Вы тут

Здані для бясстрашнай Ганны


Да жанру готыкі ў беларускай літаратуры нашы пісьменнікі звярталіся ў большай ці меншай ступені даволі часта. З найбольш гучных імёнаўвядома, Уладзімір Караткевіч і Людміла Рублеўская. А былі і ёсць яшчэ Ян Баршчэўскі, Вацлаў Ластоўскі, Вольга Тарасевіч, Валерый Гапееў, Уладзімір Садоўскі Але хто быў першым, стваральнікам гатычнай прозы на Беларусі?

Першай жанчынай-пісьменніцай у Польшчы і Беларусі лічыцца Францішка Уршуля Радзівіл. Але малавядома, што гэты славуты род даў нам яшчэ адну выдатную жанчыну, імя якой незаслужана падзабыта. Ганна Барбара Алімпія нарадзілася каля 1762 года ў сям’і генерал-лейтэнанта, маршалка Трыбунала ВКЛ Станіслава Радзівіла, як мяркуецца, у Нясвіжы.  Менавіта яе пяру належыць першая спроба прыстасаваць да нашых мясцовых рэалій жанр гатычнага рамана, які стаў паспяховым у яе часы ў Заходняй Еўропе. Свае творы яна пісала ў Заслаўі, выдавала ў Вільні. Адразу трэба абмовіцца: пісала на польскай мове. Але высвятляць з гэтай прычыны, да якой — польскай ці беларускай — літаратуры яе варта адносіць, — тое самае, што спрачацца наконт творчасці Яна Баршчэўскага ці Адама Міцкевіча, якія, ствараючы свае творы галоўным чынам «в ензыку польскім», нямала тым самым узбагацілі і беларускую культуру ды літаратуру. У польскай жа літаратуры Ганна вядома яшчэ і як папярэдніца рамантызму, пачынальніца «чорнага рамантызму», перакладчыца. Ставяць ёй у заслугу і стварэнне першага польскага псеўдагістарычнага рамана.

 

Неспакойнае жыццё

Пра біяграфію Ганны, на жаль, вядома яшчэ менш, чым пра творы. У 1778 годзе, ва ўзросце 17 год, яна пабралася шлюбам з мінскім старастам графам Дамінікам Пшаздзецкім, які валодаў маёнткам у Заслаўі. На наступны год яна нарадзіла яму ў Вільні сына Міхала, а ў 1782 годзе засталася ўдавой. Яшчэ праз пяць год яна пабралася другім шлюбам. Яе мужам стаў, нягледзячы на сур’ёзныя пярэчанні сям’і жаніха, будучы міністр унутраных спраў Каралеўства Польскага Антоній Тадэвуш Мастоўскі, малодшы за яе. Ён і прывабіў сваю жонку да літаратарства. Тадэвуш Мастоўскі, разам з яшчэ дзвюма публіцыстамі, быў выдаўцом газеты «Gazeta Narodowa i Obca» ў Варшаве. Дзякуючы мужу Ганна пазнаёмілася з многімі дзеячамі палітыкі і культуры. У 1792 годзе газета была закрыта, а Мастоўскі з жонкай выехалі ў эміграцыю, жылі ў Германіі, Швейцарыі, Францыі. У Парыжы Тадэвуш Мастоўскі быў пасрэднікам у перамовах паміж польскімі эмігрантамі і французскім рэвалюцыйным урадам, пасля чаго, вярнуўшыся на радзіму, быў арыштаваны расійскімі ўладамі за патрыятычны ліст, які, між іншым, напісала Ганна. Знаходзячыся ў той час у Рыме, яна звярнулася да караля з просьбаю вызваліць мужа з турмы. Пасля вызвалення Тадэвуш у сакавіку 1974 года ізноў вярнуўся на радзіму. Але прага да волі і незалежнасці свайго краю і нелюбоў да царскай улады падштурхнулі яго ў 1794 годзе да ўдзелу ў паўстанні Тадэвуша Касцюшкі за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Паўстанне было жорстка задушана, а Мастоўскага чакалі казематы Пецярбурга. І гэтым разам жонка не пакінула свайго мужа: сама едзе ў Пецярбург, дзе знаходзіцца з 1795 па 1797 год, і зноў яго вызваляе. Пасля яны едуць у Вільню, Варшаву, пазней — у Парыж. Тадэвуш Мастоўскі вярнуўся ў Польшчу ў 1802 годзе, а праз два гады яны развяліся.

