Вы тут

Ці маюць права на жыццё альтэрнатыўныя лекі?


Гамеапатыі сёння не трэба ні перад кім апраўдвацца, асабліва перад тымі, хто баіцца за свае прыбыткі. У расійскіх аптэках вырасла доля гамеапатычных лекаў, павялічыўся іх продаж, і вось вынік — цэлы маніфест супраць! За дзвесце гадоў гамеапатыя перажыла нямала такіх маніфестацый і штораз перамагала. Процістаянне традыцыйнай і альтэрнатыўнай медыцыны — справа звычайная. Некалькі беларускіх урачоў і, вядома ж, гамеапатаў, якіх я абзваніла з просьбай даць каментарый з нагоды, прасілі... наогул не пісаць пра гэта. Маўляў, чарговы напад нічым не скончыцца. Так паўтараецца амаль кожнае дзесяцігоддзе, «а мы на практыцы бачым, што людзям дапамагае».


СМІ Расіі паведамілі на пачатку лютага, што Камісія па барацьбе з ілжэнавукай пры прэзідыуме Расійскай акадэміі навук падрыхтавала мемарандум, у якім прапанавала выдаліць гамеапатычныя сродкі з дзяржаўных лячэбных устаноў і спыніць рэкламу аб наяўнасці ў іх лячэбных вартасцяў. У Міністэрстве аховы здароўя краіны-суседкі абяцалі пытанне разгледзець. Паводле некаторых даных, у Расіі зарэгістравана 1,8 тысячы гамеапатычных прэпаратаў і 28 кампаній-вытворцаў, а летась у аптэках краіны было рэалізавана амаль 22 млн упаковак такіх прэпаратаў.

Каля дзвярэй кабінета да ўрача-неўролага Рэспубліканскага цэнтра медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння размаўляю з мамай хлопчыка, які, па ўсім відаць, абсалютна не баіцца таго ўрача, да якога яны разам прыйшлі.

— Гэта ўжо не першы наш візіт, — расказвае 29-гадовая Ала. — Мой сын, яму зараз 6 гадоў, з тых, што часта хварэюць. Вынік адназначна станоўчы, хоць ён не з'яўляецца адразу, патрэбны нейкі час. Мне не важна, якім чынам гэта працуе, — я ведаю, што было са здароўем Вадзіка, і бачу, што ёсць зараз. Сказаць, што гамеапатыя заснавана нібыта на адным самаўнушэнні, не магу... Ну, якім чынам можна прымусіць гэтага гарэзу штосьці сабе ўнушыць?

У гамеапатыі выкарыстоўваюцца розныя сродкі з раслінных, жывёльных і мінеральных рэчываў. Прызначаюцца такія прэпараты строга індывідуальна, у тым ліку дзецям, якія выдатна іх пераносяць. Могуць прымяняцца пры лячэнні хранічных захворванняў разам з іншымі лекамі. Вядома, што гамеапатыя прымяняецца для лячэння самых розных захворванняў — ад алергіі, бранхіяльнай астмы да паталагічных праяў клімаксу і артэрыяльнай гіпертэнзіі. Распрацоўка належыць нямецкаму ўрачу Ганеману. Гамеапатыя заснавана на двух законах — «законе падабенства» і «законе найменшага». У першым варыянце гэта азначае, што любое рэчыва — расліна, жывёла, мінерал, якое выклікае пэўныя змяненні ў здаровага чалавека, у мікраскапічных дозах можа лячыць хворага. Паняцце «найменшы» мае на ўвазе надта малы для вымярэння. Значная колькасць урачоў «класічнай медыцыны» адмаўляе гамеапатыі ў эфектыўнасці і ў пэўнай ступені лічыць яе лжэнавуковай.

Тым не менш гамеапатыя падмацавана сотняй навуковых даследаванняў з кантрольнымі групамі. У большасці з іх была зроблена спроба разабрацца з эфектам плацэба — самаўнушэння. Ідэя аб тым, што клінічны эфект гамеапатыі цесна звязаны з эфектам плацэба, не пацвердзілася. Механізмы ўздзеяння на арганізм — у межах той навуковай карціны, якая ёсць на сёння, — да канца не зразумелыя. Як атрымліваецца, што адна малекула аказвае такое ўздзеянне? Але ж да канца не вывучана ўздзеянне біялагічна актыўных дабавак, вітамінаў, траў...

