Вы тут

Як зрабіць бацькоў саюзнікамі?


Ёсць толькі адна прафесія, прадстаўнікі якой кажуць — «мае дзеці»

«Маё педагагічнае крэда: «Калі мы будзем вучыць сёння так, як вучылі ўчора, мы ўкрадзём у дзяцей заўтра» (Джон Дзьюі). Мае захапленні: вельмі люблю сваю сям'ю (дачку Вікторыю, мужа Івана, ката Баксіка), люблю вандраваць, вязаць, смачна гатаваць. Люблю вучыцца: сертыфікаты, даведкі аб навучанні, пасведчанні, падзякі... Каб паглядзець, цісніце сюды... Развіваюся і ўдзельнічаю... Адукацыя — вышэйшая... Кваліфікацыйная катэгорыя — першая. Стаж працы — 16 гадоў». Ці можа настаўнік больш удала «прэзентаваць» сябе сваім будучым вучням і іх бацькам?


У гім­на­зіі №1 Стоўб­цаў псі­ха­ла­гіч­най служ­бай рас­пра­цоў­ва­юц­ца спе­цы­яль­ныя да­па­мож­ні­кі для доб­рых баць­коў і доб­рых на­стаў­ні­каў.

На сувязі... у блогу

Настаўніца пачатковай школы гімназіі №1 горада Смаргоні, ведаючы, што ў верасні да яе прыйдуць першакласнікі, яшчэ летам стварыла блог Якубоўскай Таццяны Аляксандраўны і першакласных рабят. Зразумела, што блог для педагога — не проста візітная картка...

— Гэта эфектыўны спосаб быць з бацькамі сваіх вучняў пастаянна на прамой сувязі, — тлумачыць Таццяна Аляксандраўна. — Па-першае, я за лічаныя секунды атрымліваю ад іх усю патрэбную мне інфармацыю і эканомлю свой час. Дзякуючы блогу я магу пастаянна трымаць бацькоў у курсе падзей, і тыя нічога важнага з жыцця сваіх дзяцей не ўпускаюць. Для гэтага ёсць старонкі «Весткі з урокаў», «Класныя гадзіны», «Інфармацыйныя гадзіны», «Фотарэпартажы», «Кніжны клуб». Праблем і пытанняў у бацькоў малодшых школьнікаў, як правіла, шмат. Каб ім дапамагчы, я стварыла старонку «Бацькі — мае аднадумцы», дзе размяшчаю шмат розных парад: як спрасціць адаптацыю дзіцяці да школы, як навучыць дзяцей атрымліваць ад чытання задавальненне, як навучыць карыстацца гаджэтамі без шкоды для сябе, як дапамагчы дзіцяці вучыцца ў школе, і шмат іншай карыснай інфармацыі. Раней муж і дачка абураліся, што мой тэлефон не змаўкае нават увечары, а сёння ні я нікому не тэлефаную, ні мяне ніхто па тэлефоне не турбуе... Бацькі маіх вучняў з блога могуць даведацца пра тое, што я з'яўляюся прыхільнікам перакуленага навучання, у чым заключаецца яго сутнасць. Такім чынам я магу іх падрыхтаваць да пераходу на новую тэхналогію.

Маё правіла: пачынаеш весці ўрок па-новаму — дай бацькам шпаргалку, каб яны ведалі, як праверыць зробленыя дзіцём па гэтай тэхналогіі заданні.

Канструктыўны дыялог

Смаргонская гімназія і яшчэ 10 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з'яўляюцца ўдзельнікамі інавацыйнага праекта па ўкараненні мадэлі развіцця псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў.

