Вы тут

У Баранавічах працуе камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання


Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Надзея» стаў прыкладам для іншых гараджан.

«Надзея» дзейнічае ў Баранавічах больш за дзесяць гадоў. Камітэт стварыла група энтузіястаў ва ўсходнім мікрараёне горада. Сёння суб'ект самакіравання аб'ядноўвае 25 дамоў, у якіх пражывае каля 5 тысяч чалавек. Структура мае статус юрыдычнай асобы і, адпаведна, свой рахунак у банку, на які паступаюць грошы, сабраныя жыльцамі, і іншыя сродкі. У мінулыя гады «Надзея» атрымала некалькі грантаў ад міжнародных арганізацый. За час існавання камітэта знешні выгляд дамоў, пад'ездаў, двароў, якія ўваходзяць у суполку, істотна памяняўся. І самае галоўнае, досвед «Надзеі» стаў прыкладам для іншых.


103-га­до­вы дом  па ву­лі­цы Чы­гу­нач­най.

Дружныя жыльцы

Апошнім часам у Баранавічах створаны яшчэ тры падобныя камітэты тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання (КТГС): «Сонечны», «Вясёлкавы», «Дамавічкі». І калі «Надзея» ахапіла фактычна цэлы мікрараён, то іншыя КТГС нашмат меншыя — аб'ядноўваюць дзе два, дзе тры дамы, але іх справы не менш каштоўныя. Больш таго, ёсць прыклады, калі ініцыятыўныя жыльцы не афармлялі арганізацыйна свой орган дамавога самакіравання, але здолелі так паставіць справу, што поспехаў дабіліся несумненных. Здараецца, іх узнагароджваюць рознымі дыпломамі ды каштоўнымі падарункамі. І вывучаюць іх вопыт. Такімі рупліўцамі можна назваць жыльцоў дома №2 па вуліцы Чыгуначнай.

На першы погляд ніколі не скажаш, што названаму дому 103 гады і ён памятае больш за палову гісторыі горада Баранавічы. Цэлае стагоддзе таму дом узвяло чыгуначнае ведамства для сваіх работнікаў. Як расказвалі бацькі Надзеі Сяргееўны Жытко, перад вайной некаторы час дом служыў казармай. А пасля вайны яны і іх равеснікі атрымлівалі тут кватэры. Цяпер тут жывуць іх дзеці-пенсіянеры і ўнукі, якія працуюць у самых розных галінах народнай гаспадаркі. І несумненны іх лідар — Надзея Жытко, у якой ёсць памочніца Лілія Златадрэва.

Жанчыны запрашаюць зайсці ў пад'езд, які ззяе чысцінёй. Лесвічныя пралёты пафарбаваныя ў яркія колеры. Аднастайнасць перабіваюць намаляваныя пад трафарэт кветкі — атрымалася весялей і ярчэй. Тут жа на сцяне пад'езда прымацаваная цэлая галерэя грамат і дыпломаў, якія руплівая грамада атрымала за свае імкненне і ўменне падтрымліваць парадак. Старанныя гаспадынькі ўпрыгожылі памяшканне агульнага карыстання кампазіцыямі са штучных кветак.

Ган­на Мі­хай­ла­ва і Зоя На­цко­віч.

Але ж асаблівая славутасць гэтага дома — двор. І Надзея Сяргееўна, і яе суседка мяне адразу паўшчувалі, што не ў тую пару прыехала: «Ну, хаця б пасля Вялікадня, калі траўка пазелянее, вылезуць першыя кветкі, а малыя архітэктурныя формы пасля зімовага захавання вернем на месцы. Напрыклад, домік Бабы Ягі стаіць, а сама «гераіня» і іншыя атрыбуты зіму перажываюць на гарышчы». Але і без «архітэктуры» на кожным квадратным сантыметры гэтай тэрыторыі адчуваецца руплівая рука яе гаспадароў.

Двор каля дома №2 даволі вялікі. І жыльцы, здаецца, задзейнічалі пад прыгажосць усю плошчу. Пабудавалі з дошак домікі і ветракі, з камянёў ды іншых падручных матэрыялаў зрабілі казачныя кампазіцыі. Так, стары веласіпед пафарбавалі ў залацісты колер і прымацавалі да сцяны, прывязаўшы да багажніка кош, з якім раней хадзілі ў краму. Атрымаўся такі рэтрасюжэт у стылі 60-х. Для белага пластмасавага каня змайстравалі вазок з дошак, пафарбавалі ў сіні колер, са старой мешкавіны зрабілі груз — не пусты ж воз вазіць каню. І адразу кампазіцыя з ветраком ажыла. А ўжо каля доміка Бабы Ягі цэлая кампанія: і драўляны конь з бочкай вады, і каты вучоныя, і вожыкі каменныя, і мядзведзі, якія пілуюць бервяно.

