Вы тут

Наш космас


Нават у сучасным свеце песня ідзе побач з чалавекам. Нягледзячы на ўзрост і нацыянальнасць,

мы з трымценнем ставімся да музыкі, надаем ёй сімвалічнасць і звязваем з пэўнымі перыядамі жыцця. Сёння ў слухача ёсць магчымасць выбіраць  віды, і жанры музыкі, але народная песня вылучаецца з гэтай разнастайнасці і мае неверагодна моцнае ўздзеянне на свядомасць. Вось чаму гэтая традыцыя зараз вяртаецца.

 

Глыбокая філасофія

Адзін з такіх «адраджэнцаў» — праект «Спеўны сход», які клапоціцца пра тое, каб мы вучыліся спяваць родныя песні, незалежна ад наяўнасці музычнай адукацыі. Пачыналася ініцыятыва менавіта так: людзі спявалі народныя песні разам. Але з

гадамі «Спеўны сход» ператварыўся ў нешта большае: акрамя задавальнення, удзельнікі атрымліваюць і зваротную сувязь, і мінімальную музычную падрыхтоўку.

Кіраўнік праекта Сяргей Доўгушаў адзначае, што ідэя ініцыятывы не змянілася — толькі ўдасканалілася: «Задача застаецца: пазнаёміць людзей з беларускай песняй і паспяваць усім разам. Зараз праект набывае іншую форму, сустрэчы сталі тэматычнымі. Хацелася б рабіць мультыстылёвыя сходы — напрыклад, песні розных стагоддзяў, але і сезонныя, па календары. Мы будзем запрашаць носьбітаў гэтых твораў і набліжаць слухача да традыцыйных спеваў».

Наступны «Спеўны сход» адбудзецца 2 красавіка: будуць сустракаць вясну. Арганізатары абяцаюць не толькі вакалатэрапію, але і адукацыйныя выгоды з пазнакай: «граматыка» і «госць». Пад выглядам граматыкі ўдзельнікі будуць выконваць практыкаванні па паляпшэнні голасу і пастаноўцы дыхання, а ад госця атрымаюць майстар-клас.

Народная музыка — гэта добры падмурак для музычнай творчасці. І для гэтага ёсць падставы: на гэтым «зерні» можна зрабіць самыя розныя песні. Аўтар праекта лічыць, што менавіта аўтэнтычнымі спевамі, адметнымі каранямі і мовай беларусы могуць быць цікавыя ў іншых дзяржавах. І нам ёсць, чым пахваліцца, дадае Сяргей Доўгушаў: «Я думаю, калі б быў каляндар з беларускімі народнымі песнямі, то іх хапіла б яшчэ на гадоў 200. Тыя ж самыя веснавыя песні, калі спяваць іх раз на год, будуць кожны раз рознымі. Бо нават у адной вёсцы знойдзецца каля 50 вясновых песень». І так з кожным сезонам, з кожным святам, з кожнай тэмай.

«Спеўны сход» абірае розныя тэмы, іх багата. Сяргей плануе зрабіць сустрэчы з беларускімі зоркамі па іх песнях, таксама ёсць тэмы Радзівілаў і беларускай оперы. Знайсці песні сёння — не праблема. Шмат запісаў зроблена спецыялістамі з Акадэміі музыкі, Акадэміі навук, Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, іншымі фалькларыстамі. Ці нават можна запісаць песні самому, з’ездзіўшы ў экспедыцыю да носьбітаў традыцый. Сяргей Доўгушаў кажа: «Я выкарыстоўваю тыя песні, якія знаходжу сам. Мне гэта блізка і цікава, я ведаю, як яны гучаць, і заўсёды можна будзе параўнаць нашае выкананне з выкананнем носьбітаў. Канечне, далучаюцца і госці: у іх свае архівы, свае запісы».

Народная песня, на жаль, сёння не набывае такой папулярнасці, як музыка сучасная. У філармонію моладзь за аўтэнтыкай не ходзіць. Сяргей мяркуе, што склаўся стэрэатып, што там сумна і несучасна: «Народная песня стала штампам для моладзі. Я сам выступаю ў школах, знаёмлю дзяцей з традыцыйнай культурай, таму ведаю гэта дакладна. Ды і традыцыйныя спевы сёння пачалі выводзіць на сцэну, зрабіўшы іх нейкай забавай. У нашай песні шмат жанраў, шмат настрояў — гэта філасо-

фія і глыбіня, наш беларускі космас. Атрымалася, што псеўдапапулярызацыя зрабіла з каштоўнай традыцыйнай песні прымітыўны прадукт замест сапраўднага народнага твора. Але гэтая калька ўжо адыходзіць, і наша задача — паказаць іншы бок аўтэнтыкі, а не проста знаёміць з песняй».

 

Першы крок

І ў «Спеўнага сходу» гэта атрымліваецца: збіраецца аўдыторыя не менш за 100 чалавек, а на апошнюю сустрэчу наогул прыйшлі 300. Яшчэ большы наплыў спевакоў будзе, каіл пачнуцца вулічныя спевы на вольным паветры. Што да аўдыторыі, то яна вельмі розная, адзначае Сяргей Доўгушаў: «Цікава, калі на сходы прыходзяць не толькі дарослыя, але і маладыя, не толькі “людзі ў тэме”, але і не звязаныя з гэтым удзельнікі. Былі нават такія, хто зусім не цікавіцца народнымі песнямі, але яны зрабілі першы крок да знаёмства з традыцыйнай культурай. Прыемны момант, што тыя, хто прыходзіць проста  паглядзець, пачынаюць далучацца. Яно і зразумела, бо такая тэрапія: разам спяваць не так страшна, тут усё проста: чым больш людзей, тым смялей спяваецца».

