Вы тут

Найвышэйшая канстытуцыйная каштоўнасць — чалавек


Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь устаноўлена, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з'яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі і законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.


Накіраванасць дзяржаўнай дзейнасці на забеспячэнне і абарону правоў і свабод чалавека і грамадзяніна з'яўляецца адным з важных прынцыпаў прававой дзяржавы. Абавязак дзяржавы забяспечваць і абараняць правы і свабоды чалавека замацаваны ў многіх артыкулах Асноўнага Закона і адрасаваны ўсім галінам дзяржаўнай улады. Пры гэтым адным з найбольш дзейсных сродкаў абароны правоў і свабод асобы з'яўляецца судовая абарона, якая гарантуецца артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму. У Рэспубліцы Беларусь судовая абарона правоў і свабод грамадзян забяспечваецца судамі агульнай юрысдыкцыі і Канстытуцыйным Судом, які згодна з Канстытуцыяй ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве.

З палажэнняў Канстытуцыі вынікае, што судовая абарона правоў і свабод гарантуецца кожнаму, а гэта азначае адсутнасць якіх-небудзь абмежаванняў кола асоб, якія прэтэндуюць на такую абарону. Канстытуцыйныя нормы не змяшчаюць таксама абмежаванняў у правах і свабодах, якія падлягаюць судовай абароне, у сувязі з чым судовай абароне падлягаюць правы і свабоды асобы незалежна ад таго, замацаваны яны ў Канстытуцыі, законах або прадугледжаны міжнароднымі абавязацельствамі краіны. Такім чынам, права на судовую абарону можа быць выкарыстана грамадзянінам ва ўсіх выпадках, калі парушаюцца ці аспрэчваюцца яго правы.

Выкладзенае сведчыць аб прававой і фактычнай каштоўнасці права на судовую абарону, паколькі дазваляе грамадзянам рэалізаваць іншыя канстытуцыйныя правы, а ў выпадку неабходнасці атрымаць абарону парушаных правоў, свабод і ахоўваемых законам інтарэсаў.

Адным з найважнейшых складнікаў права на судовую абарону з'яўляецца даступнасць правасуддзя, сутнасць якой заключаецца ў адсутнасці неабгрунтаваных прававых і практычных перашкод для звароту ў суд, разгляду і вырашэння спраў. У выпадку, калі нормы закона перашкаджаюць рэалізацыі права на судовую абарону ў поўным аб'ёме, спрацоўваюць механізмы канстытуцыйнага кантролю, якія забяспечваюць законнасць як у праватворчасці, так і ў правапрымяненні.

Так, у прынятым Канстытуцыйным Судом рашэнні «Аб праве на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб» звернута ўвага на тое, што асоба, указаная ў акце праверкі падатковага органа як асоба, якая дапусціла сваімі дзеяннямі (бяздзейнасцю) парушэнне падатковага заканадаўства, але спыніла працоўныя адносіны з арганізацыяй-даўжніком, у адпаведнасці з Падатковым кодэксам права на абскарджанне такога рашэння не мае.

Разам з тым згодна з Канстытуцыяй дзяржава абавязана забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйнага права на зварот у дзяржаўныя органы (артыкул 40) і доступ да правасуддзя кожнай асобе (артыкул 60), чые правы і законныя інтарэсы якой закранаюцца рашэннямі падатковых органаў, дзеяннямі (бяздзейнасцю) іх службовых асоб.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што дзеючае прававое рэгуляванне не можа быць прызнана дастатковым для забеспячэння поўнай і эфектыўнай судовай абароны правоў і свабод як неабходнага элемента канстытуцыйна-прававога рэжыму, заснаванага на прынцыпах вяршэнства права і прававой дзяржавы. У сувязі з гэтым было прызнана неабходным устараненне заканадаўцам указанага прабелу ў рэгуляванні права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб шляхам унясення ў Падатковы кодэкс змяненняў, якія прадугледжваюць права кожнай асобы на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб, калі, па меркаванні асобы, такія рашэнні, дзеянні або бяздзейнасць парушаюць яе правы і законныя інтарэсы.

Гэтае рашэнне Канстытуцыйнага Суда выканана заканадаўцам шляхам выкладання артыкула 85 Падатковага кодэкса ў новай рэдакцыі, што ўлічвае прававую пазіцыю Канстытуцыйнага Суда.

У заключэнне важна адзначыць, што Канстытуцыя — Асноўны Закон, які не толькі замацоўвае нормы, па якіх дзяржава і грамадства жывуць у цяперашні час, але і вызначае шляхі развіцця Рэспублікі Беларусь на доўгатэрміновую перспектыву як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, у якой чалавек — найвышэйшая каштоўнасць грамадства і дзяржавы.

Тадэуш ВАРАНОВІЧ, суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».