Вы тут

ГЭТА САПРАЎДНАЯ СУСТРЭЧА АКЦЁРА І ГЛЕДАЧА, ЯКАЯ НІКОЛІ НЕ ПАЎТАРАЕЦЦА


Спектакль «Карчмарка» паводле Карла Гальдоні з’явіўся ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага. У якасці рэжысёра-пастаноўшчыка быў запрошаны рэжысёр з Вероны Матэа Сп’яцы, якога гледачы ведаюць па спектаклі «Viva Commedia. Італьянскі рэжысёр разважае пра новы спектакль, тэатр і яго значэнне для сучаснага чалавека.

— З чаго пачалося ваша супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатрам імя Горкага?

— Супрацоўніцтва з тэатрам у Мінску пачалося некалькі гадоў таму, калі мне прапанавалі правесці ў Беларускай акадэміі мастацтваў майстар-клас, які прадугледжвае невялікае паказальнае выступленне ў стылі традыцыйнай камедыі дэль артэ. Майстар-клас наведаў мастацкі кіраўнік Горкаўскага тэатра Сяргей Кавальчык. Пасля выступу мы пагутарылі і абмеркавалі ідэю пастаноўкі на сцэне гэтага тэатра спектакля «Viva Commedia!» па п’есе драматурга Рыкарда Піпі. У верасні 2014 года гэтую ідэю ажыццявілі. Падчас пастановачнага працэсу мы, я б сказаў, кінулі некалькі выклікаў традыцыям.

Тэксту ў акцёраў не было,  Рыкарда ствараў яго адмыслова пад кожнага на рэпетыцыях, таму драматургія нараджалася літаральна на сцэнічнай пляцоўцы. Але галоўным выклікам былі маскі. Бо спектакль грунтуецца на імправізацыі. Спачатку,

вядома, былі некаторыя складанасці ў працы і пастаноўшчыкаў, і акцёраў, але яны тычыліся хутчэй слоўніка і метадалогіі.

Для акцёраў гэта было нешта вельмі новае і незвычайнае, таму спачатку яны былі крыху ў разгубленасці. Але ў выніку ўсё атрымалася, і, мне здаецца, спектакль падабаецца і выканаўцам, і гледачам. Я таксама атрымаў задавальненне ад працы, і з акцёрамі ўсталяваліся добрыя адносіны. Таму прапанаваў кіраўніцтву тэатра зрабіць яшчэ адзін сумесны спектакль.

— Ці можна назваць тэатр дэль артэ народным?

— Я б сказаў, гэта адзін з відаў народнага тэатра. Традыцыя камедыі дэль артэ калісьці перапынілася, але ў ХХ стагоддзі цікавасць да гэтага жанру вярнулася. Эстэтыкай камедыі дэль артэ цікавіліся рэжысёры Дарыё Фо, Жак Капо, Жан-Луі Баро. У адрозненне ад метаду Станіслаўскага, які прадугледжвае пэўную навуковасць, камедыя дэль артэ — гэта тая праца, якая, вобразна кажучы, вывучаецца ў краме, яна вельмі рамесніцкая. У нас, безумоўна, ёсць асновы, пэўныя тэхнікі працы з маскамі. У спектаклі «Viva Commedia!» нейкія тэхнікі мы змянілі, нешта выкарыстоўвалі па-іншаму, і гэта было цікава. Я сам веру ў эвалюцыю ў працы з маскамі. І працягну пошук у гэтым кірунку ў наступнай пастаноўцы, якую мяне запрасілі ажыццявіць у Беларускім тэатры лялек. Аднак мяркую выкарыстоўваць маскі не з камедыі дэль артэ, а больш сучасныя, гэта будзе эксперымент.

— Чым для вас была цікавая праца над пастаноўкай Гальдоні?

— Праца над «Карчмаркай» Карла Гальдоні — гэта не камедыя дэль артэ, бо ў нас маецца тэкст п’есы. Дарэчы, менавіта Гальдоні правёў тэатральную рэформу ў італьянскай драматургіі, сутнасць якой — у замене шаблонных чатырох масак рэальнымі характарамі, менавіта ён пачаў ствараць італьянскія п’есы з цудоўнымі тэкстамі.

Мы імкнуліся выкарыстаць розныя цікавыя магчымасці для пастаноўкі дадзенай п’есы. Рабілі тэкст метатэатральным — такі «тэатр у тэатры». Мы размаўлялі і разважалі пра гэта разам з акцёрамі. Мой тэатр грунтуецца на акцёры. Мне нецікава рабіць нейкі рэвалюцыйны зрэз для пастаноўкі ці нешта аўтарскае, асобасна-асаблівае. Мяне цікавіць у першую чаргу мастацтва і

майстэрства акцёраў, адносіны, якія ў іх усталёўваюцца з гледачом, розныя магчымасці, якія з’яўляюцца ў акцёраў на сцэне. Мы пагуляем з гэтымі магчымасцямі.

Чаму трэба ставіць сёння «Карчмарку»? Які сэнс вяртацца зноў да гэтага тэксту Гальдоні? У 1970-х п’еса, сапраўды, вярнулася ў моду, калі быў выбух сексуальнай рэвалюцыі, менш глабальнай, чым французская рэвалюцыя, але тым не менш… У Гальдоні не мужчына, а жанчына ў цэнтры апавядання — супярэчлівая, шматгранная, схільная да запалу і сумневаў, яна зусім не станоўчы персанаж, і гэта адна з самых цікавых тэм у п’есе. А калі вы перасоўваеце акцэнт на пэўную тэму ў п’есе, можаце зусім па-іншаму інтэрпрэтаваць тэкст.