Пазіцыя ўрачоў-праціўнікаў гамеапатыі такая — шарлатанства, трэба забараніць. Айчынныя прыхільнікі хоць і не пажадалі агучыць свае імёны, але ў цэлым былі блізкія да таго, што сказаў урач-гамеапат на адным з расійскіх парталаў: «Да мяне не ідзе чалавек, якому проста стукнула ў галаву паспрабаваць штосьці іншае, новае, прыходзяць тыя, хто спачатку пралячыўся ў звычайных урачоў, не змог вырашыць свае праблемы са здароўем і спазнаў адчай... У гамеапатыі менавіта такія ж урачы, з медыцынскай адукацыяй. Яны ўсе пачыналі працаваць у галіне традыцыйнай медыцыны, у кожнага ёсць свая гісторыя прыходу ў галіну. Ніхто не ідзе на гэта дзеля грошай... У традыцыйнай медыцыне прынцып лячэння — падобнае лечыцца супрацьлеглым. Калі ў чалавека падымаецца тэмпература, ён атрымлівае лекі, якія зніжаюць яе, але штучна, хімічным шляхам. Гамеапатычныя ж прэпараты стымулююць імунітэт так, каб арганізм сам вытрэсваў з сябе інфекцыю, натуральным шляхам... Да мяне часта прыходзяць дзеці, у якіх звычайная вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя ўскладняецца бранхітам — сёння насмарк, заўтра кашаль, паслязаўтра запаленне лёгкіх. Пралячыўшы іх без усякіх антыбіётыкаў, пасля на працягу трох-чатырох гадоў я назіраю, што дзіця больш не хварэе на ВРВІ з ускладненнямі. Бываюць прастуды, але ў лёгкай форме. Я проста аднавіў іх здароўе так, каб інфекцыя не магла разгуляцца... Лячэнне хранічных захворванняў адбываецца не так хутка, як хацелася б пацыенту і ўрачу. Але з кожнай кансультацыяй мы ўсё больш набліжаемся да вылечвання, бо з кожнай сустрэчай я глыбей разумею сутнасць праблемы і выходжу на максімальна адпаведныя для гэтага чалавека лекі... Гамеапатыя не зробіць чалавека лепшым, але яна можа зрабіць яго такім, якім ён павінен быць ад пачатку».

Ад сябе дадам, што, выбіраючы нетрадыцыйны від лячэння, важна захоўваць скепсіс. Трымайцеся сярэдзіны. Пашукайце больш інфармацыі не толькі аб метадзе лячэння, але і аб тым, хто яго прапануе. Спачатку ж звяртайцеся да класічнага ўрача і традыцыйных метадаў, а нетрадыцыйныя разглядайце як дадатковыя. Галоўнае — супрацоўнічайце з урачом. Вазьміце на сябе адказнасць за сваё здароўе, не ганяйцеся за пілюлькамі, якія раіць суседка, не вышуквайце ў інтэрнэце лекі ад усіх хвароб, іх не існуе. Для таго каб пражыць здаровае і доўгае жыццё, неабходна правільна харчавацца, рабіць зарадку, паболей хадзіць пешшу, не курыць і не злоўжываць алкаголем, выконваць меры бяспекі, напрыклад, прышпільвацца рэменем бяспекі, не забывацца пра правілы гігіены і шукаць спосабы вырашэння ўласных праблем, перамагаць стрэс.

Меркаванні вучонага і ўрача

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі Уладзімір КУЛЬЧЫЦКІ:

— Гамеапатычныя сродкі павінны прызначацца ўрачом па паказаннях, але не ў экстранных сітуацыях. Гамеапатыя — методыка старажытная, і самае важнае тут, каб пацыент меў справу менавіта з прафесіяналам. Толькі так можна атрымаць карысць, а не шкоду. Адмаўляцца ад выкарыстання гамеапатычных сродкаў сэнсу няма, і, безумоўна, не варта проціпастаўляць метады лячэння традыцыйныя і нетрадыцыйныя, каб не атрымаць выпадкаў позняга звароту да спецыялістаў.

Урач-псіхатэрапеўт Мінскага гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Уладзіслаў ІВАНОЎСКІ:

— Калі замешаны грошы, ды немалыя, то можна злоўжываць любымі аргументамі, што мы і назіраем у суседняй краіне. Гамеапатыя — гэта своеасаблівая настройка арганізма з дапамогай спецыяльных лекаў на правільную схему работы. Імунітэт, напрыклад, можа няправільна рэгуляваць тыя ці іншыя працэсы, і ў выпадку такой разбалансіроўкі мы лёгка паддаёмся інфекцыям або ўзнікае алергія, калі арганізм б'е па ўласных тканках. Але можна зрабіць так, каб значна радзей пакутаваць ад вірусных інфекцый і пазбавіцца алергічнай рэакцыі.

Фармацэўтычныя прэпараты змяшчаюць вялікую колькасць хімічных рэчываў, а ў гамеапатычных, па вялікім рахунку, ніякага рэчыва няма. І тым не менш апошнія паказваюць арганізму, у якім кірунку яму трэба змяніцца, і, што самае цікавае, ён мяняецца. Бо атрымлівае не само рэчыва, а толькі інфармацыю пра яго, і яму гэтага дастаткова, каб фізіялагічныя працэсы пачалі адбывацца па іншым сцэнарыі. Але так пераарыентаваць можна не на ўсё і не заўсёды. Калі нам не хапае вітаміну С, то тут спатрэбіцца менавіта пэўная колькасць рэчыва, дазапраўка, вітамінатэрапія.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Адчапіцеся ад гамеапатыі!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.