Вы тут

Еўропа вывучыць наш вопыт


У сталіцы ў маі рыхтуецца канферэнцыя па лініі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы.

Пра гэта расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Аляксандр ПАПКОЎ. На канферэнцыю, акрамя замежных гасцей, плануюць запрасіць навукоўцаў і прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, каб разгледзець актуальныя праблемы на месцах.


Таксама ў Мінску гэтай вясной плануюць правесці пасяджэнне Бюро Канферэнцыі мясцовых і рэгіянальных улад Усходняга партнёрства, у якой інтарэсы Беларусі Аляксандр Папкоў прадстаўляе разам са старшынёй Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Васілём Панасюком і старшынёй Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімірам Цярэнцьевым. Сярод пытанняў, якія будуць абмяркоўвацца падчас сустрэчы, — укараненне энергаэфектыўных тэхналогій і развіццё тэрыторый, пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Дарэчы, да кастрычніка гэтага года Беларусь з'яўляецца сустаршынёй у гэтай Канферэнцыі.

Па словах Аляксандра Папкова, у нас ёсць усе элементы мясцовага кіравання і самакіравання, уласцівыя Еўропе. Мы таксама вывучаем еўрапейскі вопыт, напрыклад, па стварэнні новых працоўных месцаў і арганізацыі турызму.

Цяпер адна з праблем, з якой сутыкаецца эканоміка на мясцовым узроўні, — фарміраванне такога ВУП, якога хапала б на вырашэнне ўсіх пытанняў. «Мы павінны думаць, якім чынам павышаць заработныя платы, пенсійнае забеспячэнне, ствараць новыя працоўныя месцы, паляпшаць сацыяльнае асяроддзе ў тым ці іншым рэгіёне. Але гэта мы можам зрабіць толькі тады, калі скаардынуем нашы намаганні».

Дарэчы, тэмай наступнага пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі стане ўцягненне ў гаспадарчы абарот камунальнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ці выкарыстоўваецца неэфектыўна. Як гэта працуе, разгледзяць на прыкладзе Мінскага і, магчыма, Дзяржынскага раёнаў.

Адной з тэм для абмеркавання стане пытанне, у якой меры сучаснае заканадаўства спрыяе развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы ў раёнах. «Мы праводзім гэтую работу, каб вывучыць, наколькі сёння дастаткова нарматыўных дакументаў. Мы можам дапрацоўваць нашу заканадаўчую аснову для вырашэння пэўных пытанняў, каб ствараць умовы для малога, сярэдняга і буйнога бізнесу», — сказаў Аляксандр Папкоў.

Іншая праблема мясцовых Саветаў — недахоп матэрыяльных сродкаў. «Гэта насамрэч так. Бюджэтныя сродкі загадзя запланаваны на рашэнне пэўных задач, у тым ліку на выплату заработнай платы. А ёсць пытанні, якія трэба вырашаць кожны дзень. На жаль, сёння дзяржава не можа адкрыць усе «куфэркі». Мы будзем разглядаць летам на прыкладзе Магілёўскай вобласці, якім чынам нам зарабляць грошы на месцах, якія ствараць для гэтага ўмовы».

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.