Вы тут

Напрыканцы вясны ў сталіцы «ажывуць» казачныя героі


Летась на выставе хэнд-мэйд-герояў з сучасных кніг «Усмешлівыя цуды» набылі другое жыццё Ша-ша з левага чаравіка, незабыўная авечка Адэля... Сёлета, абяцаюць арганізатары, можна будзе пазнаёміцца з Лахнэскай Алены Масла, Снежным чалавекам Эвы Суса і многімі іншымі.


Ле­тась Ша-ша «ажыў» на вы­ста­ве «Усмеш­лі­выя цу­ды».  Сё­ле­та ж, 18—21 кра­са­ві­ка, у Мін­скім тэ­ат­ры ля­лек па­ка­жуць спек­такль па кні­зе Але­ны Маль­чэў­скай «Ша-ша з ле­ва­га ча­ра­ві­ка». Не пра­пус­ці­це!

— Мы стараемся прапаноўваць майстрам як мага больш кніг на роднай мове, — кажа адна з арганізатараў выставы Юлія Кучынская. — Я і сама сёлета буду рабіць беларускамоўнага героя (дастае з сумачкі кнігу Алеся Пісьмянкова «Чаму Вожык не стрыжэцца»). Выбрала менавіта яе, бо, па-першае, мне вершы вельмі спадабаліся. Па-другое, настолькі кранальныя ілюстрацыі. Лапкі і тварык вожыка будуць з пластыку, каркас з дроту і мякенькае цельца. Вельмі хачу падарыць яму такую шубку, якая б здымалася. Адназначна буду рабіць дзве лялькі, бо мой сын вельмі перажывае, калі тое, што я ствараю, не застаецца дома. Так было і з Дзедам Марозам, якога шыла па кнізе «Маленькі Дзед Мароз». Сын не супакоіўся, пакуль я яму такога ж, маленькага, не зрабіла.

З чаго толькі не робяць майстры кніжных герояў: і з воўны, і з тканіны, і з гліны... Палёт фантазіі, адным словам. І творчы падыход ва ўсім.

— Так адна дзяўчына выбрала летась кнігу казак «Сем ружаў». Ніхто да апошняга моманту не ведаў, па якой казцы майстар зробіць ляльку. А яна здзівіла: прынесла цэлую самаробную кнігу з лямцу. Апошняя гарталася і адкрыта была на казцы пра чорную ружу. Такое адчуванне, што галоўныя героі, як быццам, выходзілі з гэтых старонак...

Асноўная «фішка «Усмешлівых цудаў» у тым, што лялькі робяцца менавіта па самых сучасных кнігах.

— Бацькі, як правіла, чытаюць сваім дзецям тое, што ім чыталі ў дзяцінстве. Пра Карлсана, Віні-Пуха... А якасная сучасная літаратура часта сыходзіць з іх поля зроку, — працягвае Юлія. — Наша ж выстава створана ў першую чаргу, каб прыцягнуць увагу менавіта да кніг, якія нядаўна выйшлі ў выдавецтвах. Дзеці і бацькі яшчэ пра іх не ведаюць. Нават спецыялісты часам не ведаюць. Калі ідзеш на кніжны кірмаш, мала можна знайсці прадаўцоў, якія могуць нешта якасна параіць. Мне пашчасціла сустрэць такога прадаўца. І з вельмі многімі цудоўнымі навінкамі я пазнаёмілася толькі дзякуючы яму. На нашай выставе таксама можна будзе зразумець, пра што тая ці іншая кніга. Мы будзем ладзіць экскурсіі для наведвальнікаў, расказваць пра кожнага героя. Будзе таксама магчымасць пагартаць на месцы кожную навінку.

— А як складваецца лёс усмешлівых цудаў пасля выставы? Калі, напрыклад, дзіцяці спадабаецца нейкі кніжны герой, ці змогуць бацькі яго набыць?

— Вельмі многіх герояў потым набываюць, мы ахвотна дзелімся кантактамі майстроў. Апошнія, дарэчы, вельмі часта дораць свае работы аўтарам кніг, арганізатарам выставы. У нас нават з'явілася ідэя ў будучыні стварыць музей усмешлівых цудаў.

Сёлета выстава «Усмешлівыя цуды» пройдзе 19—20 мая пад адкрытым небам у дворыку БНТУ. Сачыце за раскладам фестывалю «Горад і Кнігі». А творчыя мамы могуць яшчэ паспець далучыцца да праекта і зрабіць сваімі рукамі героя па адной з прапанаваных арганізатарамі кніг (спіс глядзіце на сайце бібліятэкі «ЗаЧытанне»).

— У нас сярод майстроў ёсць некалькі творчых тандэмаў: мама з дачкой, мама з сынам, — усміхаецца Юлія Кучынская. — Мой сын мне не дапамагае рабіць лялькі, але ён заўсёды побач, мы разам чытаем гэтыя кнігі. Ён нешта раіць. З уласнага досведу скажу: гэта вельмі збліжае.

Каб дзіця чытала з задавальненнем...

Парады ад Юліі Кучынскай, маці 20-гадовай дачкі і 8-гадовага сына.

1. Штодзень чытаць разам і радавацца

— Самае галоўнае не проста даваць дзіцяці кніжку, а чытаць самому разам з ім. Нават пасля таго, як малы навучыўся рабіць гэта самастойна. І шчыра радавацца. Калі ты не будзеш адчуваць задавальнення ад сумеснага чытання, наўрад ці тваё дзіця палюбіць чытаць.

2. Рабіць сумесныя вылазкі ў бібліятэкі

— Нам з сынам вельмі падабаецца хадзіць у дзіцячую бібліятэку. Там ёсць магчымасць выбраць тыя кнігі, якія спадабаліся, а не тыя, што можаш сабе дазволіць фінансава. Тым больш можна памыліцца з выбарам. Калі ж нам вельмі спадабалася нейкая бібліятэчная кніга, то мы ідзём у кнігарню і набываем сабе такую ж. Каб мець магчымасць да яе вяртацца ў любы момант.

3. Перш чым раіць і крытыкаваць, паспрабуйце зразумець

— Калі мая дачка вучылася ў школе, яна разам са сваімі аднакласнікамі захапілася фэнтэзі. На мой погляд, гэта не самая лепшая літаратура, таму я вельмі перажывала. Тым больш, што яна «глытала» выключна кнігі аднаго жанру. Я пачала крытыкаваць яе інтарэсы, падкладаць іншыя, больш карысныя творы. Але ўсё гэта ні да чаго не прыводзіла. Тады я перастала спрачацца ды крытыкаваць і стала чытаць тое, што чытае дачка. Пасля таго, як яна ўбачыла гэта, стала да мяне прыслухоўвацца. Неяк падчас абмеркавання яе ўлюбёных «Белорскіх хронік» я прапанавала дачцэ звярнуць увагу на фантастыку братоў Стругацкіх. Маўляў, пачытай, можа, ты ацэніш розніцу. Калі ідзеш насустрач і пачынаеш пранікацца інтарэсамі дзіцяці, то ўсё атрымаецца.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Фота Святланы ПЛІНДЫ

Загаловак у газеце: Усмешлівыя цуды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».