Вы тут

Як спрацавала летась кардыялагічная служба?


Папуляцыя няўхільна старэе, і летась, паводле прагнозаў дэмографаў, можна было чакаць росту смяротнасці ад сардэчна-сасудзістай паталогіі, аднак пакуль гэтага не адбылося. Імклівае развіццё кардыялагічнай службы ў апошнія гады дазволіла дабіцца зніжэння смяротнасці ад захворванняў сістэмы кровазвароту ва ўсіх рэгіёнах, акрамя, бадай, Магілёўскай вобласці. Разам з тым фактары рызыкі ўзнікнення праблем з сэрцам і сасудамі застаюцца неверагодна распаўсюджанымі, дзякуючы чаму паказчыкі захваральнасці прырастаюць прыкладна на 3-4 працэнта ў год.


 Прафілактыцы сардэчна-сасудзістых захворванняў сёння надаецца такая ўвага, што па ініцыятыве Міністэрства аховы здароўя і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя нядаўна было завершана даследаванне STEPS з удзелам больш як 6 тысяч пацыентаў. Першым крокам праграмы было правядзенне апытання адносна курэння і злоўжывання алкаголем, а таксама асаблівасцей харчавання, другім — уласна абследаванне (рост, вага, талія, біяхімічны аналіз крыві).

— Але і цяпер вядома, што ў нас вельмі высокая распаўсюджанасць біялагічных, сацыяльных фактараў рызыкі ў параўнанні, напрыклад, з Фінляндыяй, — кажа намеснік дырэктара па арганізацыйна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Кардыялогія” Аляксандр ПАЦЭЕЎ. — Вынікі даследавання STEPS дапамогуць сфарміраваць адэкватныя праграмы прафілактыкі. Замежныя калегі, наведваючы нашу краіну, звяртаюць увагу на неверагодна задымленыя кафэ і рэстараны, чаго няма ўжо ў нават у суседняй Расіі. Адзіны станоўчы зрух — крыху палепшылася наша фізічная актыўнасць.

Адных толькі гіпертонікаў у нашай краіне — 1 970 тысяч. Кардыёлагаў пры гэтым  — менш за 700, што гаворыць аб неабходнасці назірання ў першую чаргу ва ўрачоў-тэрапеўтаў і ўчастковых, сярод якіх актыўна праводзяцца спецыяльныя семінары па ўзаемадзеянні з кардыялагічнай службай. Акрамя таго, летась на базе цэнтра “Кардыялогія” пачаў працаваць адукацыйны цэнтр для павышэння кваліфікацыі. 18 медыкаў з рэгіёнаў атрымалі веды па высокіх тэхналогіях у мінулым годзе.

Працуе ў РНПЦ і сімуляцыйны цэнтр, дзе адпрацоўваць навыкі можна на спецыяльных трэнажорах — сімулятарах. Забяспечыў цэнтр “Кардыялогія” і 24 выезды навуковых супрацоўнікаў ў рэгіёны для аказання кансультатыўнай і метадычнай дапамогі.

Фактычна адразу пасля першай перасадкі сэрца ў 2009 годзе пачалася падрыхтоўка па перасадцы комплексу “лёгкае-сэрца”. Вядома, што перасадка комплексаў выклікае больш цяжкасцей, а тут яшчэ і такі спецыфічны, інфіцыраваны орган — лёгкае… Тым не менш, першая такая трансплантацыя летась была паспяхова праведзена. Пацыент назіраецца ў “Кардыялогіі”, яго стан ацэньваецца як здавальняючы. Наогул летась каля 20 чалавек чакалі такой перасадкі, самога сэрца — да 15 пацыентаў. 13 аперацый па перасадцы сэрца былі праведзены замежным грамадзянам.

— План па экспарце паслуг мы выканалі на 129 працэнтаў, — тлумачыць Аляксандр Пацэеў. — Пры плане звыш 1,2 мільёна долараў цэнтр атрымаў звыш 1,5 мільёнаў. У асноўным за кошт правядзення трансплантацый. Звярталіся па такую дапамогу з Украіны, Грузіі, Расіі, Арменіі, Азербайджана. Звычайна такія пацыенты жывуць на тэрыторыі краіны досыць працяглы час або прыязджаюць па выкліку. Беларускія пацыенты застаюцца ў прыярытэце, але трэба разумець, што тут немагчыма некаму штосьці гарантаваць. Для трансплантацыі патрабуецца максімальна сумяшчальны донар, а таму нехта можа чакаць доўга ці не дачакацца наогул, бо размова ідзе аб вельмі сур’ёзнай паталогіі. Каштуе перасадка сэрца для замежніка каля 100 тысяч долараў. 

Летась колькасць кардыялагічных аперацый павялічылася ў параўнанні з годам папярэднім на 4 працэнта. Такое павелічэнне звязваецца спецыялістамі з развіццём магчымасцей і здольнасцей кардыяслужбы. Усяго было зроблена 16 338 аператыўных умяшанняў. На адкрытым сэрцы — амаль 3,5 тысячы аперацый, 1813 — аортакаранарнае шунціраванне, па прычыне набытых парокаў сэрца — 1900. Разам з тым развіваецца і рэнтгенэндаваскулярная хірургія. Інтэрвенцыйныя метады прымяняюцца пры паталогіях з пашкоджаннем клапанаў сэрца. Імплантаваць клапан сёння можна не адкрытым шляхам, а менавіта інтэрвенцыйным, і летась было выканана 9 такіх умяшанняў.

Для лячэння вострага каранарнага сіндрому і прадухілення інфаркту міякарда працягваюць адкрывацца цэнтры на раённым узроўні. Летась такія з’явіліся ў Пінску і Баранавічах. Наогул Брэсцкая вобласць мае ўжо абсалютны доступ да самых сучасных інтэрвенцыйных умяшанняў. Развіваецца і імплантацыя ствалавых клетак, якія замяшчаюць пашкоджаную тканку пры сардэчнай недастатковасці.

Святлана БАРЫСЕНКА

Загаловак у газеце: Больш хворых — больш аперацый

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».