Вы тут

На Брэстчыне стартаваў праект «Правільная пастава — залог здароўя»


Толькі па афіцыйных звестках на Брэстчыне 32 тысячы школьнікаў са 160 тысяч маюць тыя ці іншыя праблемы са здароўем. Для атрымання сапраўднай карціны патрабуецца скрынінг, а для выпраўлення сітуацыі — шэраг прафілактычных мер, у тым ліку тых, што дапамогуць дзецям захаваць правільную паставу, мяркуе намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег ВЯЛІЧКА.


Працяглае сядзенне ў няправільнай позе вядзе да скаліёзу, а на апошніх стадыях гэта ўжо інваліднасць, абмежаванне руху. А пачынаецца ўсё з банальнай гіпадынаміі. Дзеці сядзяць у школе на ўроках, потым дома за камп'ютарам, і пазваночнік дэфармуецца. 5 працэнтаў школьнікаў у рэгіёне маюць дыягнаставаны скаліёз, яшчэ 6,5 працэнта — парушэнне паставы, усяго — 11 працэнтаў. У Брэсце размова наогул ідзе пра 19! Аднак мяркуецца, што пры дасканалейшым абследаванні гэта лічба акажацца яшчэ большай.

У вобласці ёсць пакуль толькі два камп'ютарныя тамографы, якія дазваляюць прасвяціць пазваночнік. Апараты бясшкодныя, пацыент не атрымлівае апраменьвання. Адзін з тамографаў знаходзіцца ў абласной дзіцячай бальніцы, другі — у Пінскім дыспансеры спартыўнай медыцыны. Каб ахапіць усе раёны, патрабуецца яшчэ тры апараты, якія неабходна набыць у межах прафілактычнага праекта «Правільная пастава — залог здароўя».

Сумесная ініцыятыва ўпраўленняў адукацыі і аховы здароўя нарадзілася пасля звароту брастаўчаніна Аркадзя Разбаша да намесніка старшыні аблвыканкама. Бацька школьнікаў прыйшоў з падборкай літаратуры па працах і методыцы акадэміка Уладзіміра Базарнага ды ўласнымі прапановамі ўкаранення ў навучальны працэс методыкі аздараўлення. Алег Іванавіч, урач па прафесіі, і раней чуў пра работу расійскага вучонага, доктара медыцынскіх навук Уладзіміра Базарнага. Яшчэ раз пагартаў артыкулы навукоўца з вынікамі яго 30-гадовых даследаванняў у школах, дзе вучні сядзяць не за партамі, а навучаюцца за канторкамі стоячы і ў ходзе ўрока маюць магчымасць рухацца. Апісанне вынікаў, вядома, не пакідае абыякавым таго, хто ўважліва пачытае работы Базарнага. У эксперыментальных школах каля 100 працэнтаў дзяцей атрымліваюць атэстаты здаровымі. У звычайных школах, як вядома, карціна не такая ідэальная.

Канторкі — мэбля, якую апошнім часам, хоць не вельмі актыўна, але выкарыстоўваюць школы. Тая ж парта, толькі за ёй можна пісаць і чытаць не седзячы, а стоячы. Чвэрць школ наогул не маюць такой мэблі. Больш таго, як заўважыў начальнік абласнога ўпраўлення адукацыі Юрый ПРАСМЫЦКІ, далёка не ўсе педагогі валодаюць методыкай выкладання прадметаў з выкарыстаннем канторкі для вучняў. Але на гэты аспект цяпер будзе звяртацца асаблівая ўвага падчас правядзення курсаў павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

уасkеvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Каб у школе — без канторкі?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.