Як прыйдзе вясна, людзей не трэба ўгаворваць выйсці на суботнік. Хто што можа, тое і робіць на агульную карысць. Мастак Сяргей Сталбоў заўсёды нешта малюе, хто ўмее працаваць з дрэвам — робіць новую фігурку. Жыльцоў дома, у якім 10 кватэр, ужо некалькі разоў адзначалі за перамогу ў спаборніцтве па добраўпарадкаванні на гарадскім і абласным узроўнях. А да грамат, як вядома, найчасцей даюцца і прэміі. Дык вось за прэмію 2011 года купілі касілку. Цяпер абкошваць тэрыторыю стала лягчэй. За іншыя прэміі набывалі фарбу і ўсё неабходнае для навядзення парадку.

Ка­ля до­ма па ву­лі­цы Кал­гас­най.

«Ліўнёўка» і дзіцячая пляцоўка

Камітэт тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання «Вясёлкавы» ўтварыўся на вуліцы Калгаснай. У яго ўвайшлі дамы №№74, 76 і 78. Яго кіраўнік Ганна Міхайлава расказала, што раней тут была даволі балоцістая мясцовасць, і шмат гадоў жыльцы пакутавалі ад вады. Нават невялікія дажджы, не кажучы пра вясну-восень, залівалі падвалы, і лужыны доўга стаялі ля самых пад'ездаў. Вось з гэтага пачыналі — сабраліся грамадой і вырашылі правесці «ліўнёўку» ўздоўж дома. Пазней у яе вывелі адлівы з даху. «І адразу якасць жыцця памянялася, — успамінае Ганна Феліксаўна, — пад нагамі стала суха, прапала сырасць у падвале».

Далей — болей. На месцы, дзе раней гаспадарылі машыны, абсталявалі дзіцячую пляцоўку. Паставілі некалькі арэляў, горку, зрабілі пясочніцу. І двор ажыў.

Потым вырашылі палепшыць тэрыторыю кардынальным чынам. Калі дамы так размешчаны, што ў двары сонца бывае толькі пасля абеду, тэрыторыю можна расквеціць жывымі краскамі, — разважылі жанчыны. Гэту работу ўзначаліла Ганна Міхайлава, якая знайшла аднадумцаў. Тэрыторыя вакол тратуараў невялікая, але і яе спрэс засадзілі кветкамі, дэкаратыўным кустоўем, газоннай травой. Цяпер, ранняй вясной, гэта ўявіць не так проста, ды Ганна Феліксаўна паказала летнія фотаздымкі — прыгажосць дый годзе. Сама старшыня камітэта «Вясёлкавы» любіць эксперыментаваць з каменем. Дэкаратыўныя кошыкі з камення ажыўляюць і зімова-вясновыя пейзажы. А коцік, зроблены з двух камянёў, — гэта ўжо аўтарская работа. Матэрыял трывалы, не патрабуе зімовага захавання ў памяшканні, таму вясёлы і прывабны кот сустракае кожнага, хто заходзіць у пад'езд дома №76.

Цікаўлюся, ці часта даводзіцца збіраць з жыльцоў грошы на агульныя справы. Ганна Феліксаўна гаворыць, што збіраюць «па меры патрэбы на самае неабходнае». З тых грошай, што сабралі летась, крыху засталося на насенне кветак. Так што сёлета газоны таксама будуць квітнець. Яшчэ кіраўнік камітэта і яе аднадумца Зоя Нацковіч расказалі, як выхоўваюць маладое пакаленне. Часта ў двор забягаюць дзеці з суседніх дамоў. Жанчыны паспрабавалі прыцягнуць іх да грамадска-карыснай працы. І школьнікі... з задавальненнем сталі дапамагаць. А тыя хлопчыкі і дзяўчаткі, якія нешта зрабілі сваімі рукамі, ламаць і псаваць гэта ніколі не будуць — перакананыя жанчыны.

Аляксандр СЕЛІФОНТАЎ, старшыня Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў:

— Гарадскі Савет усяляк падтрымлівае ініцыятыўных гараджан, якія сваімі рукамі паляпшаюць тэрыторыі і тым самым спрыяюць павышэнню якасці жыцця. Мы стараемся іх заахвоціць маральна і матэрыяльна. Гаворка ідзе аб прэміях па выніках спаборніцтваў. Акрамя таго, дапамагаем справай. ЖЭС-7, на тэрыторыі якой знаходзіцца і КТГС «Вясёлкавы», і дом па вуліцы Чыгуначнай, пастаянна аказвае дапамогу ў справе добраўпарадкавання. Камунальнікі, напрыклад, выдзяляюць дэкаратыўныя расліны, вось і летась на вуліцу Калгасную завезлі кустоўе, жыльцы яго пасадзілі. Дапамагаюць транспартам і рабочай сілай.

І названы камітэт, і ўсе іншыя камітэты самакіравання пастаянна ў полі зроку дэпутатаў гарадскога Савета. З пачатку красавіка прайшлі сустрэчы дэпутацкіх груп па тэрытарыяльнай прыкмеце ў ЖЭСах. Разам з камунальнікамі, прадстаўнікамі іншых службаў яны намецілі планы сустрэч з выбаршчыкамі. Ставіцца задача прыцягнуць як мага больш людзей да самастойнага прыняцця рашэнняў па добраўпарадкаванні сваіх тэрыторый.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Парадаваць саміх сябе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».