Вы тут

Алесь Бадак: Кнігі шукаюць чытачоў


45 гадоў у творчым лёсе «Мастацкай літаратуры»

Многія кнігі беларускіх пісьменнікаў-класікаў і сучаснікаў прыйшлі да нашага чытача менавіта дзякуючы выдавецтву «Мастацкая літаратура». Ужо ў самой яго назве сфармулявана асноўная канцэпцыя працы, скіраванасць на падбор твораў, што маюць выйсці кнігамі. Не так даўно выдавецтва адзначыла 45-годдзе, таму, каб даведацца пра пэўныя вынікі, прынцыпы дзейнасці ўстановы, а таксама планы на будучыню, наш карэспандэнт завітала да дырэктара «Мастацкай літаратуры» Алеся БАДАКА.


— За час свайго існавання «Мастацкая літаратура» стала выдавецтвам, якое працуе і на сучасны літаратурны працэс, і на беларускую класіку. Гэта прынцыповая пазіцыя?

— Гэта традыцыя, закладзеная якраз 45 гадоў таму. Паглядзіце, чые кнігі выйшлі ў першы год пасля з'яўлення нашага выдавецтва: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, а разам з імі — і тады зусім яшчэ маладых Алеся Жука, Уладзіміра Дзюбы... У 1972-м выйшлі першыя тамы збораў твораў Якуба Коласа і Кузьмы Чорнага. Без выдання аўтарскіх шматтомнікаў сёння ўжо нельга ўявіць «Мастацкую літаратуру». Закончылі выдаваць 23-томны Збор твораў Івана Шамякіна. Сёлета павінны выйсці апошнія кнігі дзесяцітомніка Івана Навуменкі. Ідзе работа над чарговымі тамамі 25-томніка Уладзіміра Караткевіча.

— Разам з класікай вы звяртаецеся да твораў маладых аўтараў і сёння?

— Увага да маладых — сапраўды наша прынцыповая пазіцыя. Мы, разам з Міністэрствам інфармацыі і Выдавецкім домам «Звязда», — арганізатары конкурсу маладых літаратараў. І менавіта мы выступілі з ініцыятывай па яго выніках выдаваць зборнік-альманах найлепшых твораў. Дарэчы, нагадаю, што з 1 сакавіка пачаўся новы адлік гэтага конкурсу і запрашаю маладых паэтаў і празаікаў паўдзельнічаць у ім.

— Заўважыла, што вы не баіцеся эксперыментаў з мастацкім аздабленнем кніг...

— Я вельмі рады, што ў выдавецтве працуюць як маладыя мастакі, так і сталыя. Маладыя больш любяць эксперыментаваць, і ў іх для гэтага ёсць усе ўмовы. У выніку выходзяць кнігі, якія асабліва падабаюцца моладзі. Сталыя мастакі прытрымліваюцца традыцый, але ж тое можна сказаць і пра многіх нашых пісьменнікаў, і пра чытачоў. Галоўнае ж, што і маладыя, і сталыя вельмі паважліва ставяцца да працы адно аднаго, бо яны прафесіяналы. Не выпадкова штогод нашы кнігі становяцца пераможцамі як на нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі», так і на міжнародных конкурсах такога кшталту.

— За 45 гадоў што змянілася ў арганізацыі работы выдавецтва, сістэме распаўсюджвання кніг?

— Сёння мала выдаць добрую кнігу. На рынку вельмі багаты выбар для чытача. Таму нельга працаваць, адказваючы толькі за сваю дзялянку. Некалі быў вельмі папулярны маналог Аркадзя Райкіна «Хто пашыў касцюм?» Яго герой казаў: «Асабіста я прышываў гузікі. Да гузікаў прэтэнзіі ёсць?» Каб кніга хутчэй прадалася, нельга адказваць толькі за свае «гузікі». Хтосьці любіць і ўмее выступаць, рэкламуючы нашы выданні. Хтосьці часта бывае ў сацыяльных сетках, мае там свае старонкі, вядзе блогі і — таксама рэкламуе кнігі «Мастацкай літаратуры». Я часта паўтараю, што мы перажывём любыя крызісы, калі будзем адной камандай. Раней чытачы шукалі кнігі, цяпер кнігі шукаюць чытачоў. Але гэтыя чытачы ёсць!

Мы актыўна супрацоўнічаем і з бібліятэкамі, і з «Белкнігай» і з «Белсаюздрукам», і з прыватнымі кнігарнямі. Часта бываем у навучальных установах. Найбольшы эфект атрымліваецца, калі разам з выдаўцамі ў такія ўстановы прыходзяць нашы аўтары.

— Як стаць аўтарам, чыя кніга мае шанц пабачыць свет у «Мастацкай літаратуры»?

— Літаратурная творчасць — гэта вельмі індывідуальная справа, і тут вельмі цяжка гаварыць пра нейкія агульныя крытэрыі. Цяжка хоць бы таму, што кожны геніяльны ці проста выдатны твор — гэта вельмі часта парушэнне пэўных крытэрыяў, творчая спрэчка са, здавалася б, непарушнымі традыцыямі. Зразумела, адметныя творы — гэта не бліны, якія можна пячы штораніцы, але ў любым выпадку аўтару трэба імкнуцца знаходзіць нешта новае, свежае ў літаратуры. А ў якім жанры — гэта абсалютна не важна.

— Якія самыя знакавыя серыі і кнігі, што выйшлі ў «Мастацкай» апошнім часам, можаце згадаць?

— Мы вельмі ганарымся серыяй «Залатая калекцыя беларускай літаратуры», для якой адбіраюцца найлепшыя творы беларускага прыгожага пісьменства за шмат стагоддзяў яго існавання. Гэта наш сумесны праект з Інстытутам літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі. Здавалася б, не так даўно пачала выходзіць серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі», а на сённяшні дзень ужо маем 15 тамоў. Апошнія па часе выдання — кнігі пра Уладзіміра Мулявіна, Кузьму Чорнага і Марыю Захарэвіч. Вельмі нечаканым, але прыемна нечаканым для многіх аказалася выданне «Францыск Скарына. Маем найбольшае самі». Гэта кніга перастварэнняў Алеся Разанава, крыніцай якіх паслужылі прадмовы Францыска Скарыны да кніг Бібліі.

— Пасля святкавання юбілею работа выдавецтва працягваецца. Што ў планах «Мастацкай літаратуры»?

— З нецярпеннем чакаю першую кнігу з новай серыі «Сто вершаў». У яе Віктар Шніп, як укладальнік, адабраў менавіта сто вершаў Міхася Стральцова. Гэта не проста чарговы томік да чарговага юбілею нашага класіка. Згаданая серыя — можна сказаць, наш сумесны праект з Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. У кожнай кнізе будзе змешчана шмат рэпрадукцый карцін нашых мастакоў, па сваёй вобразнасці блізкіх да паэтычных твораў, змешчаных у ёй.

Спадзяюся, парадуем чытачоў новымі цікавымі кнігамі, прысвечанымі 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, якія прэзентуем на Дні беларускага пісьменства ў Полацку.

Марына ВЕСЯЛУХА

vеsіаluhа@zvіаzdа.bу

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.