— У чым, на вашу думку, актуальнасць тэатра сёння?

— Гэта тое пытанне, якое я задаю сабе перыядычна. Адказ вельмі цікава, на мой погляд, паўстае ў пастаноўцы бразільскага рэжысёра Крысціян Жатахі ў яе спектаклі «Тры сястры» паводле Чэхава. Гэтая праца мяне ўзрушыла з-за сваёй аўтэнтычнасці, з-за адносінаў акцёр — глядач, з-за таго, што я адчуваў, калі прысутнічаў на спектаклі. Таксама рэжысёр проста перавярнула маё ўяўленне пра адносіны паміж сучаснымі тэхналогіямі і сцэнай. Дзеянне п’есы Чэхава яна пераносіць у Бразілію ў цяперашні час. Гледачоў запрашаюць на дзень нараджэння Ірыны, прапануючы танец і прыцягваючы прама на сцэну, руйнуючы так званую «чацвёртую сцяну». Нягледзячы на такі інтэрактыў, пастаноўка строга вартая канве твора. Паралельна ідзе пастаянная здымка таго, што адбываецца на сцэне, паколькі п’еса прапануецца гледачам у тэатральным і кінематаграфічным фарматах. У кіназале, якая знаходзіцца побач з тэатральнай, іншыя гледачы глядзяць фільм пра тое, як ствараецца непасрэдна зараз дзеянне на сцэне. Але яны бачаць ужо зусім іншы спектакль. Потым публіка мяняецца месцамі, і спектакль граецца яшчэ раз, дарэчы, вельмі класнымі акцёрамі.

Зразумела, што ў нашым жыцці актыўна пануе інтэрнэт. Дастаткова ўключыць камп’ютар, каб перагледзець фільм ці якое-небудзь шоу. Чаму нейкі чалавек павінен падняцца з канапы, сабрацца і ў снег і мароз ісці на спектакль? Ёсць вельмі тонкі момант, уласцівы тэатру, — тое, чаго няма ні ў кіно, ні ў інтэрнэце... Гэта сапраўдная сустрэча акцёра і гледача, якая ніколі не паўтараецца. І таму мы звярнуліся да «Карчмаркі». І таму мы хацелі ў гэтую пастаноўку ўвесці і гледача, і рэжысёра, спрабуючы стварыць у спектаклі цесны кантакт з публікай. Напэўна, нехта прыйдзе, каб атрымаць асалоду ад камедыі Гальдоні. Будуць і такія гледачы, якія атрымаюць задавальненне ад самога тэатра і ад таго, што адбываецца ў гэтай тэатральнай сям’і. Але будуць і тыя, якія ацэняць складанасць і далікатнасць нашага мастацтва. Можа быць, сярод іх знойдзецца той, хто зразумее, наколькі важнае гэтае мастацтва пры ўсёй яго лёгкасці і эфемернасці. Адчуе: нельга паўтарыць тое, што мы робім тут і цяпер, таму што заўтра той жа спектакль будзе зусім іншым, таму ён ніколі не бывае аднолькавым.

— Якія яшчэ рэжысёры, аўтары, спектаклі вас здзівілі? Чые творы вы хацелі б паставіць?

— Вельмі шмат розных рэчаў я бачу на тэатральным біенале ў Венецыі. Але не заўсёды тое, што праглядаю, падабаецца. Я жудасны глядач, таму што мне складана прыходзіць у тэатр, глядзець і не працаваць. Напэўна, для мяне спектакль добры, калі я забываю, што я рэжысёр, і магу атрымаць асалоду ад пастаноўкі як звычайны глядач. З аўтараў мне вельмі падабаецца Луіджы Пірандэла, цікава папрацаваць з яго драматургіяй і паставіць што-небудзь з яго твораў. З задавальненнем чытаю рускія тэксты. У іх мяне ўвесь час нешта здзіўляе і захапляе. Напрыклад, нядаўна для сябе адкрыў Леаніда Андрэева (у нас ён практычна невядомы). Было б добра зрабіць якую-небудзь сучасную пастаноўку, напрыклад, па яго творы «Жыццё чалавека». У сучасных італьянскіх аўтараў прыцягваюць незвычайныя тэксты Летыцыі Русо: яна не ставіць знакаў прыпынку і, у адрозненне ад драматургаў, якія робяць мноства заўваг рэжысёру, яна, наадварот, усе пазнакі прыбірае, для яе значэнне мае толькі слова. Тэкст такім чынам атрымлівае шмат магчымасцяў для цікавага ўвасаблення на сцэне.

Аднак, мне здаецца, зараз не такі добры перыяд для італьянскіх драматургаў. І рэжысёрскі тэатр, я б сказаў, у нейкім сэнсе ў крызісе. Бо мы не абавязаныя ўвесь час уступаць у супрацьдзеянне з тым, што раней лічылася правільным, сёння мы можам пабачыць вельмі шмат спектакляў анамальных, у параўнанні з класічнымі. Але насамрэч я не ведаю, ці так дрэнна, што няма нейкіх арыенціраў. Цяпер усе пастаноўкі маюць даволі рухомую форму. Магчыма, мы перажываем перыяд, калі тэатр змяняецца: форма, манера, узаемадзеянне з гледачом.

Вольга САВІЦКАЯ.

Загаловак у газеце: Матэа СП’ЯЦЫ: "ГЭТА САПРАЎДНАЯ СУСТРЭЧА АКЦЁРА І ГЛЕДАЧА, ЯКАЯ НІКОЛІ НЕ ПАЎТАРАЕЦЦА"

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.