Вы тут

Погляд пілота знутры на самую прэстыжную аўтагонку свету


На «Дакары» гэтага года гоншчыкі «МАЗ-СПОРТаўта» паказалі самы высокі вынік (у генеральнай класіфікацыі грузавікоў) за час выступлення ў прэстыжнай гонцы.  У агульным заліку экіпаж пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага заняў 6-е месца, каманда Сяргея Вязовіча — 13-е месца, а Аляксей Вішнеўскі са сваімі калегамі аказаўся на 21-м радку пратакола.


Такія вынікі нашы спецыялісты паказалі, нягледзячы на тое, што «Дакар-2017» стаў адным з самых небяспечных за апошнія гады. Анамальная спякота змянялася праліўнымі дажджамі, на маршруце Парагвай — Балівія — Аргенціна сустракаліся непрадказальныя горныя перавалы і велізарныя дзюны. Як гоншчыкі рыхтуюцца да стартаў і прыстасоўваюцца да ўмоў экзатычных краін і што самае важнае ў пустыннай дарозе, расказаў начальнік каманды і пілот аднаго з экіпажаў Сяргей Вязовіч.

«Для нашых аўто ўмовы бездарожжа і пяскоў вельмі добрыя»

У камандзе Сяргей з 2012-га, ужо практычна год пасаду пілота ён сумяшчае з кіраўніцтвам камандай «МАЗ-СПОРТаўта». Аўтагоншчык са стажам не хавае, што спаборніцкі год выдаўся складаным, але, нягледзячы на эканамічную сітуацыю на прадпрыемстве, у краіне, ды і ў свеце, камандзе ўдалося захаваць дынаміку развіцця і падмацаваць яе вынікам.

— Мы цэлы год працавалі, тэсціравалі тэхнічныя навінкі, рабілі тактычныя нарыхтоўкі. Трэба сказаць, што нам удалося падтрымліваць высокі ўзровень на працягу ўсяго сезона. На гонцы «Шаўковы шлях» каманда стала 6-й, з такім жа вынікам фінішавалі і на «Дакары», — расказвае Сяргей.

Вышэй МАЗа аказаліся ўсяго тры маркі аўто — «Камаз» (адзін з экіпажаў — пад кіраваннем Эдуарда Нікалаева ўжо мае ў сваім актыве перамогу на «Дакары» ў мінулыя гады) і два экіпажы Іvесо (таксама з'яўляюцца прызёрамі «Дакара»). Гэта значыць сярод вытворцаў МАЗ наогул паказаў трэці вынік.

— Прайграць ім было не сорамна. Часовыя гандыкапы, якія падзялялі экіпажы, невялікія — ад 40 хвілін да 2 гадзін. Гэта значыць на размеркаванне месцаў маглі паўплываць самыя розныя дробязі — пачынаючы ад пылу, праколу кола і заканчваючы нязначнай памылкай пілота.

Сяргей расказвае, што самыя складаныя этапы сёлетняга «Дакара» былі адмененыя з-за надвор'я, марафон скарочаны па кіламетражы, хоць беларуская каманда была гатовая да цяжкай барацьбы.

— Для нашых аўто ўмовы бездарожжа, пяскоў вельмі добрыя, у іх мы можам у поўнай меры раскрыць тэхнічныя магчымасці сваёй тэхнікі і паказаць выдатную фізічную падрыхтоўку экіпажаў. Самым цяжкім для нас было перанесці перапады тэмператур. Калі выязджалі з Парагвая — было +45, заехалі ў Аргенціну — таксама горача, а вось у Балівіі падняліся на вышыню 5 тысяч метраў над узроўнем мора, і тэмпература ўпала да 4 градусаў, пайшлі дажджы. Хоць абяцалі наадварот засуху, папярэджвалі, каб экіпажы запасаліся піццём. У выніку з-за ліўняў стаялі па калена ў вадзе, асабліва складана прыйшлося хлопцам з тэхнічнай падтрымкі, якія абслугоўвалі машыны ноччу.

«Яны стаяць уздоўж дарогі ў спякоту, лівень, каб памахаць табе сцягам»

У час, пакуль няма спаборніцтваў, каманда, акрамя ўдасканалення тэхнікі, займаецца фізічнай падрыхтоўкай, і гэта, адзначае Сяргей, з'яўляецца вельмі важным складнікам поспеху.

— Некаторым гоншчыкам у гарах Балівіі станавілася дрэнна, з-за гэтага нават лідары часам сыходзяць з дыстанцыі. Каб такога не адбылося, мы праходзім спецыяльную падрыхтоўку — гэта фізкультура для ўмацавання касцёва-мышачнага апарату. На працягу гонкі даводзіцца адчуваць вельмі сур'ёзныя нагрузкі, у тым ліку на пазваночнік і шыю, патрэбна каласальная вынослівасць. Да таго ж і галава ў пілота заўсёды павінна быць светлай. Нельга праехаць гонку чыста механічна: пасадзілі — і душы на газ. Шмат даводзіцца думаць, пралічваць ступень рызыкі, трымаць візуальныя арыенціры сапернікаў, разумець, дзе трэба паберагчы машыну, а дзе лепш адыграць час.

Звычайна маршрут «Дакара» праходзіць па вельмі экзатычных для Беларусі краінах. Сёлета нашы экіпажы праехалі па Парагваі, Балівіі і Аргенціне.

