Вы тут

Не ганіце тату «ў нянькі»!


Апошнім часам зноў актыўна загаварылі пра «дзіцячыя адпачынкі» татаў! Цудоўную ідэю — далучыць мужчын да высакароднай справы выхавання дзяцей самага ранняга ўзросту — можна сапсаваць прымусам. Ініцыятыва на гэты конт лунае ў паветры з мінулага года. Калі яе прыняць на заканадаўчым узроўні як абавязковую меру, добра не вывучыўшы, не ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць», неўзабаве вылезе з дзясятак хвастоў. Як не раз ужо бывала. Скажуць: не пралічылі, не прадугледзелі, не прынялі да ўвагі. І пойдуць валам скаргі, пачнуцца інтэрнэт-акцыі незадаволеных.


А ўсё ж, здавалася б, так проста. Вунь там у іх, на Захадзе, мужчыны ад паліцэйскага да дворніка ходзяць у дэкрэтны водпуск і не наракаюць. На Усходзе наадварот, дзяцей гадуюць толькі жанчыны. А мы недзе пасярэдзіне. І ў добрых сем'ях абое з бацькоў дзеляць цяжар асноўнай сямейнай работы, якая заключаецца ў тым, каб паставіць дзяцей на ногі. Можа, не трэба ім перашкаджаць, ствараючы новыя цяжкасці? Я маю на ўвазе ідэю трэцяга года водпуску па доглядзе дзіцяці, абавязковага для таты. Такая думка не раз агучвалася на розных узроўнях летась, сёлета яна зноў перыядычна ўзнікае ў СМІ.

Але ж у нас ёсць усе магчымасці адправіць татаў у дэкрэт і зараз. Закон гэта дазваляе. Чаму не карыстаюцца такой магчымасцю, правільней сказаць, карыстаецца прыкладна 1 працэнт, — іншае пытанне. Адказ на яго ёсць у кожнай сям'і. І ўжо дакладна не варта гнаць у дзіцячы адпачынак мужчын сілай, альбо законам. Калі ўявіць сабе сям'ю дальнабойшчыка з зарплатай ад 1000 еўра і нянечкі ў дзіцячым садку, якая ледзьве атрымлівае 300 рублёў, альбо праграміста і школьную настаўніцу, то зразумела, што такія таты ў дэкрэт не пойдуць. А калі наадварот, у сям'і мама — праграміст, а тата — школьны настаўнік, яны самі разбяруцца, каму працаваць, а каму даглядаць дзіця. Можа, няньку ноймуць, і дэкрэтны водпуск ім зусім не спатрэбіцца, альбо адправяць у яго дзядулю ці бабулю. Такое права таксама ёсць. Дык у чым праблема? Навошта гарадзіць нейкі заканадаўчы агарод і зноў наступаць на граблі «сырога недапрацаванага дакумента»?

Калі ж самы першы (як заўсёды, ананімны) аўтар праекта дакумента, якога пакуль няма, у глыбіні душы спадзяваўся на эканомію дзяржаўных сродкаў, то ён памыляўся. На першы погляд можа падацца менавіта так: два гады маці будуць атрымліваць дапамогу, а на трэці год таты... не пойдуць у дэкрэт, — наш менталітэт такі. Значыць, сем'і самі знойдуць выйсце, напрыклад, мабілізуюць бабуль-дзядуляў. Але не ва ўсіх ёсць такая магчымасць. Большасць сем'яў будуць вымушаныя аддаваць дзіця ў садок у два гады, і мамы пачнуць бясконца хадзіць на бальнічныя. Дадайце лячэнне, выклік урача, лекі, якія да трох гадоў бясплатныя. Не будзе тут ніякай эканоміі.

