Вы тут

Пабачыў свет зборнік «Перавыбранае» з серыі «Паэты планеты»


Вершы народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна (1935—2014) — той мастацкі грунт, які і ў іншыя дзесяцігоддзі будзе ўплываць на развіццё беларускай паэзіі.


Рыгор Барадулін — з тых паэтаў, чые творы і надалей будуць гучаць як сучасныя новым падзеям і з'явам радкі. Веру ў гэта сцвярджае і новая кніга, якая прадстаўляе спадчыну народнага паэта Беларусі: размова пра зборнік «Перавыбранае» з серыі «Паэты планеты». Выдавец — Зміцер Колас.  У серыі ёсць рэдкалегія (што таксама трэба падкрэсліць): Л. Баршчэўскі, Зм. Колас, В. Сёмуха, А. Хадановіч, Г. Янкута. Дасведчаныя перакладчыкі, вядомыя перастваральнікі паэтычных тэкстаў з розных стагоддзяў. А ўкладальнік барадулінскай кнігі — Андрэй Хадановіч.

Парадаваў густ укладальніка: у кнізе — і верш «Бацьку» (памятаеце: «Не выйшаў ты і ў гэты раз...»), «Трэба дома бываць часцей», «Матылёк», эпіграфам да якога — радкі Максіма Багдановіча, «Матыў Гарсія Лоркі»... Магчыма, я асабіста ўключыў бы ў зборнік болей вершаў ваенных — з першых кніг Рыгора Іванавіча. Але гэта быў бы мой асабісты, суб'ектыўны выбар. З «Палатай мінёраў» (праўда, Хадановіч не забыўся пра «Трубу»), вершамі «Роднаму слову», «Яна адна»... І ўсё ж свае вартасці, свае адметнасці ёсць і ў збіранні, укладанні Андрэя Хадановіча. Ён шмат заканамернай увагі ўдзяліў падарожным вершам Барадуліна («Выражу на Вялікай Кітайскай сцяне», «Парыжскае пахмелле»), творам, якія народны паэт Беларусі напісаў у апошнія гады жыцця.

А завяршаюць кнігу «Перавыбранае» вось гэтыя радкі: «Агонь тушыць / Я па наіву / Браўся. / Збіраўся жыць, / Ды так / І не сабраўся...» Кароткая і бязмежная па сваёй прасторы перапляцення сэнсаў філасофія! Праўдзівая філасофія жыцця і смерці.

У серыі «Паэты планеты» яшчэ да з'яўлення кнігі Рыгора Барадуліна Зміцер Колас выдаў 15 зборнікаў перакладаў на беларускую (Сапфо, Петрарка, Шэкспір, Гётэ, Габрыэла Містраль, Хаям, Бадлер, Райнер Марыя Рыльке, Гёльдэрлін, Генрых Гейнэ, Гіём Апалінэр, Эдгар По, Федэрыка Гарсія Лорка, Джон Кітс). Будзем спадзявацца, што ў шэрагі «Паэтаў планеты» выдавец і аўтарытэтная рэдкалегія запішуць народных па званні — Аркадзя Куляшова, Пімена Панчанку, Ніла Гілевіча, Максіма Танка, а яшчэ і народных па сутнасці, асабліва любімых чытачом — Міхася Стральцова, Яўгенію Янішчыц, Уладзіміра Караткевіча. А рэй у тым парадзе «Паэтаў планеты», вядома ж, павінен весці Максім Багдановіч.

Мікола Раўнапольскі

Загаловак у газеце: Верш крочыць па планеце

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?