— Вельмі доўга многія не разумелі, у чым сутнасць праекта і які вынік мы чакаем. Што яшчэ можна прыдумаць ва ўзаемадзеянні з бацькамі? — канстатуе навуковы кансультант праекта, метадыст Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь Ганна ДАБРЫНЕЎСКАЯ. — Але, як правіла, досвед школ абмяжоўваецца ўзаемадзеяннем з паспяховымі сем'ямі і бацькамі, якія з інтарэсам прыходзяць у школу, разумеючы, што гэта карысна ў першую чаргу для іх дзяцей. Наша задача — прыцягнуць у школу ўсіх бацькоў, у тым ліку неактыўных і абыякавых. Вядучая ідэя інавацыйнага праекта — перайсці ад інфармавання і асветніцтва да навучання бацькоў. Раней ні ў нас, ні ў суседніх краінах пытанне навучання бацькоў так востра не ставілася. Па-першае, гэта незразумела (чаму вучыць, навошта і як гэта рабіць). Па-другое, цяжка. Па-трэцяе, паўстае пытанне: а дзе знайсці сілы, рэзервы і час? Але калі ёсць высакародная мэта, то можна знайсці і рэзервы, і час. Першы досвед рэалізацыі праекта гэта даказаў. Ужо зроблены паспяховыя крокі, ёсць першыя здабыткі, а галоўнае — з'явілася бачанне таго, у якім напрамку далей рухацца. Мы вельмі хваляваліся, а ці адгукнуцца бацькі? Як яны адрэагуюць? На шчасце, усе паставіліся да нашай ідэі правільна. Большасць бацькоў лічаць, што яны ўмеюць выхоўваць сваіх дзяцей, а калі і ёсць памылкі і няўдачы, то вінаваты не яны.

Мы хочам змяніць гэту сітуацыю і шукаць не вінаватых, а новыя шляхі ўзаемадзеяння школы і сям'і, каб бацькі сталі больш кампетэнтнымі, а дзеці — больш выхаванымі. Але ці гатовы да гэтага педагогі?

Бацькі — каля школьнай дошкі

Папярэдняя дыягностыка, праведзеная ў гімназіі №1 горада Баранавічы, паказала, што 80 працэнтаў педагогаў гатовыя свядома ўступіць у інавацыйны праект.

— Прызнаюся, што асабіста мяне такія вынікі парадавалі, паколькі для поспеху патрэбныя людзі, якія будуць жыць гэтай ідэяй, — кажа намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля ГРЭЧЫНА. — Мы сабралі настаўнікаў-інаватараў і стварылі дзесяць творчых груп: «Дзеці і бацькі», «Дзеці і школа», «Дзеці і прырода», «Дзеці і здароўе», «Дзеці і прафесія», арт-майстэрню «Плячом да пляча» для дзяцей і іх татаў, групу па рабоце з адоранымі дзецьмі «Імпульс», майстэрню «Дзеці і бацькі ў люстэрку адносін». Спачатку да нас прыйшло не так шмат бацькоў, як мы спадзяваліся. Аднак затым пайшла пагалоска не толькі па школе, але і па мікрараёне. І на другі занятак прыйшлі ўжо і тыя бацькі, якія на першай сустрэчы былі быццам бы чымсьці незадаволеныя. Да таго ж мы правялі дэкаду адкрытых дзвярэй для бацькоў. У іх была магчымасць не проста завітаць на ўрок, але і паўдзельнічаць у пазаўрочных мерапрыемствах. А калі мы правялі з імі рэфлексію, бацькі прызналіся, што былі ашаломленыя тым, як ідзе ўрок, як настаўнікі задаюць пытанні, якія патрабаванні прад'яўляюць да вучняў. Прычым тое, што яны ўбачылі на свае вочы, нярэдка адрознівалася ад таго, што чулі дома ад дзяцей. Наступную дэкаду адкрытых дзвярэй для бацькоў плануем правесці ў красавіку...

А ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 традыцыяй стаў Дзень самакіравання бацькоў, калі тыя займаюць усе пасады ў школе — ад тэхнічных работнікаў да класных кіраўнікоў і дырэктара гімназіі. На папярэднім сходзе ўсе зацікаўленыя прапануюць свае кандыдатуры і агучваюць свае магчымасці, бо не кожны зможа правесці, напрыклад, урок хіміі...