Асаблівасць «Спеўнага сходу» найперш у тым, што людзі тут робяць канцэрты разам — і слухачы, і музыканты. Мяжа паміж тым, хто для каго дае канцэрт, знікла. І гэта дае такое прыемнае адчуванне еднасці. Сяргей кажа, што нават адчуванне сваёй нацыі: «Не адзін я заўважаў тыя моманты, калі натоўп спявае песню акапэльна ці з музыкамі, і сапраўды існуе разуменне

таго, што ёсць беларусы, ёсць нацыя. Песня можа быць і не народнай, але трэба вызначыць, што гэта за песня. Вось выпадак, калі ладзіўся фестываль “Камяніца”, было шмат людзей. Алег Хаменка тады прапанаваў эксперымент, які мне падаўся немагчымым, а потым стаў цудам: вядомую “Купалінку” мы прапанавалі праспяваць людзям. Так і адбылося, нягледзячы на тое, што экран, на якім трансляваўся тэкст песні, зламаўся, людзі працягвалі спяваць усе разам. Мы не былі гатовыя да такога, але ў той момант ад гэтай еднасці гуку і голасу пачалі падступаць слёзы».

На жаль, у нашым грамадстве страчана культура яднання праз песню, яе трэба вяртаць. Грузіны ў гэтым сэнсе паказваюць прыклад: могуць наўпрост заспяваць народны твор нават у кафэ. Сяргей Доўгушаў хоча змяніць стаўленне і да спеваў, і да

выканання песні, але спачатку трэба пазнаёміць чалавека з гэтым творам і выклікаць у яго пачуццё гонару за песню: «Трэба вяртаць традыцыі мінулага. Калі я бачу, як хлопцы спяваюць, мяне гэта цешыць, бо зацікавіць народнай песняй хлопцаў

складаней, чым дзяўчат. Раней спявалі ўсе і не саромеліся. Тая пераемнасць, якая была натуральнай, калі спявалі бацькі і дзеці, павінна, на мой погляд, быць і цяпер, каб паўсюль можна было пачуць традыцыйную песню».

 

Час эксперымента

Адным з самых гучных праектаў «Спеўнага сходу» апошнім часам лічацца «Песні матчыны з Вушаччыны» — прысвячэнне

Рыгору Барадуліну. Прэзентацыя альбома адбылася ўжо на некалькіх канцэртах, але Сяргею Доўгушаву ўжо хочацца працягу. Зборнік нарадзіўся з песень у выкананні Барадуліна, запісаных Алесем Камоцкім, і маленечкай кніжачкі, назва якой стала і назвай альбома: «У мяне была думка, што трэба натхніцца песняй, прапусціць яе праз сябе і стварыць пераасэнсаваную версію. Менавіта так і зрабілі: пражылі гэтыя песні і атрымалі новыя творы. Не было ніякіх межаў, таму кружэлка атрымалася эксперыментальнай: дзесьці — авангард, дзесьці — акадэмізм ці рок. Рабілі так, як адчувалі».

Песні ў альбоме ў асноўным абрадавыя. Музыканты выбіралі іх самі. Для адной з песень аранжыроўку рабіў малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў, а ў выкананні хору «Salutaris» яна гучыць духоўна і моцна як гімн, а ў арыгінальнай версіі — больш сціпла. Як і, напэўна, усе астатнія песні. Але Сяргей кажа, што версіі параўноўваць не варта: «Калі я сам пачаў шукаць песні, прыйшло іншае стаўленне да іх. Але ёсць і галоўны вораг — адаптацыя песні, каб яна была зразумелая. Накладаць эстрадны рытм на аўтэнтычны твор — лязом па сэрцы. Самі носьбіты кажуць, што так не спяваецца, атрымліваецца сапсаваны твор. Але ёсць шмат добрых прыкладаў: у творчасці Мусаргскага ёсць народная песня, Манюшка ўкладаў у свае творы беларускія традыцыйныя песні. Я лічу, гэта вартая, глыбокая і пераасэнсаваная праца. Тое ж самае атрымалася і ў нас».

Несці беларускую народную песню ў свет — справа адказная. Выбіраць, якой яна атрымаецца, — арыгінальнай ці пераапрацаванай, вясёлай ці сумнай, будуць самі музыканты, а справа ўдзельнікаў «Спеўнага сходу» — натхняцца і спяваць. Узгадваючы гады існавання ініцыятывы, немагчыма не ўспомніць і супольныя праекты, напрыклад, «Народны альбом», але лепшым з супольных праектаў Сяргей Доўгушаў лічыць сам «Спеўны сход» — вось такі патрыятызм: «Я б хацеў працягваць. Для мяне гэта лепшы праект, калі не адзін чалавек удзельнічае ў агульнай вялікай справе. Спадзяюся, што ў нас атрымаецца зрабіць гэтую ініцыятыву сапраўдным святам песні: хочацца зладзіць спеўны фэст, дзе б выступалі ўсе, хто калісьці ўдзельнічаў у спеўных сходах, і выдаць спеўнікі з тэкстамі народных твораў і фанаграмамі, каб кожны мог заспяваць народную песню дома».

Маргарыта ДЗЯХЦЯР

Загаловак у газеце: Наш космас

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.