Вы тут

Незабраны скарб


У яго было мала часу — і для вершаў, і для жыцця. У яго не было будучыні, хаця сам ён пра гэта не ведаў. Ён не меў ані матэрыяльнага дабрабыту, ані людскога шанавання. У яго быў толькі талент, адзінота і пачуццё адказнасці за лёс свайго народа... 11 сакавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна (1187 — 1920).

 

Сапраўднае імя паэта — Аляксандр Прушынскі. Ён адзін з тых нямногіх беларускіх творцаў пачатку ХХ стагоддзя, якія нарадзіліся ў Мінску. І нават нягледзячы на тое, што ў сваіх вершах ён пастаянна звяртаўся да вясковай тэматыкі, паэтычныя радкі яго вылучаюцца на фоне тагачаснай беларускай літаратуры менавіта нейкім адметным, іншым, «гарадскім» гучаннем. У гэтым сэнсе можна параўноўваць яго хіба толькі з Максімам Багдановічам і Уладзімірам Жылкам. Алесь Гарун пражыў толькі 33 гады, але пакінуў найкаштоўнейшую паэтычную спадчыну. Магчыма, нам яшчэ не ўсё вядома. Творчасць і асоба аўтара зборніка «Матчын дар» доўгі час была пад забаронай. А вяртанне ў кантэкст нацыянальнай літаратуры — працэс доўгі

і няпросты. Яшчэ гадоў дваццаць таму вучні старэйшых класаў вывучалі яго вершы па ксеракопіях універсітэцкіх канспектаў сваіх настаўнікаў. Бо іншай інфармацыі ў агульным доступе папросту не было. Калі перачытваеш яго дасканалы паэтычнай формай верш «Літанне адзіноце», міжволі думаеш, што гэтае забыццё паэт наваражыў сабе сам:

Зноў я прыходжу ў часе змяркання

Складаю Літанне, нясу Табе данне

Ад сэрца свайго, Адзінота;

Можа, раней, як яшчэ не радзіўся,

Табе быў адданы, Табе прысудзіўся;

Крулева мая, Адзінота;

Можа быць, маці, калі спавівала

І ночы не спала, над люлькай спявала,

Аддала Табе, Адзінота;

* * *

Смерцю сваёй — ці наглаю згіну,

Ніколі Цябе я ужо не пакіну, —

Не здолеці мне,

Адзінота...

Сапраўды ўражвае, што ва ўсіх гэтых грамадска-палітычных віхурах — праз войны, рэвалюцыі, змены дзяржаўнага

ладу, арышты, высылкі, здрады, якімі так багатыя першыя дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя, Алесь Гарун ніколі не страчваў разумення, што павінен зрабіць для сваёй радзімы паэт, і дакладна фармуляваў гэта ў сваіх вершах:

Пакінь, пакінь спяваць a праўдзе тэй,

што ў небе!

Яна чужая нам, таемных праўда сіл;

Яна не сходзіць к нам ў канечнае

патрэбе,

Калі пакуты дзень так довег і не міл!

Прашу цябе, мой брат, спявай

аб нашым горы,

Аб тым, што ёсць цяпер і што

даўней было,

I што на ўсякі твар кладзець,

як плуг, разоры,

I што ў мільёнах душ разоры правяло.

(«Паэту»)

Аляксандр Прушынскі вядомы яшчэ і як вельмі актыўны ўдзельнік грамадска-палітычнага руху. Аднак яго адданасць

слову, яго вера ва ўплыў паэтычнага радка на свядомасць сучаснікаў — не вынік, не працяг актыўнай грамадзянскай пазіцыі, а толькі сведчанне настолькі глыбокага таленту, што творчасць становіцца тоеснай самому жыццю.

Бадай, самы вядомы верш А. Гаруна — «Ты, мой брат, каго зваць беларусам...»:

Ты, мой брат, каго зваць беларусам,

Роднай мовы сваёй не цурайся;

Як не зрокся яе пад прымусам,

Так і вольны цяпер не зракайся.

Ад дзядоў і ад прадзедаў, браце,

Гэта скарб нам адзін захаваўся,

У сялянскай аграбленай хаце

Толькі ён незабраны астаўся.

Падаецца, што такім пранікнёна-моцным гэты верш робіць усё ж не патрыятычны пафас, а дасканаласць паэтычнай формы. У той час (а зрэшты, ва ўсе часы існавання беларускай літаратуры) было багата паэтычных заклікаў любіць родны край і шанаваць сваю мову. Аднак пераважная большасць з іх гучыць як пракламацыя, а не як мастацкі шэдэўр. Магчыма, менавіта ідэальнае спалучэнне ўмення любіць Беларусь і здольнасці ўвасобіць гэта ў дасканалую паэтычную абалонку, дзе асновай ёсць менавіта паэзія, а не лозунг, і робіць постаць Алеся Гаруна такой прыцягальнай і для нас сённяшніх.

Жанна КАПУСТА

 

 

Загаловак у газеце: Незабраны скарб

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.