор, якія друкуюць майкі, байкі ды іншую сувенірную прадукцыю сёння таксама вельмі шмат. Адно параўноўвай кошты ды выбірай. Гэта не дзесяць і тым больш не пятнаццаць гадоў таму, калі якасць друку была не лепшай, а друкаваць былі гатовыя толькі партыямі. За адзіночныя праекты, ніхто брацца і не хацеў.

Чаму менавіта «Маладняк» і малюнак «Арганізуй сябе» Паўла Гуткоўскага? Тут ўсё вельмі проста. Маладыя, моцныя, таленавітыя  чальцы гэтага літаратурнага аб’яднання — ўзор, варты пераймання. Асабіста мне вельмі падабаецца гартаць нумары аднайменнага часопіса, які, здаецца, не страціў актуальнасці і цяпер. А для лепшага асэнсавання працэсаў, якія адбываліся дзевяноста гадоў таму, любому цікаўнаму да гісторыі, культуры і літаратуры чалавеку варта па мажлівасці звяртацца менавіта да першакрыніц. Каб было правільнае разуменне.

Агулам папулярызацыя самых розных тэм часоў беларусізацыі мне бачыцца вельмі важнай справай, паколькі гэты перыяд для нас з’яўляецца сапраўднай Атлантыдай — здаецца, з яго можна чэрпаць ідэі бясконца, настолькі плённа папрацавалі тагачасныя дзеячы. Прычым ва ўсіх сферах, не толькі ў гісторыі або літаратуры, хаця не стану адмаўляць, мне цікавыя найперш менавіта яны. І гэта ўсяго за няпоўныя дзесяць гадоў!

Раннюю БССР нельга выкрэсліваць з нашай гісторыі, як і яе герояў, паколькі гэта важны фундамент дзяржаўнага і нацыянальнага будаўніцтва, нягледзячы на ўсе «але», якія гэтак любяць цяпер прыводзіць у прыклад многія. Нездарма ж паўстанне «Беларускай рэспублікі», як яе тады называлі, атаясамлялася дзеячамі кшталту Якуба Коласа з сапраўдным адраджэннем беларускай дзяржаўнасці.

Але чаму мы самі забыліся на тыя часы? Цяпер можна лёгка пайсці ў бібліятэку, узяць патрэбную кнігу, без асаблівых цяжкасцей пазнаёміцца з яе зместам. А чытаць першакрыніцы, аналізаваць, будаваць уласныя тэорыі ці нават фантазіі — што можа быць лепей? У якой-небудзь Амерыцы гэтую вірлівую эпоху даўно б ужо міфалагізавалі. Зрэшты, яны свае 1920-я і міфалагізавалі: джаз, віскі, танцы, клубы, прыгожыя жанчыны, гангстэры.

Здаецца, што кожны год з’яўляюцца фільмы і кнігі пра эпоху сухога закона і вялікай дэпрэсіі. Пераздымаецца і перачытваецца наноў класіка. У Францыі, да прыкладу, адбываецца тое ж самае — пра 1920-я ў Парыжы ўжо столькі знята і напісана, што падаецца, і сам ўжо быў у той час у гэтым горадзе, так добра яго ведаеш. Хадзіў па ягоных вуліцах, знаёміўся з іх дзяўчатамі, бываў у кнігарнях, піў каву ў кавярнях, танчыў на вечарынах. І не дзіва, што «Свята, якое заўжды з табою» Эрнэста Хемінгуэя — дагэтуль адна з самых прадаваных у свеце кніг пра Парыж. Хоць самога Папы ўжо даўно няма сярод жывых…

А ў нас нейкі правал з нашымі «дваццатымі». А гэта ж надзвычай цікавы час! Не проста статычнае і банальнае «было надрукавана», «выходзілі часопісы», «на беларускую мову пераводзіліся асноўныя сферы жыцця». Усё было больш цікава і вельмі драматычна. Але ж чаму забыліся? Ці проста не ведаем? А можа быць і не хочам ведаць?

Мая думка такая: за часы незалежнасці ў нашай краіне ўкаранілася пэўная колькасць беларускіх герояў, патрыятычны набор: Альгерд, Міцкевіч, Каліноўскі. Гэта, безумоўна, добра, што з небыцця былі вернуты сотні забытых імён і падзей, пра якія раней беларусам было ведаць непажадана. Але ж і моцнага прагрэсу ў гэтым напрамку насамрэч не адбылося. Мы нібыта топчамся на месцы ў адным і тым жа фарватары — «завіслі» ў гэтым сваім сярэднявечным ВКЛ, нібыта гэта ўсяго адна гераічная старонка з нашай гісторыі. А яна ж, як вядома, была куды больш багатай і разнастайнай.

Прычым замілаваныя гэтым самым ВКЛ, умоўна кажучы, часоў Вітаўта Вялікага, моцнай і магутнай еўрапейскай дзяржавай. І такі ідэалістычны погляд, як па мне, наўпрост звязаны з тым, што пра гэта добра вядома. Раннюю Літву папулярызуюць асобныя апантаныя, а большасцю, на жаль, цікавыя і выключна пазнавальныя вобразы і падзеі.

Беларусізацыя мне бачыцца сапраўды важнай у ліку іншага і таму, што менавіта дзякуючы ёй мы ведаем цяпер пра ВКЛ, шляхту і літвінаў. Усё ў гэтым свеце ўзаемазвязана, і беларуская гісторыя — не выключэнне.

Як ні круці, а БССР — гэта першая спроба паўстання рэальнай беларускай дзяржаўнасці, і каб розныя беларускія дзеячы ды ўстановы не вярталіся да «старасвеччыны», цяпер пра гэта слаба ведалі б або не ведалі агулам. Што зробіш, такія правілы. І вось вам адзін прыклад.

Мала хто ведае, што ў міжваеннай БССР існавала ўласная ўзнагарода — Ордэн Працоўнага Чырвонага Штандара, якім адзначалі не толькі за працоўныя, але і за вайсковыя дасягненні. Аўтар эскіза — Генадзь Змудзінскі, чалавек вельмі цікавага лёсу. Ён таксама з’яўляецца аўтарам аднаго з варыянтаў герба БССР.

А вось і цікавыя факты: на ордэне замест сярпа з молатам змешчаны скрыжаваныя серп з сякераю. Менавіта гэтыя рэчы клалі нябожчыку разам з ваярскім рыштункам старажытныя балты, якія адыгралі важную ролю ў этнагенезе беларускай нацыі і стварэнні Вялікага Княства Літоўскага на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

Выпадковасць?

 

Канстанцін Касяк

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.