— Аргенціна яшчэ чымсьці нагадвае цывілізацыю, нават сустракаюцца знаёмыя краявіды. А вось Парагвай і Балівія — гэта суцэльная галеча і антысанітарыя. Узровень жыцця ў гэтых краінах вельмі нізкі: дамы як зямлянкі, няма прадпрыемстваў, дрэнная ежа. Глядзіш толькі, каб нічым не заразіцца і каб цябе нідзе не абрабавалі.

Але і ў такіх, не асабліва развітых краінах, самая вядомая аўтагонка свету мае вялікую папулярнасць.

— «Дакар» набраў абароты ўжо некалькі дзесяцігоддзяў таму, гэта самыя папулярныя і прэстыжныя аўтамабільныя спаборніцтвы. У мінулыя гады мы былі таксама ў Перу і Чылі, напрыклад, там «Дакар» мае велізарную папулярнасць. Людзі стаяць уздоўж дарогі ў спякоту, лівень проста для таго, каб памахаць табе сцягам. Ёсць адзін вельмі адданы і верны заўзятар з Беларусі. Ужо некалькі гадоў запар, калі мы праязджаем фінальны подыум, бачым гэтага мужчыну з беларускім сцягам. Хто хоць раз стаў удзельнікам гэтай маштабнай падзеі, не можа застацца абыякавым, нездарма ёсць такі выраз — сіндром «Дакара». Як бы мы ні стамляліся на гэтай гонцы, ужо праз некалькі дзён пасля яе заканчэння пачынаем падрыхтоўку да наступнага года.

Падчас гонкі ў кабіне знаходзіцца пілот, механік і штурман, а наогул каманда складаецца з 30 чалавек — гэта перакладчыкі, кіраўнікі, тры машыны тэхнічнай падтрымкі і адзін аўтадом, дзе начуюць экіпажы.

— Мы не жывём у пяцізоркавых гатэлях, экіпажы звычайна начуюць у памяшканні, падобным на чыгуначнае купэ, а астатнія ўвогуле ў палатках. Калі дазваляе надвор'е, хлопцы ставяць раскладушкі проста пад адкрытым небам.

«Даволі часта на дыстанцыі гінуць людзі»

Здараецца, што экіпаж знаходзіцца ў шляху суткі, а то і двое, звычайна гэта звязана з паломкамі альбо трапляннем у аварыю. У такой сітуацыі самая галоўная каштоўнасць — вада і ежа.

— Везці харчаванне ў нармальным стане практычна немагчыма — у кабіне спякота, трасяніна. Прытым ёсць прыкмета: возьмеш з сабой правіянт, значыць, спатрэбіцца. Іншая справа — вада, ёю запасаемся грунтоўна, запаўняем усе ёмістасці ў машыне.

У самых крайніх і крытычных выпадках на дапамогу экіпажам прыходзяць ратавальнікі. Усе аўтамабілі абсталяваны прыборамі бяспекі, адным націскам кнопкі можна выклікаць верталёт, які прыбудзе на месца максімум праз 15—20 хвілін. Аднак такі выклік заўсёды азначае зыход экіпажа з дыстанцыі.

— Перад нашымі заездамі звычайна стартуюць матацыклісты або гоншчыкі на квадрацыклах, таму часта мы назіраем карціну, як на абочыне трасы стаіць прыпаркаваны матацыкл, гэта значыць, што чалавека проста пакінулі сілы і ён выклікаў ратавальнікаў.

Памерці на «Дакары» не дадуць. На трасе дзяжурыць каля 6 верталётаў, ёсць прыборы, якія фіксуюць аварыі і могуць распазнаць, ці на колах аўтамабіль. Калі экіпаж не выходзіць на сувязь, верталёт з медыкамі адпраўляецца на дапамогу. Аднак трагічныя гісторыі абыходзяць «Дакар» бокам вельмі рэдка, аж да гэтага года гонкі суправаджаліся няшчаснымі выпадкамі.

— На жаль, даволі часта на дыстанцыі гінуць людзі, бывалі розныя выпадкі, у бяду трапляе то хтосьці са спартыўнага пелетона, то журналісты, то гледачы.

«Гонка — вынік работы, якую мы правялі за год»

Часта ўзнікае пытанне, што ж важнейшае ў грузавых аўтагонках: чалавек ці тэхніка?

— Падзяліць гэтыя рэчы складана. Каманда пабудавана такім чынам, што, пачынаючы ад канструктарскага аддзела на заводзе, гэтую машыну малюем самі, потым сваімі рукамі яе збіраем, а потым выступаем на ёй. Таму, калі няправільна сканструявалі аўтамабіль, няякасна сабралі, дапусцілі памылку падчас гонкі — гэта ўсё наша агульная памылка. Гонка — вынік той работы, якую мы правялі за год. Экіпаж рэалізуе тое, што напрацавала ўся каманда.

Сёння МАЗ праслаўляе краіну там, дзе пра Беларусь ведаюць вельмі мала, — у Лацінскай Амерыцы.

— Удзельнікі «Дакара» ведаюць, што ёсць такі МАЗ і з ім трэба лічыцца. Мы стараемся рабіць так, каб і на тым кантыненце ведалі, што Беларусь можа вырабляць найлепшую ў свеце тэхніку. Таму, мне здаецца, у нашага віду спорту ёсць значная перавага — мы выступаем на аўтамабілях беларускай вытворчасці, рэкламуем пры гэтым сам завод, за рулём гэтых машын, ды і наогул у камандзе, усе беларусы і работнікі МАЗа. Атрымліваецца, што адной справай мы паказваем і беларускі народ, і машынабудаўнічы комплекс, і сваю краіну.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сіндром «Дакара»

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.