— Калі па першым часе бацькі асцярожнічалі, то ў гэтым годзе вельмі актыўна адгукнуліся на нашу ідэю, —
адзначае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Святлана АЛЯКСАНДРАВА. — А калі б гэта быў не будны дзень, то ахвотных было б яшчэ больш. Мамы і таты імкнуцца прыўнесці штосьці сваё, але асноўная ідэя такога пераўвасаблення — збліжэнне са школай, каб бацькі і педагогі па-іншаму паглядзелі адно на аднаго...

Сямейныя саветы і клубы крэатыўных мам

Увогуле кожная школа, уцягнутая ў праект, шукае сёння свае спосабы дастукацца да бацькоў.

Так, у сярэдняй школе №2 Новалукомля правялі бацькоўскую канферэнцыю па абмене вопытам у сямейным выхаванні «Нашы сямейныя традыцыі». Вельмі карысным для ўсіх стаў досвед шматдзетнай маці, якая расказала іншым бацькам, як праз рэгулярныя вячэрнія пасядзелкі чытанне стала іх сямейнай традыцыяй. У гэтай сям'і чацвёра дзяцей, і ўсе яны разам чытаюць вечарамі перад сном — услых па чарзе...

У сярэдняй школе №1 г. Салігорска вельмі распаўсюджана клубная дзейнасць: тут функцыянуюць клуб крэатыўных мам, клуб татаў, клуб прыёмных бацькоў. Гэта школа, якая рухаецца ў бок інклюзіўнай адукацыі, таму асобны напрамак работы — падрыхтоўка да інклюзіі не толькі педагогаў, але і бацькоў звычайных, а не асаблівых вучняў.

У гімназіі №1 Стоўбцаў дзейнічае клуб «Сямейны савет», на адкрытых пасяджэннях якога абмяркоўваюцца актуальныя для мам і татаў тэмы. Прычым самі бацькі могуць падзяліцца ўласным досведам пераадолення праблем падлеткавага ўзросту, пагаршэння адносін з дзецьмі і іншых цяжкавырашальных пытанняў. Многія сутыкаюцца з аналагічнымі праблемамі, але выйсця не бачаць.

Маралізатарства пакіньце сабе

Ганна Дабрынеўская ўпэўнена, што ў інавацыйнага праекта не можа быць колькасных крытэрыяў, хіба толькі пад увагу браць колькасць бацькоў, уцягнутых у праект, якія агучылі праблемы і гатовы вучыцца іх пераадольваць.

— Нас не будуць ацэньваць па колькасці і яркасці праведзеных мерапрыемстваў, наш праект можна ацаніць толькі па паспяховасці бацькоў і па ўзроўні выхаванасці дзяцей, — падкрэслівае яна. — Мэта ў нас грандыёзная — праз дзя-
цей, праз павышэнне псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці бацькоў, зрабіць нашы сем'і мацнейшымі, палепшыць атмасферу ў кожным доме.

На думку прарэктара Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, доктара педагагічных навук Галіны НІКАЛАЕНКІ, ключавая ідэя — гэта давер паміж бацькамі і педагогамі: «Маралізатарства бацькі ніколі не прымуць. А вось калі яны зразумеюць, што на свеце ёсць толькі адна прафесія, прадстаўнікі якой кажуць — «мае дзеці», яны прыйдуць да нас. Тую цікавасць да школы, якая ўласціва бацькам вучняў малодшых класаў, вельмі важна захаваць і надалей. Школа — тое месца, дзе дзіця праводзіць значную частку свайго часу. Нам трэба працаваць на індывідуальныя патрэбы бацькоў. І мы павінны зрабіць іх нашымі саюзнікамі...»

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».