Вы тут

Радзівон Міскевіч: Амбіцый шмат, мне хочацца перамагаць


У сёлетнім валейбольным сезоне ў адной з наймацнейшых ліг свету з'явіўся малады беларус.

Радзівон Міскевіч, выхаванец гродзенскага валейбола, нападнік зборнай Беларусі, з мінскага «Будаўніка» перабраўся ў італьянскую «Сору», каманду, якая выступае ў серыі А (вышэйшая ліга Італіі). Літаральна праз некалькі тураў у новым клубе Радзівон быў прызнаны самым карысным гульцом месяца, а сёння ён ужо паціху ўліваецца і ў паўсядзённае італьянскае жыццё. Як прыняла спартсмена новая краіна, чым жыве валейбол у Італіі і ці ёсць шанцы ў зборнай Беларусі ў маі адабрацца на чэмпіянат свету, гулец расказаў у сваім інтэрв'ю «Звяздзе».


— Радзівон, у Італіі ты ўжо практычна паўгода, можна падвесці маленькія вынікі?

— Яшчэ год таму трапіць у гэтую лігу здавалася наогул немагчымым, але я марыў гуляць у Італіі. Прапанова ўзнікла даволі позна: канец ліпеня — пачатак жніўня. Былі варыянты з'ехаць у Румынію, Польшчу, але я абраў «Сору». Канкурэнцыя ў італьянскім чэмпіянаце вялікая і патрабаванні да гульцоў сур'ёзныя. Першапачаткова разумеў, што трэба паказваць добры валейбол, каб не быць «хлопчыкам для біцця». Але заўсёды, калі атрымліваеш выклік, прымаеш яго, а потым хочацца яшчэ большага, таму сёння, падводзячы прамежкавыя вынікі, сказаць, што я задаволены сабой на 100%, — не магу. Вядома, нейкія мэты ўжо дасягнуты, і гэта мяне радуе, але ні ў якім разе не хачу спыняцца. У кожным матчы стараюся паказваць якасную гульню і біцца за перамогу, а паляпшаць сябе — гэта вечны працэс, удасканальвацца трэба заўсёды.

— На якіх пазіцыях «Сора» ў чэмпіянаце Італіі?

— 13-е месца. Мы выйшлі ў плэй-оф Кубка выкліку, трапілі на каманду, з якой цалкам можам змагацца. Першапачаткова перад намі не ставілі ніякіх задач, таму што па фінансах клуб знаходзіцца далёка не ў лідарах.

— Наколькі моцны чэмпіянат у Італіі?

— Вельмі моцны, усе гульні праходзяць на максімуме, на кожны матч настройваешся, мабілізуеш усе сілы. Гэта адна з наймацнейшых ліг у свеце, вельмі шмат рэкламы, на кожным матчы прысутнічае тэлебачанне, вядуцца трансляцыі, працуюць каментатары. Наогул у Італіі любяць валейбол, ходзіць шмат балельшчыкаў, ні разу не бачыў, каб зала была пустой. У нас у Соры арэна самая маленькая — месціць каля 3 тысяч гледачоў, а ў астатніх — па 5—6 тысяч, трэба сказаць, што і білеты на гульні не танныя, але людзі ходзяць рэгулярна.

— У клубе шмат легіянераў?

— Чатыры — я, гулец з Расіі і два з Балгарыі. У многіх камандах ёсць і больш замежнікаў, але правілы такія, што на пляцоўцы могуць знаходзіцца максімум 4 легіянеры.

— Камунікацыя ў італьянскім клубе адрозніваецца ад беларускіх камандаў?

— Так, напэўна. Цяпер менш, а вось раней, напрыклад, у нас было вельмі шмат камандных вячэр.

У пачатку тыдня на пошту гульцам скідваюць план, там напісана, хто пойдзе ў школу, хто на тэлебачанне, хто на фабрыку. Я быў ужо ўсюды з гэтых месцаў. У школе расказваеш дзецям штосьці пра сябе, гуляеш з імі. Спонсар нашага клуба — фабрыка, якая спецыялізуецца на біяхарчаванні (садавіна, агародніна), таму часта бываем і там. Удзельнічаем у розных шоу на італьянскім тэлебачанні. Наогул з грамадскасцю гульцы ўзаемадзейнічаюць вельмі цесна. Хоць і стамляешся ад такога, але выдатна разумееш, што гэта частка працы.

