Вы тут

Ромавыя бабы


На пачатку сакавіка сяброўка ездзіла да бацькоў у вёску. «Мама зусім развучылася радавацца, — дзеліцца перажываннямі пасля вяртання. — За адзін дзень мы столькі спраў перарабілі. І памідоры пасеялі на расаду, і ў парніку зямлю перакапалі, і бульбу падрыхтавалі для пасадкі. Нават на кірмаш паспелі завітаць па рознае экзатычнае насенне. Здаецца, што яшчэ для шчасця трэба? Але ж маці, замест таго, каб парадавацца, зноў пачала мітусіцца. Маўляў, столькі спраў, столькі спраў!.. І тое яшчэ не зроблена, і гэта. Яе хваляванне тут жа перадалося і мне. І шчасця ад той расады ды ад насення як і не было. Засталіся незадаволенасць і страх штосьці не паспець».


Пасля размовы з сяброўкай мне чамусьці ўспомнілася леташняя паездка ў Смаленск. Туды на пахаванне дзядзькі з'ехаліся ўсе сваякі. Мы з мужам дабіраліся на цягніку разам з цёткай Жэняй. Апошняя яшчэ не паспела даехаць, а ўжо пачала хвалявацца, як будзе вяртацца назад. Зранку ж прачнулася з першымі пеўнямі, разбудзіла нас за 4 гадзіны да ад'езду цягніка: «Мо, давайце раней выйдзем з дому? Трэба ж гасцінца нейкага сваім пашукаць. Я вось ромавых баб накупляю. Кажуць, што у Смаленску яны вельмі смачныя, такія, як раней пры Саюзе». Цётка Жэня павезла ў Віцебск ажно два пакункі тых баб, «каб усім хапіла». Мы паддаліся ўплыву («як гэта вы з пустымі рукамі вернецеся?») і таксама ўзялі пяць штук. У выніку тыя «бабы» так і ссохлі, бо ніхто з дамашніх іх есці не захацеў.

Да мудраца па параду прыйшоў малады хлапец:

— Мне вельмі падабаецца адна дзяўчына. Але я пакутую цяпер, бо не ведаю, што рабіць: жаніцца ці не?

— Не жаніся.

— Але чаму?!

— Калі б ты і сапраўды хацеў гэтага, не пытаўся б.

Сорамна прызнацца, але яшчэ тры гады таму я таксама ледзь не па кожным пытанні раілася з сяброўкамі: «Як думаеш, ці выходзіць мне замуж за яго?», «Куды мне паехаць у адпачынак?» Замест таго, каб разабрацца ў сабе, пачынала перакладаць адказнасць за прынятае рашэнне на іншых. Штучна ствараць сваё жаданне чужой галавой. Сябры, вядома, не сквапіліся на парады. Маша раіла паляцець на Маёрку, Віталік — у Парыж... І кожны раз я загаралася чужым жаданнем, чужой марай. Рабіла б, пэўна, так і дагэтуль, калі б не адзін, найбольш блізкі, сябар.

Калі я зноў пакутавала ад сумненняў — ехаць мне ў адпачынак на мора ці не — ён раззлаваўся і сказаў: «Ты ж не любіш штучных людзей, штучную ежу, касметыку. Дык чаму вядзешся на штучныя жаданні?» І параіў у моманты сумневаў спыніцца, пераключыць увагу, перачакаць. Дачакацца таго моманту, калі з'явіцца бляск у вачах — во, хачу менавіта гэта. «Прыслухайся да сябе. Бо каб перастаць паддавацца ўплыву, трэба дакладна ведаць, чаго ты хочаш ад сёння, ад заўтра, наогул ад жыцця».

Тры гады таму я ахвяравала свой адпачынак на тое, каб разабрацца ў сабе і сваіх жаданнях. І ніколькі не шкадую пра гэта. Пагадзіцеся, лепш прапусціць адзін адпачынак, чым бясконца залежаць ад чужых эмоцый, жаданняў і мар. І так — штучна — пражыць усё жыццё.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?