Некаторыя таты ўсё ж пойдуць у дэкрэт, у некага, несумненна, атрымаецца. Але хачу закрануць і крыху няёмкую тэму: ёсць катэгорыя мужчын, якім, на жаль, дзіця не даверыш. Я пра тых суб'ектаў, што злоўжываюць алкаголем альбо з галавой акунуліся ў камп'ютарныя гульні. Аднойчы ў бальніцы мая таварышка па палаце дзялілася сваёй бядой. Яе зяць штодня ходзіць на работу, а як толькі прыходзіць дадому — вячэрае і садзіцца за камп'ютар. Увесь клопат пра хатнюю гаспадарку, выхаванне дваіх дзяцей цалкам ляжыць на маці, работніцы дзіцячага садка. Больш за тое, дзеці гледзячы на бацьку, самі прызвычаіліся да камп'ютарных гульняў. Старэйшы, вучань пачатковай школы, зусім не хоча вучыцца. Ні на якія ўгаворы бацька сямейства не рэагуе. Гэта ўжо стала сапраўднай сямейнай драмай. Дык што будзе рабіць такі бацька, калі яму даверыць дзіця? Правільна, сядзець і гуляць большую частку дня. А маці вар'яцець на рабоце ад думак. Хай гэта не вельмі тыповы прыклад. Але ўсё ж.

Са старшынямі сельсаветаў не раз даводзілася гаварыць пра вясковыя сем'і, якія знаходзяцца пад асаблівым наглядам мясцовай улады. Там часта становішча ну зусім на мяжы. Але жанчыны яшчэ сяк-так даглядаюць дзяцей... Ды і многа іншых узнікне нюансаў, якія нельга прадугледзець адным дакументам. Ну, напрыклад, як быць, скажам, з тым бацькам, які плаціць аліменты дзвюм папярэднім жонкам і пойдзе ў дэкрэт з трэцім дзіцем? Ведаю аднаго такога. Будуць вылічваць з дапамогі на новае дзіця? Але пры чым тут дзіця? Значыць, старэйшыя дзеці не атрымаюць дапамогу цэлы год. Ці правільна гэта?

І яшчэ. Прасоўваючы любую новую заканадаўчую ініцыятыву, у нас любяць спасылацца на іх досвед. Скажам, у Швецыі ёсць абавязковы сацыяльны водпуск для бацькоў. Памер дапамогі прывязаны да памеру зарплаты — у іх. А ў нас адзін знаёмы бацька, які працаваў у сістэме інкасацыі, схадзіў тры разы за год на бальнічны з дзіцем. Налета кантракт яму не прадоўжылі. Перш чым прымаць нешта абавязковае, трэба падрыхтаваць грамадскую думку і не толькі бацькоў, але і работадаўцаў. А пакуль лепш актыўна прапагандаваць удзел татаў у выхаванні дзяцей. Як гэта зрабілі нядаўна на Брэсцкім вяслярным канале. Там правялі акцыю «ТатаЗала». У спартыўную залу запрасілі татаў з дзецьмі з навакольнага мікрараёна і правялі для іх вясёлыя і карысныя для здароўя гульні. Мэтай акцыі яе аўтары аб'явілі фарміраванне адказнага бацькоўства. Добрая ідэя і такое ж увасабленне.

Я нічога не сказала пра апошнюю ініцыятыву — даваць вызваленне ад работы татам адразу пасля нараджэння дзіцяці, каб муж мог дапамагаць маладой маці. Цудоўная задумка, калі яна будзе аформленая як права, а не як абавязак.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Колькі працягнецца «мёртвы» сезон?

Што стрымлівае развіццё турыстычна-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал».

Калейдаскоп

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

5 фільмаў супраць сезоннай хандры

Раніца ўжо дыхае ў спіну зімовым холадам.

Грамадства

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Ёсць людзі, якім надзвычай цяжка адмовіцца ад тытуню

Але гэта не азначае, што і спрабаваць не варта.

Грамадства

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Сям'я мінчан пераехала ў вёску і разводзіць ездавых сабак

Ён — былы спартсмен. Яна — гаспадыня чайнай школы.