— Даволі хутка пасля прыезду ты атрымаў званне самага карыснага гульца месяца ва ўсёй лізе...

— Гэта стала бонусам для мяне. Не магу сказаць, што моцна радаваўся, вядома, было прыемна, але ніякіх ілюзій, такія ўзнагароды прыходзяць і адыходзяць, галоўнае для мяне — паказваць вынік.

— Што стала самым складаным па прыездзе ў Італію?

— Калі ўжо вырашылася, што буду гуляць у «Соры», хутчэй хацелася з'ехаць і пачаць гэты новы этап. Я быў настолькі зараджаны, гатовы сутыкнуцца са складанымі трэніроўкамі, іншым напружаннем матчаў, а вось у бытавым плане думаў, што ўсё атрымаецца лёгка. На справе аказалася па-іншаму, першы час наведвалі думкі: «Што я тут раблю?», «Што яны ўсе ад мяне хочуць?», «Куды мне трэба ісці?». Першы месяц, шчыра, было вельмі цяжка. Іншая каманда, іншыя людзі, іншая мова, ты тут адзін і нікому не патрэбны. Але потым неяк задаў сабе пытанне: я прыехаў у Італію ныць або гуляць у валейбол? І ўсё змянілася, стала на свае месцы. Вядома, у адзіноце ўсё па-іншаму, хоць ужо і пазнаёміўся з хлопцамі-гульцамі, размовы з імі ў асноўным пра валейбол, каб развеяцца, тэлефаную дадому родным і сябрам.

— Моўны бар'ер пераадолеў хутка?

— Не ўсе італьянцы могуць размаўляць на англійскай, таму яшчэ да свайго ад'езду пачаў паволі вучыць італьянскую. Валейбольныя размовы мог разумець ужо прыкладна праз месяц, ведаў, што ад мяне хочуць, што трэба рабіць, а цяпер ужо спакойна размаўляю, і ў побыце, не ідэальна, але паразумецца магу. Праўда, калі італьянцы пачынаюць гаварыць вельмі хутка, а яны гэта любяць, даводзіцца спыняць.

— На вуліцах Італіі цябе ўжо пазнаюць?

— Так, на вуліцах, у крамах. Просяць аўтографы, фатаграфуюцца. Спачатку гэта было вельмі нязвыкла, таму што ў Мінску такога не было, ну, можа, пару разоў. Неяк прыехаў у рэстаран, гаспадар папрасіў сфатаграфавацца і выклаў здымак у Фэйсбук, хтосьці з фанатаў убачыў і таксама прыехаў у гэты рэстаран, проста каб зрабіць фота. Вось такія яны цікавыя. Цяпер ужо ўспрымаю такую ўвагу як належнае. Тут з боку заўзятараў вялікі паток энергіі, за цябе хварэюць ці супраць — гэта дадае гульцам адрэналіну, мне здаецца, такая атмасфера спадабалася б любому спартсмену.

— Раскажы пра горад, у якім зараз жывеш.

— Сора знаходзіцца недалёка ад Рыма, ён невялікі, тысяч 20 жыхароў, у прынцыпе, для жыцця, я лічу, нармальна — ніякіх затораў, спакойна можна дабрацца на трэніроўку. Нічога не адрывае, няма дыскатэк і іншых шумных месцаў, хоць наўрад ці я б на іх неяк рэагаваў. Пару разоў ездзілі ў Рым — гэта, вядома, ужо зусім іншы горад.

У Італіі вельмі смачная паста, часам хаджу ў рэстаран менавіта дзеля яе. Ежа наогул значна адрозніваецца ад беларускай. Іншых цікавых месцаў пакуль не знайшоў.

— На тваіх старонках у сацыяльных сетках можна бачыць фота з дарагіх вядомых крам. Італьянская мода захапіла?

(Смяецца.) Не, не сказаў бы, магу зладзіць шопінг, каб хоць трохі забыць пра валейбол, але гэта здараецца не так часта. Нядаўна, дарэчы, разам з камандай ездзілі ў Ватыкан на сустрэчу з Папам Рымскім. Цікава, але не больш за тое, мяне гэта не моцна ўразіла.

— Ужо паспеў вывучыць італьянскі народ?

