Вы тут

Да губернатара людзі ідуць з набалелымі пытаннямі


З людзьмі, якія трапілі ў складаныя сітуацыі, якім прад'яўляюць пэўныя патрабаванні, хочуць нешта сказаць, павінны сустракацца выключна кіраўнікі вертыкалі ўлады. Старшыні сельскага Савета, райвыканкама, гарвыканкама, кіраўнікі адміністрацый у гарадах, губернатары. Людзі хочуць бачыць тых, хто прымае рашэнне. Менавіта на гэтым сканцэнтраваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны. Што хвалюе людзей, якімі клопатамі яны жывуць, не па чутках ведае старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Кіраўнік цэнтральнага рэгіёна пастаянна сустракаецца з жыхарамі Міншчыны. На чарговым выязным прыёме грамадзян у адным з самых аддаленых раёнах вобласці — Старадарожскім — папрысутнічала і карэспандэнт «Звязды». На працягу некалькіх гадзін губернатар выслухаў шэсць чалавек. У кожнага з іх свая гісторыя, часам нават трагічная.


У Анастасіі Уладзіміраўны згарэў дом, у полымі загінула маці. Прычыну пажару спецыялісты не змаглі высветліць. Сям'я з двума дзецьмі засталася без уласнага даху над галавой. Дзякуй, прытулілі сваякі. Але ж, вядома, у іх свае сем'і, наладжаны быт. І жанчыне хацелася б займець свой кут. Пагарэльцам дапамаглі калегі, сябры — хто чым мог: рэчамі, грашыма. Ды, безумоўна, гэтых сродкаў недастаткова, каб аднавіць дом. Прасцей знесці руіны і на пажарышчы ўзвесці новае жыллё. Заяўніца прасіла старшыню аблвыканкама пасадзейнічаць у атрыманні льготнага крэдыту на гэтыя мэты.

Сёлета Мінскай вобласці выдзелена 14 млн рублёў льготных крэдытаў. А патрабуецца ў тры разы больш. Таму ў першую чаргу яны будуць выдзяляцца тым, у каго высокая ступень гатоўнасці жылых дамоў і для іх завяршэння не патрабуюцца значныя ўкладанні. Разам з тым губернатар даручыў фінансістам прааналізаваць пытанне. І калі гэта не супярэчыць заканадаўству, магчыма даць крэдыт. Акрамя таго, Сямён Шапіра патэлефанаваў старшыні праўлення Мінскага аблспажыўсаюза Валерыю Марынічаву, у сістэме якога працуе заяўніца, і прапанаваў кінуць кліч — сабраць для сям'і грошы. Так было заўсёды ў Беларусі. Калі ў суседа здаралася няшчасце, на выручку яму прыходзілі ўсёй талакой.

А вось у Віктара Кузьміча дом цэлы. Але, як сцвярджае мужчына, жыллё патрабуе капітальнага рамонту. Сямён Шапіра нагадаў, што ў кожным раёне распрацаваны графікі бягучага і капітальнага рамонту жыллёвага фонду на гэты год. Яны надрукаваны ў раённых газетах. Не выключэнне і Старыя Дарогі. Гэтыя спісы складзены пасля вывучэння сітуацыі спецыяльнай камісіяй. І ўносіць у іх змены старшыня аблвыканкама не мае права. У план рамонту сёлета ў райцэнтры ўключаны шэсць шматкватэрных дамоў.

Для таго, каб рэгіёны развіваліся, каб тут з'яўляліся новыя сацыяльныя аб'екты, сярод раёнаў наладжана спаборніцтва. Тыя, што паказалі найлепшыя вынікі за год, атрымліваюць грашовае ўзнагароджанне. У 2015 годзе першае месца заняў Лагойскі раён. «Прэміяльныя» былі накіраваны на добраўпарадкаванне і навядзенне парадку. У горадзе пабудавалі Палац рэгістрацыі шлюбаў, стадыён. Летась пераможцам стаў Любанскі раён. Такое спаборніцтва для раёнаў — добры стымул паляпшаць паказчыкі эканамічнай дзейнасці, а значыць, мець дадатковыя грошы для добраўпарадкавання, навядзення парадку на зямлі і будаўніцтва сацыяльна значных аб'ектаў.

Фермер Уладзімір Лазаравіч паскардзіўся, што мясцовыя ўлады забіраюць у яго зямлю. А ён мае намер заняцца арганічным раслінаводствам, а таксама авечкагадоўляй. У планах мужчыны адрамантаваць старыя памяшканні фермаў. Але для гэтага неабходны крэдыт.

Канфіскацыя зямлі — гэта крайняя мера, на якую ідзе кіраўніцтва раёнаў, калі на ёй нядбайна гаспадараць. Даць фермеру другі шанц навесці парадак у сваёй гаспадарцы або не — пытанне пакуль адкрытае. У выпадку з Уладзімірам Лазаравічам губернатар даручыў разабрацца на месцы.

Між іншым, Сямён Шапіра нагадаў, што ў Мінскай вобласці не менш за 15 тыс. гектараў свабодных зямель, якія могуць браць усе ахвотныя займацца фермерствам. Галоўнае, выдзяляцца яны павінны тым, хто мае сур'ёзны намер ствараць сялянскія фермерскія гаспадаркі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Выслухаць, паспачуваць, пераканаць...

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.