 

Пачынальніца «чорнага рамантызму»

Ганна пасялілася ў Вільні, затым у спадчынным маёнтку свайго першага мужа ў Заслаўі, дзе і піша свае творы. Вандроўкі з мужам па Еўропе не прайшлі дарэмна. У Францыі яна пазнаёмілася з модным на Захадзе ў тыя часы гатычным раманам. Яна сама спрабуе пісаць і, дзякуючы яе супрацоўніцтву з віленскім кнігавыдаўцом Юзафам Завадскім, выдае за ўласныя грошы ў Вільні зборнік на польскай пад агульнай назвай «Мае забавы» («Moje rozrywki», 1806), у які ўвайшлі таямніча-прыгодніцкія аповесці ў трох тамах. І том — «Страх у Замачку», «Статуя і Саламандра» (пераклад твора Кр. М. Віланда). II том — «Мацільда і Даніла», «Цудоўны сапфір» (пераклад песні мадам de Genlis). III том — «Замак Канецпольскіх», «Не заўсёды так робіцца, як гаворыцца».

Ва ўводзінах да «Страху ў Замачку» аўтар сцвярджае, што апісвае рэальную гісторыю са свайго жыцця. У творы апавядальніца — сама аўтар — разам з сяброўкай інсцэніруе з’яўленне прывіду ў руінах, у якога паверыў іх даверлівы  прыяцель. Таямніца, звязаная са з’яўленнем персанажа ў белай вопратцы, сее атмасферу жаху. Гісторыя была напісана пад уплывам чытання французскіх гатычных раманаў.

Ганна Радзівіл-Мастоўская па праве лічыцца пачынальніцай «чорнага рамантызму» ў польскай літаратуры. У адрозненне ад чыста «гатычнага рамана», з яго атмасферай жаху і трывогі, у «чорным рамантызме» страх — не самамэта. У ім галоўнае — не проста наяўнасць вонкавых эфектаў, а тое, як яны ўзаемазлучаныя з душэўнымі пакутамі персанажаў і аўтара. Тут аўтар суперажывае героям і заклікае да гэтага чытача. Гэта куды больш глыбокі мастацкі жанр.

Яшчэ да таго, як «Балады і рамансы» Адама Міцкевіча вызначылі пачатак рамантызму ў Польшчы, Ганна Радзівіл-Мастоўская, на ўзор англійскай пісьменніцы і адной з заснавальніц гатычнага жанру Ганны Радкліф, стварала свае дзіўныя гісторыі з прывідамі на фоне старых замкаў. Адно з гэтакіх апавяданняў — «Статуя і Саламандра». Лёсы двух юнакоў, егіпцяніна і жыхара Арморыкі, якія ў выніку дзіўных супадзенняў сустракаюцца ў старадаўнім замку, пераплятаюцца інтрыгоўным чынам, здзіўляючы чытача непрадбачаным фіналам. Апавяданне «Цудоўны сапфір, ці Талісман шчасця» —

гэта ўжо рамантычны трылер, блізкі ўсім аматарам загадкавых усходніх казак, накшталт «Кнігі казак тысячы і адной ночы».