— Не магу сказаць, што я ведаю яго добра, але нешта ўжо разумею пра італьянцаў. У іх вельмі шмат размоў, людзі тут любяць пабалбатаць паміж сабой. Вячэра, напрыклад, можа доўжыцца паўтары гадзіны, я быў у шоку. Вельмі шмат жэстыкуляцыі, кожнае дзеянне яны апісваюць жэстамі. Калі прыехаў, не асабліва ведаў мову, але па жэстах практычна ўсё можна было зразумець: дзе абурэнне, дзе радасць, а калі яны спрачаюцца — гэта наогул выглядае вельмі смешна.

— Што італьянцы ведаюць пра Беларусь?

— Мне нічога не расказвалі, можа, нічога і не ведаюць. Хоць, калі я прыехаў, не было пытанняў тыпу «А што гэта за краіна?», «Дзе знаходзіцца?» Значыць, усё ж такі нешта ведаюць.

— Мэты трапіць у моцны чэмпіянат ты ўжо дасягнуў, якія задачы ставіш перад сабой у далейшым?

— Першапачаткова казаў, што еду ў Італію вучыцца гуляць у валейбол на высокім узроўні. Вучыцца не на трэніроўках, а ў гульнях з моцнымі сапернікамі. Пакуль праходжу гэтую фазу, але амбіцый шмат, мне хочацца перамагаць!

— У маі наша зборная будзе змагацца за выхад на чэмпіянат свету, як ацэньваеш шанцы беларусаў?

— Мы ў групе з харватамі, сербамі, датчанамі, нарвежцамі і швейцарцамі. Безумоўна, лідарамі будуць сербы, але з імі, як і з усімі астатнімі, можна змагацца. Пытанне, як мы згуляем, а не як гэта зробяць яны. Шанцы ёсць заўсёды, важна імі скарыстацца. Думаю, у нас атрымаецца. Надакучыла ўжо проста ўдзельнічаць, хочацца выйграваць. Многае, вядома, будзе залежаць і ад таго, хто прыедзе гуляць за нашу зборную.

— Дарэчы, як ставішся да таго, што гульцы адмаўляюцца выступаць за нацкаманду?

— Не хачу нікога асуджаць і ацэньваць. Я хачу прыязджаць у зборную, пакуль патрэбен ёй, і дапамагаць, чым магу.

— Што думаеш пра ўзровень беларускага валейбола ў цэлым?

— На жаль, чэмпіянат краіны становіцца слабым, усе хочуць з'ехаць, каманды губляюць моц, фінансаванне становіцца ўсё горшым, цікавасць гледачоў падае. Мне здаецца, не хапае папулярызацыі. У гэтым сэнсе можна прывесці ў прыклад толькі «Шахцёр», які імкнецца прасоўваць свой клуб у інтэрнэце, робіць трансляцыі, займаецца сайтам. Важна, каб людзі ведалі, хто і ўва што наогул гуляе. У Італіі каманды выходзяць на вуліцы з мячамі, гуляюць каля кафэ, таму потым аматары спорту ведаюць, да каго яны ходзяць на матчы і за каго хварэюць. У нас пакуль гэта не разумеюць ці разумеюць, але не хочуць нічога рабіць. Калі быў у Беларусі, вельмі часта чуў: «Што зробіш, валейбол у нас непапулярны від спорту». А чаму? У яго ж гулялі, напэўна, усе — хто ў школе, хто на пляжы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Каля 30% грыбоў з леташніх рынкаў ужываць у ежу было нельга

Будзьце пільныя ў дачыненні да таго, што і як ясце, іначай проста не пазбегнуць непрыемнасцяў. 

Эканоміка

Наколькі лёгка знайсці кватэру ў сталіцы за дзень?

Наколькі лёгка знайсці кватэру ў сталіцы за дзень?

Не за гарамі верасень з традыцыйным «студэнцкім бумам», а гэта азначае, што рынак арэнднага жылля чакае рух.

Грамадства

У Бешанковічах адкрылі навукова-вытворчы комплекс «Націвіта»

У Бешанковічах адкрылі навукова-вытворчы комплекс «Націвіта»

Такой вытворчасці няма больш нідзе ў нашай краіне. 

Калейдаскоп

Парады для беларускіх аматараў жанру Stand-up

Парады для беларускіх аматараў жанру Stand-up

Гумарыстычнымі праграмамі ў жанры stand-up сёння не здзівіш еўрапейскага, расійскага і ўкраінскага тэлегледача.