Вы тут

Чалавеку Свету


Святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання — лагічны працяг Года культуры. Над тым, каб гэты юбілей адзначыць на годным узроўні, асабліва актыўна працуюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, Міністэрства культуры і Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

Супрацоўнікі культурнай галіны маюць шмат напрацовак па гэтай тэматыцы, што адзначыла Наталля Задзяркоўская, начальнік упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:

— Дастаткова ўзгадаць дзяржаўную праграму «Культура Беларусі», якая была рэалізавана ў перыяд з 2006 па 2015 год, у межах якой вылучаліся дзяржаўныя грошы на стварэнне электроннай калекцыі «Скарыніяна». Яе фарміруе Нацыянальная бібліятэка Беларусі, якая сёння налічвае каля ста электронных копій выданняў Скарыны і літаратуры па гэтай тэме. Таксама шырока вядомы праект па факсімільным узнаўленні спадчыны Скарыны, рэалізаваны Нацыянальнай бібліятэкай.

— Мара пра тое, каб годна адсвяткаваць юбілей Францыска Скарыны, узнавіць яго спадчыну, заўсёды жыла ў бібліятэчнай, кнігазнаўчай суполцы, — падкрэсліў дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі. — Мы вырашылі перш-наперш высветліць, колькі ж выданняў Скарыны захавалася, дзе яны і якія. Калі мы пачыналі, казалі, што ёсць 350 асобнікаў Скарыны ў свеце. Сёння мы дакладна ведаем пра 520.

Кульмінацыйным момантам святкавання стане верасень: на яго прыпадае і Дзень беларускага пісьменства на малой радзіме Скарыны, у Полацку, і 95-годдзе Нацыянальнай бібліятэкі. У гэты час збіраюцца прэзентаваць дакументальны фільм «Першадрукар», які перамог на рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў. У межах свята таксама адбудзецца прэм’ерны паказ спектакля Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі паводле п’есы Віктара Марціновіча, якая стала адной з лепшых у конкурсе твораў для драмтэатраў «Францыск Скарына і сучаснасць». Цікавы мультымедыйны праект на Дні пісьменства прадставіць Нацыянальны гістарычны музей: вандроўкі з Францыскам Скарынам па месцах кнігадрукавання.

У Нацыянальнай бібліятэцы плануецца Міжнародны кангрэс па тэме юбілею беларускага кнігадрукавання. Таксама запланаваны выставачны праект «Францыск Скарына і яго эпоха», дзякуючы якому жыхары Беларусі змогуць упершыню ўбачыць арыгіналы выданняў, якія раней не прадстаўлялі на тэрыторыі нашай краіны. Усе планы наконт святкавання адметнай даты разлічаны на тое, што ўдзел у іх змогуць узяць усе жыхары краіны, не толькі навукоўцы і спецыялісты.

Аляксандр Карлюкевіч, намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь, адзначыў, што святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання не абмяжоўваецца толькі нашай краінай:

— Міністэрства інфармацыі Беларусі пры выключна сяброўскай падтрымцы Міністэрства культуры, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Саюза пісьменнікаў Беларусі з нагоды свята ладзіць шэраг міжнародных праектаў. На XVIII Вільнюскай міжнароднай выстаўцы адзін з гэтых праектаў быў рэалізаваны. Міністэрства інфармацыі з удзелам Нацыянальнай бібліятэкі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў перадало кнігі беларускай дыяспары ў Літве — самым розным суполкам, беларускім грамадскім арганізацыям і перш за ўсё беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны.

 — Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і дзяржаўныя выдавецтвы ўжо шмат чаго зрабілі па асвятленні тэмы 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, жыцця і дзейнасці пачынальніка беларускага кнігадрукавання Францыска Скарыны праз кніжны фармат, праз многія праекты, якія ўжо рэалізаваны, — падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч. — Не так даўно выйшла кніга «Францыск Скарына са слаўнага горада Полацка», яна адбылася дзякуючы актыўнаму ўдзелу Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, у першую чаргу Алеся Сушы, вядомага культуролага, даследчыка, скарыназнаўца, старшыні Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Гэта кніга выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». У «Беларускай энцыклапедыі імя Петруся Броўкі» падрыхтаваны праект пад назвай «Францыск Скарына — чалавек свету». Сёлета выйдзе адмысловая энцыклапедыя, прысвечаная жыццю, дзейнасці, творчасці Францыска Скарыны і яго паслядоўнікаў, гэта будзе новае, перапрацаванае выданне. Яно знойдзе свайго чытача, не толькі спецыялізаванага, але і масавага. Пры падтрымцы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы выйшла кніга «Франциск Скорина — человек мира». Усё гэта сведчыць, што Францыск Скарына — тое знакавае імя, той персанаж нашай беларускай гісторыі, які дапамагае камунікаваць з усім светам, у першую чаргу, безумоўна, са славянскімі краінамі.

Яна ПАЛЯШЧУК

Загаловак у газеце: Чалавеку Свету

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.