З гэтай серыі — і апавяданне «Мацільда і Даніла»: прыгажуня Мацільда не можа злучыцца з закаханым у яе Данілам, а адказы на гэта варта шукаць у змроку шматвяковай сямейнай таямніцы. Палкае каханне на тле руін з прывідамі. У 1807 годзе ўбачыла свет «Астольда, князёўна з роду Палямона, першага літоўскага князя» — першая спроба напісання гістарычнага рамана ў Польшчы (ды і на ўсіх землях былой Рэчы Паспалітай), бо мастацкіх гістарычных твораў на польскай мове яшчэ не было. Раман заснаваны на змесце беларуска-літоўскіх летапісаў XV — XVI ст. Хоць ён і не дакладна гістарычны, бо пісьменніца збольшага абапіраецца на стылістыку псеўдагістарычных раманаў М. Жанліс і імкнецца паказаць жахлівыя наступствы любоўнай жарсці. Тым не менш яна ўпершыню папулярызавала гісторыю свайго краю.

З забыцця

У 1809 годзе выходзіць апошні яе зборнік «Цацкі ў спакоі», таксама ў Вільні, але ўжо не ў Юзафа Завадскага, а ў дыяцэзіяльнай друкарні. Ён складаўся з пяці невялікіх аповесцей, у асноўным — пераклады-перапрацоўкі твораў Жанліс, Апулея, Лемерцьера. Усяго пяру Ганны Радзівіл-Мастоўскай належыць 12 твораў. Найбольш яскравым з іх стала аповесць «Страх у Замачку». Нават сама назва выклікала некаторыя спрэчкі ў польскіх літаратуразнаўцаў. Адзін час лічылася, што «Замачак» — гэта памяншальнае ад слова «замак», але насамрэч назва паходзіць ад вёскі Замачак (Пілайтэ), якая ў часы

пісьменніцы знаходзілася пад Вільняй (а сёння з’яўляецца адным з раёнаў Вільнюса) і дзе пэўны час Радзівіл-Мастоўская

жыла. Вядома яшчэ, што Радзівіл-Мастоўская да напісання кніг была аўтарам некалькіх п’ес, якія, аднак, не захаваліся да нашых часоў. У Віленскім тэатры ішлі дзве яе трагедыі, апрача таго, яна напісала трагікамедыю «Alfarys».

Нечакана для ўсіх яна раптам знікае з літаратурнага жыцця па невядомых прычынах. Вядома, што ў красавіку 1823 года імператар Аляксандр, едучы ў Вільню, затрымліваўся ў яе ў Цэрклішках, і яны разам шпацыравалі па садзе, пілі гарбату. Памерла Ганна Радзівіл-Мастоўская ў канцы 1833 года ў Заслаўі. Вядома, што 1819 годзе ў Кракаве паставілі п’есу, заснаваную а яе творы «Страх у Замачку». З тых часоў Радзівіл- Мастоўская заставалася амаль у поўным забыцці. Толькі ў 2002 годзе ў кракаўскім выдавецтве Universitas выйшла першае пасля смерці пісьменніцы выданне, у якое ўвайшлі «Страх у Замачку» і «Статуя і Саламандры». «Страх у Замачку» быў перакладзены на беларускую мову Лявонам Баршчэўскім і апублікаваны ў 2006 годзе пад назвай «Здань у Малым Замку».

P. S. Сёлета 255 год з дня нараджэння Ганны Радзівіл. Яе партрэтаў не захавалася. Але ёсць выявы мужчын, важных у яе жыцці.

Алег ГРУШЭЦКІ.

Загаловак у газеце: Здані для бясстрашнай Ганны

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Як выхаваць даследчыка за школьнай партай?

Чаму ўсе краіны, якія развіваюць інавацыйную эканоміку, робяць сёння стаўку на STЕM? 

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі СМІ Расіі

Некалькі рэчаў сёлета адбываюцца ўпершыню.

Грамадства

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Ці набудуць у гаспадароў старыя хаты?

Адэльскі сельскі савет, што ў Гродзенскім раёне, можна назваць брамай у Еўрасаюз.