Вы тут

Падарожжы са Скарынам


Кніжка, што лічыцца першым друкаваным выданнем на землях Вялікага Княства Літоўскага, вярнулася дадому

 

«Малая падарожная кніжка» была выдадзеная Францыскам Скарынам у 1522 годзе, калі ён пераехаў з Прагі ў Вільню. Рарытэт узбагаціў калекцыю Белгазпрамбанка. Старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка прызнаўся, што перамовы з калекцыянерам, у якога захоўвалася кніжка, працягваліся некалькі год, і толькі такая значная дата, як 500-годдзе беларускага кнігадрукавання ды цёплыя пачуцці самога ўласніка да радзімы, нарэшце наблізілі чаканы кампраміс. «Малая падарожная кніжка» ўпершыню з’явілася перад аўдыторыяй падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

«Малая падарожная кніжка» — зборнік з 21 тэксту. Экзэмпляр, што патрапіў ва ўласнасць Белгазпрамбанка, складаецца з 18 частак. Нягледзячы на рэлігійны змест, кніга ўсё ж не царкоўная, а свецкая: дасведчаны падарожнік Францыск Скарына стварыў яе дзеля такіх жа вандроўнікаў, каб яны маглі звярнуцца да Бога ў любы момант. Адсюль і маленькі фармат выдання: кніжка лёгка змяшчалася ў кішэні падарожніка ХVІ стагоддзя.

Францыск Скарына — надзвычай цікавая асоба для свайго часу і чалавецтва ўвогуле: першадрукар, асветнік, гуманіст, вучоны, філосаф, лекар, пісьменнік, доктар навук і нават садоўнік. Каб адбыцца ва ўсіх азначаных іпастасях, Скарыне давялося прымераць на сябе яшчэ адну ролю, якую звычайна не прынята згадваць асобна, — ролю падарожніка. Полацк, Вільня, Кракаў, Падуя, Прага — імя нашага вялікага суайчынніка засталося на старонках гісторыі еўрапейскіх сталіц асветы ды ведаў. Дзеля шырокага кругагляду і развіцця сваіх здольнасцяў першадрукару давялося шмат вандраваць. Выправіцца ў падарожжа па скарынаўскіх мясцінах — ці не лепшы спосаб адзначыць 500-годдзе беларускага кнігадрукавання? Нагадаць Еўропе пра спадчыну нашага першадрукара праз палову тысячагоддзя вырашыў Белгазпрамбанк разам з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.

— Францыск Скарына зрабіў унёсак не толькі ў славянскую культуру. Гэта чалавек, які меў агульнаеўрапейскі ўплыў, — сцвярджае старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка. — У нас нарадзілася ідэя адзначыць юбілейны год у месцах, шчыльна звязаных з імем першадрукара, у нейкім сэнсе прайсці дарогамі самога Скарыны. У спіс «скарынаўскіх» гарадоў трапілі Полацк, Вільня, Кракаў, Прага і Падуя. Так з’явіўся праект «Шляхамі Скарыны з Белгазпрамбанкам».

Пачнецца праект у маі ў Літве, пасля наведае Польшчу, Чэхію і, магчыма, Італію. Апошнім прыпынкам кніжнага падарожжа будзе радзіма Скарыны — Беларусь, куды на свята 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ўвосень вернуцца экспанаты. Цэнтрам экспазіцыі стане «Малая падарожная кніжка», якую ў сувязі з юбілейным годам набыў Белгазпрамбанк, і «Кніга Іова» з фонду Нацыянальнай бібліятэкі. Але наведвальнікаў выстаўкі чакаюць не толькі арыгіналы скарынаўскіх кніг: гледачам пакажуць дакументальны фільм пра жыццё і працу першадрукара, з дапамогай віртуальнай рэальнасці і матэрыялаў полацкага Музея беларускага кнігадрукавання створаць сапраўдную экскурсію па старажытнай друкарні. Акрамя асноўнай часткі экспазіцыі, агульнай для ўсіх краін, арганізатары мяркуюць далучыць да прэзентацыі скарынаўскай спадчыны мясцовых партнёраў. Яны зробяць акцэнт на развіцці кнігадрукавання ў сваіх гарадах.

Рарытэтныя кнігі рэдка выпраўляюцца ў падарожжа. Тым больш цікава, што «Малая падарожная кніжка», якая толькі-толькі ўзбагаціла калекцыю Белгазпрамбанка, ужо едзе вандраваць.

Разам з «Малой падарожнай кніжкай» прэзентавалі яшчэ адзін каштоўны фаліянт — «Кнігу Іова». Гэта ўласнасць Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Юбілей беларускага кнігадрукавання адначасова і юбілей «Кнігі Іова»: яе лічаць другім пражскім выданнем Скарыны, якое пабачыла свет у 1517 годзе. Паводле загадчыка навукова-даследчага аддзела кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Галіны Кірэевай і куратара карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка Аляксандра Зіменкі, гэтыя асобнікі ўжо даследуюцца навукоўцамі.

 — Зараз у нас ёсць магчымасць аб’яднаць патэнцыял дзвюх арганізацый — найбуйнейшых уладальнікаў кніг Скарыны ў краіне — Белгазпрамбанка і Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, — кажа дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі, доктар педагагічных навук Раман Матульскі. — Пасля набыцця «Малой падарожнай кніжкі» Белгазпрамбанкам рэйтынг Беларусі як захавальніка арыгінальнай спадчыны Францыска Скарыны адразу ўзрос да трэцяга месца ў свеце. Калі дагэтуль у нас было 10 арыгіналаў Скарыны, то цяпер іх ужо 28.

 Дар’я ЧАРНЯЎСКАЯ

 

Загаловак у газеце: Падарожжы са Скарынам

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.