Вы тут

Чаму здараюцца няшчасныя выпадкі падчас працы кранаў?


Без вежавых, маставых, казловых кранаў цяпер немагчыма уявіць ніводныя буйныя пагрузачныя і будаўнічыя работы. Ды вось толькі на тэхніку бяспекі пры гэтым зважаюць не заўжды. «Кранападу», на шчасце, у Беларусі няма. Але няшчасныя выпадкі і надзвычайныя здарэнні падчас працы гэтых механізмаў усё ж здараюцца.

Што становіцца іх прычынай? І як папярэдзіць ігнараванне інструкцый? Аб гэтым карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з начальнікам упраўлення нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў Дзяржпрамнагляда Пятром Клімко.


Зачапіўся круком за провад з токам

Няшчасны выпадак адбыўся летась. На чыгуначнай станцыі «Клімавічы» аўтакран грузіў цэглу. Машыніст аўтакрана рухаўся на іншае месца яго ўстаноўкі, не апусціўшы стралу. Ён вырашыў сэканоміць некалькі хвілін на прасцейшую маніпуляцыю. Пры гэтым інструкцыя рэгламентуе, што перасоўвацца аўтакран мусіць толькі з апушчанай стралой. Машыніст патрабаванне праігнараваў, і... крукі стропаў стралы зачапіліся за паветраную лінію электраперадачы. Кіроўца тут жа атрымаў паражэнне токам.

Наступнае здарэнне адбылося ў Віцебску. Там рамантавалася адна з кацельняў. На будаўнічую пляцоўку прыгналі аўтамабільны кран. Ён мусіў дэмантаваць стары комін. Але скончылася ўсё тым, што кран страціў устойлівасць і перакуліўся. Здавалася, як жа такое магло здарыцца са шматтоннай махінай? Падчас разбору сітуацыі высветлілася, што пад задняй левай апорай крана прасеў грунт. Да таго ж сам кран працаваў з істотнай перагрузкай. Але гэта прычыны тэхнічнага характару. Так бы мовіць, вынік памылковых арганізацыйных дзеянняў. Яны суправаджалі працэс ад самага пачатку і, наслаіўшыся адно на адно, аўтаматычна прывялі да таго, што адбылося. Няправільна выбралі пляцоўку для размяшчэння і ўстаноўкі крана. Падчас складання тэхналагічнай схемы апускання дэмантаванага коміну дапушчаны памылкі. Калі ўжо кран пачаў працаваць, то ў частцы выбару рэжыму работы быў няправільна настроены абмежавальнік грузапад'ёмнасці.

Чытаеш сухія радкі справаздачы і задаешся пытаннем: як можна было дапусціць столькі памылак на адным участку работы? Добра яшчэ, што і машыніст аўтакрана не пацярпеў, і перакуленым кранам нікога з людзей не зачапіла.

Яшчэ адна няштатная сітуацыя, гэтым разам ужо з казловым кранам, адбылася на ўчастку перагрузкі кантэйнераў філіяла «Белтрансгрузлагістык» Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі. Машыніст крана перамяшчаў адзін з кантэйнераў, і ў нейкі момант нешта адбылося з мостам крана. Ён дэфармаваўся, і шматтонны кантэйнер імгненна апусціўся на зямлю.

Па гэтым факце распачалося расследаванне. Яно і паказала, што тэхнічнай прычынай здарэння стала наяўнасць асаблівасцяў канструкцыі і тэхналогіі вырабу металаканструкцыі моста крана. Звышнарматыўныя значэнні цвёрдасці сталі ў лакальных кропках былі перавышаны. Як следства, пластычнасць металу стала вельмі нізкай. У зварных злучэннях крана з'явіліся трэшчыны, якія пачалі распаўсюджвацца з лавінападобнай хуткасцю. Яны распаўсюдзіліся і на канструкцыю самога моста.

Яшчэ адно здарэнне з выкарыстаннем крана летась адбылося на будоўлі шматпавярховага дома ў Мазыры. Праўда, дакладней будзе сказаць, што здарылася гэта падчас мантажу вежавага пад'ёмніка. Невядома чаму страла крана задзёрлася ўгору. У выніку істотна пацярпеў сам агрэгат. У яго пагнулася секцыя, а супрацьвага стралы была дэфармавана.

Прафілактыка — перш за ўсё

Кожны інцыдэнт з выкарыстаннем кранаў у любым разе цягне за сабой выдаткі. У лепшым выпадку гэта прастой тэхнікі і яе рамонт, які можа выліцца ў вельмі кругленькую суму. У найгоршым — церпяць людзі. І таму адзінае выйсце для таго, каб мінімізаваць наступствы надзвычайнага выпадку, — гэта яго прафілактыка. Як жа займаюцца гэтым спецыялісты Дзяржпрамнагляда?

— Пасля кожнага надзвычайнага выпадку і інцыдэнту мы рыхтуем адмысловы інфармацыйны ліст, — расказвае Пётр Клімко. — Ён накіроўваецца ў адпаведныя міністэрствы і ведамствы, а таксама суб'екты гаспадарання. У гэтых лістах мы ўказваем на неабходнасць выканання машыністамі грузапад'ёмных кранаў, стропальшчыкамі патрабаванняў правілаў па забеспячэнні прамысловай бяспекі грузапад'ёмных кранаў і іншых тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, якія рэгламентуюць сферу вытворчасці і ўстаноўкі стралавых самаходных кранаў для выканання работ паблізу катлаванаў, ліній электраперадачы, у абмежаваных умовах.

Мы адзначаем недапушчальнасць прызначэння спецыялістамі, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку працэдуру павышэння кваліфікацыі, допуску неспецыялістаў да выканання работ па страпоўцы грузаў.

Таксама падчас прафілактыкі мы звяртаем асаблівую ўвагу на неабходнасць распрацоўкі суб'ектамі прамысловай бяспекі палажэння аб парадку арганізацыі і ажыццяўлення вытворчага кантролю ў галіне прамысловай бяспекі, а таксама стварэння структурнага падраздзялення, адказнага за ажыццяўленне вытворчага кантролю. Гэтыя патрабаванні прад'яўляюцца ў адпаведнасці з артыкулам 29 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб прамысловай бяспецы».

У пачатку сакавіка ў Мінску прайшоў адмысловы семінар, падчас якога абмяркоўваліся актуальныя пытанні дзяржаўнага нагляду за бяспекай пад'ёмных збудаванняў і атракцыёнаў. Акрамя тэарэтычных ведаў, спецыялісты адпрацавалі праверку спраўнасці прыбораў і прылад бяспекі грузапад'ёмных кранаў.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

schklennik@zviazda.by

Фота прадастаўлена Дзяржпрамнаглядам

Загаловак у газеце: Не стой пад стралой

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.